beshankovichy.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Бешанковічаў Грамадства

19.12.2013 00:03

3919 праглядаў

0 каментароў

Пераправа праз Заходнюю Дзвіну ў Бешанковічах працуе (фота)

На мінулым тыдні на беразе Заходняй Дзвіны ў раёне паромнай пераправы з’явіўся вагончык. Да вагончыка прымацавана паперка з графікам лодачнай пераправы праз Заходнюю Дзвіну.

Спачатку я прыняў гэту паперку за жарт. Падумалася, што гэта нейкая недарэчнасць: па Дзвіне ідуць ільдзіны, а тут працуе нейкая лодачная пераправа.

Але, калі я завітаў да вагончыка ў час, указаны на паперцы, то ўпэўніўся ў адваротным.

Сапраўды, лодачная пераправа ў Бешанковічах функцыянуе, і штодзень ёй карыстаецца каля 100 чалавек. Такую лічбу мне назвалі лодачнікі, якія абслугоўваюць тую пераправу на маторцы.

То-бок, штодзень яны робяць 20-25 ходак праз Дзвіну, перавозячы за рэйс 4 -5 чалавек і даволі рызыкуючы пры тым.

Даволі вялікія ільдзіны ішлі па рацэ ўвесь мінулы тыдзень, а пераправа ўвесь гэты час функцыянавала. Толькі ў панядзелак 9-га снежня, калі ільдзіны ішлі асабліва шчыльна, лодка на маршрут не выйшла.

Асабліва складана перапраўляцца праз Дзвіну раніцай, а сёмай. На рацэ цемра хоць вока выкалі. На “прычале” няма аніякага асвятлення. Спускаешся вобмацкам да вады, вобмацкам садзішся ў лодку. У лодцы – чатыры ці пяць пасажыраў, а ратавальны круг у лодцы толькі адзін. Індывідуальныя ратавальныя камізэлькі на кожнага чалавека адсутнічаюць.

Хто карыстаецца пераправай? Тыя, хто працуе ў Бешанковічах, а таксама школьнікі. Пасля таго, як сёлета сярэднюю школу ў Навіках зрабілі базавай, чатыры школьнікі з-за Дзвіны пачалі наведваць школу ў Бешанковічах. Усе яны жывуць у прырэчных вёсках: Полькавічах, Бандарэве і на Стрэлцы, і да Бешанковіч ім нашмат бліжэй, чым да тых жа Навікоў, не гаворачы пра Шуміліна.

Г.Станкевіч

Вось такі вагончык на колах стаіць зараз у раёне былой паромнай пераправы. Тут адпачываюць лодачнікі, калі няма працы на перавозе.

На вагончыку прымацаваны графік працы пераправы.

А гэта - "прычал", куды падыходзіць лодка і "трап", якім карыстаюцца пасажыры.

Палова на сёмую. Лодка адчальвае ад берага. Над ракой - цемра.

Знак на месцы прычала, па якім арыентуецца лодачнік, каб трапіць дакладна на прычал.

 

 

 

Апошнія навіны