beshankovichy.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Бешанковічаў Грамадства

26.04.2013 14:34

3364 прагляда

0 каментароў

Габрэйскія могілкі ў Бешанковічах

«На стромкім левым беразе Дзвіны маляўніча раскінулася мястэчка Бешанковічы. Мясцовасць жвавая і гандлёвая дзякуючы таму, што на Дзвіне тут ідзе сплаў. Налічвае яна да 5 000 жыхароў, з якіх 4 000 габрэі.» Так нашу мясцовасць апісвае Язафат Жыскар ў сваёй кнізе «Нашы касцёлы», выдадзенай у Варшаве ў 1910-м годзе.

Сапраўды, статыстычныя звесткі губерняў Расейскай імперыі, якія захаваліся, паказваюць, што пераважная колькасць насельнікаў Бешанковічаў былі габрэі.Адкуль яны ўзяліся на Беларусі, можна даведацца з гістарычных звестак.

У большасці крыніцаў падаецца, што для нашых продкаў у Вялікім Княстве Літоўскім асабліва трагічнай была Трынаццацігадовая вайна з Расеяй (1654–1667), у якой ацалела толькі 45% мяшчанаў. Узніклы вакуум там пачало запаўняць габрэйскае насельніцтва. Згодна ўказу імператрыцы Кацырыны ІІ ад 1791-га года, ім забаранялася жыць за мяжой аседласці. Гэтая мяжа ахоплівала адмыслова агавораныя населеныя пункты гарадскога тыпу (мястэчкі, у сельскай мясцовасці пражыванне таксама не дазвалялася). У XVIII ст. колькасць габрэяў у местах і мястэчках прыкметна ўзрасла. Пераважна габрэйскімі мястэчкі зрабіліся толькі ў XIX ст. у выніку захадаў уладаў Расейскай імперыі, скіраваных на гвалтоўнае высяленне габрэяў з сельскай мясцовасці ў мястэчкі.

У пачатку дваццатага стагоддзя аж да 1941-га году беларускія мястэчкі былі габрэйскімі. Тут яны нараджаліся, жылі і паміралі. Тут, на беларускай зямлі, яны знаходзілі і свой апошні прытулак на габрэйскіх могілках.

Габрэйскія могілкі (іўр. «Бейт альмін», або іўр. «Бейт кварот») — могілкі, на якіх пахаваны габрэі ў адпаведнасці з габрэйскай традыцыяй. Зямля на могілках лічыцца святой. Стварэнне могілак з’яўляецца адным з першых прыярытэтаў для новай габрэйскай абшчыны.

Асноўнае адрозненне паміж хрысціянскімі і габрэйскімі могілкамі зыходзіць з традыцыйнага яўрэйскага прынцыпу «непарушных магіл»: моцы памерлых павінны назаўсёды застацца ў тым месцы, дзе былі аддадзены зямлі. Хрысціянскае разуменне дазваляе парушаць існуючыя пахаванні пасля пэўнага часу для выканання новых пахаванняў. Хрысціянскія могілкі, якія не выкарыстоўваюцца на працягу доўгага часу, могуць быць ліквідаванымі. Згодна з прынцыпам юдаізму кожнае надмагілле і цэлыя могілкі недатыкальныя да таго часу, пакуль вядома пра іх месцазнаходжанне. Да выключэнняў адносяцца выпадкі, калі выконваецца эксгумацыя для пераносу парэшткаў на Святую Зямлю або ў сямейную магілу, для пераносу з негабрэйскіх могілак ці калі могілкам пагражаюць прафанацыя або падмыў вадой.

Найбуйнейшыя яўрэйскія могілкі ў Еўропе можна знайсці ў Будапешце, Лодзі, Празе, Варшаве і Берліне. Падчас Другой сусветнай вайны, габрэйскія могілкі па ўсёй Еўропе былі разбураны і апаганеныя.

Але ж пасля вайны мінула амаль 70 мірных гадоў. І Еўропа свае габрэйскія могілкі даўно прывяла ў належны выгляд. А што творыцца на Бешанковіцкіх габрэйскіх могілках? Яны, данельга занядбаныя, зарослыя лесам і хмызняком, з паваленымі, перакуленымі надмагіллямі паказваюць усё наша дзікунства. Дзікунства гэтай улады. Дзікунства ўсіх грамадзян краіны. Дзікунства самой краіны ў планетарным маштабе.

За савецкімі часамі за некалькі дзесяткаў крокаў ад тых габрэйскіх могілак узвялі сцэну для святочных канцэртаў. Мусіць, калі яе ўзводзілі, могілкі яшчэ добра праглядваліся са сцэны. Цяпер іх закрывае паўвекавы лес.

Некалькі соцен надмагілляў і сосны.

Памяць, якая парасла не травой, а лесам.

Г.Станкевіч.

Апошнія навіны