beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Культура

06.08.2017 07:32

116 просмотров

0 комментариев

500 год беларускай кнізе. 10 наіўных пытанняў пра Скарыну, якія вы баяліся задаць

Паўтысячагоддзя таму, 6 жніўня 1517 года, палачанін Францыск Скарына выдаў у Празе першую беларускую кнігу — Псалтыр. TUT.BY сабраў 10 пытанняў, прысвечаных гэтай падзеі, і паспрабаваў адказаць на іх максімальна проста.

1

Чаму ўсе кажуць пра Біблію Скарыны? Ён жа толькі яе надрукаваў, сапраўды аўтар — Бог і апосталы

Не толькі надрукаваў. Скарына пераклаў святую кнігу, выкарыстоўваючы чэшскую Біблію 1506 года і Вульгату Ераніма (пераклад Бібліі на лацінскую мову, выкананы ў 4-м стагоддзі). У кожнай з кніг ён змясціў аўтарскую прадмову, на палях тлумачыў незразумелыя словы. Упершыню ў кірылічнай традыцыі Скарына ўвёў тытульны ліст, прамежкі паміж словамі, водступы-абзацы, а таксама адмовіўся ад скарачэнняў слоў. У пачатку кожнага раздзела з’явіўся кароткі змест. Такім чынам, перад намі выдавец, перакладчык і інтэрпрэтатар у адной асобе.

2

Скарына адразу надрукаваў усю Біблію пад адной вокладкай?

Не. Палачанін паслядоўна надрукаваў 20 кніг Старога Запавету (таксама называецца лічба ў 23 кнігі калі лічыць кожную кнігу Царстваў паасобку). Іх агульная назва «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко ч(ес)ти и людем посполитным к доброму научению». Большасць з іх былі выдадзены ў 1517−1519 гадах, «Деания и посълания Апостольская» з’явіліся ў 1525-м. Вядома пра існаванне асобных рукапісных кніг Скарыны. Такім чынам, ён, магчыма, пераклаў усе кнігі Бібліі. Або ён не змог іх надрукаваць, або асобнікі не захаваліся.

3

Скарына друкаваў Біблію па-беларуску?

Не зусім. Даследчыкі з розных краін называюць мову яго кніг па-рознаму. Але сэнс адзіны: гэта беларускі ці беларуска-ўкраінскі варыянт (рэдакцыя) царкоўнаславянскай мовы. Самае галоўнае, што Біблію Скарыны могуць зразумець і сучасныя беларусы.

У арыгінале: «Понеже от прирождения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведаюць гнёза своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчёлы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».

Параўнайце пераклад на сучасную літаратурную мову: «Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць».

4

Чаму Скарына пачаў сваю дзейнасць у Празе, а не на радзіме?

Біблія немца Іагана Гутэнберга была надрукавана яшчэ ў першай палове 1450-х гадоў. З таго часу кнігадрукаванне імкліва пашырылася і ахапіла ўсю Заходнюю, Цэнтральную і Паўднёвую Еўропу. Друкарні дзейнічалі ў Італіі (з 1465-га), Швейцарыі (каля 1468-га), Францыі (з 1470-га), Бельгіі і Венгрыі (з 1473-га) і г. д. Выдавецкая справа ў Заходняй Еўропе знаходзілася на досыць высокім узроўні. Там Скарына мог знайсці сабе памочнікаў. А вось ва Усходняй Еўропе ніякіх друкарняў не было. Скарына быў першым. Ужо пасля друкаваныя кнігі з’явіліся ў Літве (1547), Расіі (1564), Украіны (1574).

5

Сярод перакладчыкаў і друкароў Бібліі Скарына які па ліку?

Дакладнай статыстыкі ніхто не складаў. Тут не чэмпіянат па лёгкай атлетыцы. Так, вядома, да Скарыны Біблія ўжо была перакладзена і надрукавана на італьянскай і чэшскай мовах. Дзесьці пераклад адбываўся паралельна, але быў надрукаваны пазней (напрыклад, у Германіі гэтым займаўся знакаміты Марцін Лютэр). У любым выпадку, Скарына знаходзіцца ў групе еўрапейскіх лідараў. А ва Усходняй Еўропе яго першынство абсалютнае.

6

Для каго Скарына друкаваў Біблію?

Яго папярэднікі прызначалі рукапісныя кнігі для патрэб царквы. Скарына першы ў славянскім свеце заявіў пра асветніцкую ролю друкаванай кнігі, якая была патрэбна для авалодвання мудрасцю і навукай. Цікава, што паперы большасці асобнікаў адрозніваліся грубым вырабам і таўшчынёй. Гэта рабілася наўмысна: Скарына імкнуўся зрабіць свае кнігі максімальна таннымі, каб яны былі даступнымі для простых людзей.

7

Які быў наклад Скарынаўскіх выданняў?

Для сённяшніх чытачоў ён падасца невялікім (хоць дакладнай лічбы няма). Наогул, наклад кніг, якія выдаваліся да Скарыны, складаў 200−300 асобнікаў. Маюцца звесткі, што асобныя кнігі, якія выдаў Скарына, мелі да 1,5 тысячы асобнікаў. Таму з яго тыпаграфіі ў Празе выйшла да 10 тысяч кніг.

Але і колькасць насельніцтва ў тыя часы была несупастаўляльная з цяперашняй. Нават у 1650 годзе, праз стагоддзе пасля Скарыны, на тэрыторыі сучаснай Беларусі жылі каля 2,9 мільёна чалавек. Колькасць людзей, якія ўмелі чытаць, была яшчэ меншай. Па падліках нямецкіх навукоўцаў, у першай палове 18 стагоддзя (праз 200 год пасля Скарыны) лічыць умелікаля 35% жыхароў сучаснай Беларусі (а чытаць жа яшчэ складаней, чым лічыць). Кнігі Скарыны былі арыентаваныя на ўсіх адукаваных людзей таго часу.

8

Гаворка пра мізэрную колькасць адукаваных людзей. Кім мы захапляемся?

Але калі б не Скарына, колькасць такіх адукаваных людзей была б яшчэ меншай. Даследчыкі прыводзяцьтакі прыклад. У часы Скарыны адзін з перапісчыкаў, Мацей з Тарапца, перапісваў Біблію пяць гадоў (1502−1507). Памер яго кнігі не на шмат перавышаў аб’ём 23 выданняў Скарыны. За той час, пакуль Мацей перапісаў адну кнігу, Скарына надрукаваў тысячы асобнікаў. Для 16 стагоддзя гэта была сапраўдная рэвалюцыя.

9

Дзе можна ўбачыць кнігі Скарыны?

На дадзены момант у свеце вядома ўсяго 519 асобнікаў кніг Скарыны. 353 з іх знаходзяцца на тэрыторыі Расіі, 47 — ва Украіне, па 28 — у Беларусі і Польшчы, 20 — у Славеніі, 18 — у Даніі, 11 — у Брытаніі і Германіі. Беларускія асобнікі вы можаце ўбачыць у Нацыяльнай бібліятэцы Беларусі, дзе працуе Музей кнігі. Днямі ў Мінску прайшла прэзентацыя кнігі «Сусветная спадчына Францыска Скарыны». У ёй упершыню пад адной вокладкай прадстаўлены ўсе кнігі Скарыны. Прычым, адразу на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай). Зрэшты, асобныя выданні знакамітага палачаніна факсімільна перавыдадзены, таму чытач можа замовіць у бібліятэцы нават тыя выданні, арыгіналы якіх знаходзяцца за мяжой.

10

Што было б, калі б Скарыны не было?

Хутчэй за ўсё, культурнае развіццё сучаснай Беларусі і суседніх краін запаволілася б, як мінімум, на паўстагоддзя. Бо дзейнасць Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца (дзякуючы ім былі надрукаваны першыя кнігі на тэрыторыі Расіі і Украіны), асветнікаў Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага грунтавалася на спадчыне славутага палачаніна. Без Скарыны не з’явіліся б яны.

Так, усе вялікія ідэі лунаюць у паветры. Але вялікі чалавек — той, хто зможа адчуць іх, зразумець і дзякуючы ім змяніць свет і вызначыць яго развіццё на дзесяцігоддзі або нават стагоддзі. 500 гадоў таму ў Францыска Скарыны гэта атрымалася.


https://news.tut.by/culture/554389.html

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст