beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Культура

13.08.2019 15:05

825 просмотров

0 комментариев

Што лучыць Бешанковічы і Слонім — сталіцу сёлетняга свята Кнігі?

Паэты, празаікі, драматургі, выдаўцы і распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі, чытачы 1-га верасня сустрэнуцца падчас 26-га Дня беларускага пісьменства ў Слоніме Гродзенскай вобласці. Старажытны горад на рацэ Шчары вызначаны сталіцай сёлетняга свята Кнігі, дзе будуць падведзены вынікі чарговага рэспубліканскага конкурсу на атрыманне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, чакаецца шмат цікавых мерапрыемстваў.

Для гэтага статусу ў Слоніма ёсць усе падставы: багатая гістарычная і культурна-асветніцкая спадчына, прыкметны ўнёсак гадаванцаў краю ў скарбонку айчыннага пісьменства.

Падчас свята тут урачыста адкрыюць помнік нашаму славутаму земляку – ураджэнцу Астроўна (зараз Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці), канцлеру Вялікага княства Літоўскага і распрацоўшчыку яго Статута Льву Сапегу, які ў XVI стагоддзі быў старастам Слоніма, дамогся для яго магдэбургскага права і зрабіў культурным цэнтрам краю. Адным з аўтараў скульптуры стаў ураджэнец тутэйшай вёскі Чамяры, народны мастак Беларусі Іван Міско.

Са Слонімшчынай звязаны жыццё і творчасць дзяржаўнага дзеяча, кампазітара, пісьменніка і мецэната XVIII ст. Міхала Казіміра Агінскага, аўтара зборніка “Гістарычныя і маральныя аповесці”. Пры ім тут дзейнічала “Сядзіба музаў” – друкарня, оперны тэатр, музычная капэла, балетна-адукацыйная школа для дзяцей прыгонных.

У гісторыю беларускай літаратуры ўпісаны імёны плеяды аўтараў – прадстаўнікоў Слонімшчыны розных пакаленняў. Сярод іх паэты Гальяш Леўчык, Кандрат Лейка, Сяргей Дарожны, Валянцін Таўлай, Мікола Арочка, мовазнаўца і педагог, складальнік самага вялікага абласнога слоўніка беларускай мовы “Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны” Янка Бялькевіч.

Выпускнікі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта 1956 – 1996 гадоў добра памятаюць слонімца Алега Лойку – прафесара беларускай літаратуры, навукоўцу і аўтара 100 кніг, трэць з якіх паэтычныя, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа за раман-эсэ “Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае”, прысвечаны нашаму знакамітаму земляку-палачаніну.

Шмат зрабіў для сваёй малой радзімы вучоны археолаг і краязнавец Язэп Стаброўскі, выпускнік колішняга Полацкага кадэцкага вучылішча, удзельнік Першай сусветнай вайны, заснавальнік Слонімскага краязнаўчага музея, які зараз носіць яго імя.

У літаратурна-асветніцкім кантэксце Слонімшчыну і Віцебшчыну лучаць і іншыя асобы.

У аграгарадку Жыровічы, які стаў цэнтрам турызму нацыянальнага значэння, здавён дзейнічае вядомы праваслаўны манастыр, дзе размясцілася і вышэйшая багаслоўская навучальная ўстанова Беларускай праваслаўнай царквы – Мінская духоўная семінарыя. Тут праляжа прымеркаваны да Дня пісьменства маршрут рэспубліканскай навукова-практычнай экспедыцыі “Дарога да святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподня, адбудзецца міжнародны круглы стол з удзелам беларускіх і замежных літаратараў.

Фота з адчыненых крыніц.

Галіна Шпакоўская

http://vitvesti.by

Последние новости