beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Культура

08.11.2019 13:24

195 просмотров

0 комментариев

Немец прадаў маёмасьць, каб езьдзіць па сьвеце. Што ён пабачыў у Беларусі

Калі Крыстыяну з Бэрліну споўнілася 30 гадоў, ён сабраў заплечнік і рушыў вандраваць. Найперш наведаў усходнеэўрапэйскія краіны. Вынікам свайго вялікага падарожжа хлопец хоча зрабіць праект пра характары народаў, зь якімі ён пазнаёміўся. Якімі ж ён пабачыў беларусаў?

Крыс Сан (Chris Sun) Photo: svaboda.org (RFE/RL)

Жаданьне зрабіць нешта, чаго ніколі не рабіў

Крыс называе сябе ў сеціве Chris Sun (Крыс Сонца). Так яго ведаюць іншыя вандроўнікі і гаспадары, якія прымаюць немца праз плятформу CouchSurfing.

Досыць сьціплы, са стажам у 11 гадоў, з працай, якая яго недастаткова напаўняла, і жаданьнем зрабіць нешта, чаго ніколі раней не рабіў. Такім Крыс быў на пачатку свайго падарожжа.

Праз два гады ён зьмяніўся. Адгадаваў бараду і доўгія валасы. Стаў больш упэўнены і адкрыты да сьвету. Перастаў асуджаць людзей. Адмовіўся ад салодкага, узяў за прывычку рабіць ранішнія практыкаваньні і прымаць халодны душ. Зразумеў, што шчасьце не ў грашах, і адчуў сябе шчасьлівым.

Зьмесьціва заплечніка Крыса

Ягоны заплечнік таксама ўжо іншы: паменшыўся з 60 да 38 літраў. Цяпер важыць 9 кіляграмаў. Зь ім усё тыя самыя рэчы, што і ад пачатку, проста іх стала менш. Пяць маек, дзьве ўрачыстыя кашулі, нагавіцы, цёплы і лёгкі швэдры, запасная пара ботаў, гумовыя шлёпанцы, шорты для басэйна, чатыры наборы сподняга і шкарпэтак, касмэтыка, расчоска, ручнік, ноўтбук, электронная кніга, тэлефон, беларуская шакалядка ў падарунак, бутэлька вады.

«Мы жывём у грамадзтве, арыентаваным на спажываньне»

Празь некалькі месяцаў Крысу споўніцца 33. Добры ўзрост, каб завяршыць падарожжа, асесьці, зноў знайсьці сталую працу, ажаніцца і нарадзіць дзяцей, мяркуе ён. Бо цяпер да гэтага ўжо гатовы.

Але пакуль уся ягоная маёмасьць — гэта заплечнік, пашпарт, розум і свабода, каб рабіць тое, чаго ён хоча. Так ён піша ў сваім профілі на сайце «коўчсэрфэраў».

Вандраваць засталося два месяцы

У кастрычніку-лістападзе Крыс другі раз наведаў Беларусь. Мы сустрэліся ў Горадні, каб пагаварыць пра дарогу і ягонае дасьледаваньне «душы народаў».

За два гады Крыс пабываў у 19 краінах, у некаторых ня раз. Сярод іх шмат былых рэспублік Савецкага Саюзу. За ўсё жыцьцё ён наведаў 60 краін.

У дзяцінстве ён падарожнічаў толькі з бацькамі і недалёка.

Урэшце ён захацеў лепш пазнаць сябе і свае памкненьні. Першапачаткова самотнае падарожжа плянавалася на 3-4 месяцы. Але зацягнулася. За гэты час хлопец 6 разоў заяжджаў да бацькоў на сьвяты.

Захацеў лепш пазнаць сябе і выправіўся ў шлях

Крыс тлумачыць, што вандраваць становіцца ўсё больш папулярным. Сустракаў на сваім шляху самых розных падарожнікаў, як ён сам: 52-гадовага калюмбійца, 45-гадовага мэксыканца, 51-гадовую францужанку.

«Людзі па нечым сумуюць. Мы страчваем нашы каштоўнасьці, нашу ідэнтычнасьць, добрыя рэчы, якія мы маглі б зрабіць, нашых сяброў. Мы жывём у грамадзтве, арыентаваным на спажываньне. Мы думаем, што мы ўсё можам купіць. Людзі думаюць, што яны будуць шчасьлівымі, але гэтае шчасьце ня доўжыцца доўга», — так Крыс тлумачыць тое, што прымушае людзей выпраўляцца ў дарогу.

10 тысяч эўра на год

Ён ня хоча называць суму, якую меў з сабой у пачатку шляху, бо «ня гэта галоўнае». Важна тое, як траціць грошы. За два гады ягоныя выдаткі паменшыліся ўдвая: з 50 да 25 эўра за дзень у сярэднім. Гэта значыць, на год цяпер трэба 9-10 тысяч эўра.

Крыс шукае шчасьце ў простым

«Я люблю простае. Гэта была адна з мэтаў падарожжа — знайсьці шчасьце ў простым. Для мяне нармальна спаць на аўтобуснай станцыі, у гостэле. Я магу параўнаць. Я ведаю, што значыць спыняцца ў дарагіх гатэлях, ганяць на прыгожых машынах. Я больш шчасьлівы цяпер, чым я быў раней, калі меў гэта ўсё. У Нямеччыне рэчы занадта камфортныя, але колькі ў гэтым жыцьця?», — кажа Крыс.

— Што робіць цябе шчасьлівым?

— Супольнасьць, зносіны зь людзьмі. Таму я падарожнічаю па былых краінах СССР, бо спадзяюся тут знайсьці больш супольнасьцяў, дзе людзі падтрымліваюць адно аднаго. Яшчэ мяне робіць шчасьлівым сонца, прыгожыя віды, прырода.

Робіць шчасьлівым сонца

У Беларусі яму блізкая архітэктура. Хлопец нарадзіўся ў савецкай частцы Бэрліна. Таму кажа, што калі бачыць архітэктуру савецкіх часоў, то нібыта вяртаецца ў дзяцінства.

Да таго ж вандраваць тут таньней, чым па Літве або Латвіі, ня кажучы пра Швайцарыю.

Стварае базу дадзеных розных народаў

Падчас падарожжа малады немец дасьледуе культуру кожнага народу. Перад пачаткам вандроўкі ён ня здолеў знайсьці патрэбную інфармацыю.

«Лягчэй прачытаць, што зьесьці, або якія канцэрты наведаць. Але вельмі цяжка знайсьці, як беларусы думаюць, якія ў іх каштоўнасьці, як яны камунікуюць паміж сабой, якая ў іх мова цела, якія традыцыі важныя, што іх натхняе рабіць тое, што яны робяць, да чаго яны імкнуцца», — расказвае суразмоўца.

Пра гэта ён распытвае мясцовых жыхароў пры дапамозе разгорнутай анкеты, якую сам распрацаваў.

У выніку вандроўнік хоча стварыць базу дадзеных розных народаў у сеціве. Плянуе, што інфармацыя на сайце будзе бясплатнай. Манэтызаваць праект ён сьвядома ня хоча, каб вярнуць нешта добрае грамадзтву ад сябе.

«Культуры адкрытыя. Нам варта абʼядноўвацца, замест таго, каб шукаць адрозьненьні», — перакананы дасьледчык.

Параўнаньне розных культур дапамагло яму самому стаць больш шчасьлівым. Прыкладам, ён зразумеў, што не заўжды немцы маюць рацыю ў тым, што падпарадкоўваюцца ўсім правілам.

«Беларусы ганарацца сваёй краінай»

Ён яшчэ не сфармаваў цэльнага погляду на Беларусь, але падзяліўся назіраньнямі.

На думку Крыса, беларусы выглядаюць вельмі прыязнымі, усьміхаюцца і заўважаюць адзін аднаго. У іншых краінах, асабліва ў вялікіх сталіцах, людзі занятыя сабой, сваімі рэчамі, сваім тэлефонам, мала глядзяць вакол сябе.

Беларусы вельмі прыязныя, на думку Крыса

Другое, што зачапіла яго ўвагу, — у Беларусі людзі ганарацца сваёй краінай.

«Я быў ва Ўкраіне, Расеі, Грузіі, Армэніі. Калі людзі даведваліся, што я зь Нямеччыны, казалі: „О, я хачу туды паехаць, я хачу выехаць са сваёй краіны“. Калі тут размаўляю зь людзьмі, яны кажуць: „Я люблю Беларусь“», — кажа Крыс.

Ён думае, што ў той жа час беларусы могуць выглядаць сумнымі з прычыны эканамічных абмежаваньняў, бо ў іх менш магчымасьцяў, чым у багацейшых краінах. Напрыклад, беларускі дыплём аб адукацыі не прызнаецца за межамі краіны, або людзі ня могуць сабе дазволіць шмат падарожнічаць.

Крыс хацеў бы наведаць Беларусь яшчэ раз.

Крыс лічыць, што Беларусь пакуль досыць аўтэнтычная краіна

«Чым менш турыстаў, тым больш арыгінальныя людзі. Яшчэ 10 гадоў таму Тайлянд быў больш арыгінальнай краінай. Цяпер яна турыстычна арыентаваная, як тэатар для турыста», — мяркуе вандроўнік.

Адносіны ў дарозе становяцца больш інтэнсіўнымі

Хлопец расказвае, што стасункі ў дарозе адрозьніваюцца ад звычайных. Усё разьвіваецца інтэнсіўней — і сяброўства, і рамантычныя адносіны.

«Тое, што ў Бэрліне я мог перажыць за тры месяцы, тут адбываецца за тыдзень. У падарожжы няма раскошы часу. Я вельмі хутка адкрываюся. Я паказаў табе ўсё зьмесьціва свайго заплечніка, разам з бруднымі рэчамі. Я лёгка пераходжу з павярхоўнай гутаркі на больш глыбокія тэмы. Я магу сказаць чалавеку, якога сустрэў пяць хвілін таму, пра свае страхі або іншыя моцныя пачуцьці», — тлумачыць Крыс.

У дарозе ўсе адносіны больш інтэнсіўныя

Жонку ён яшчэ сабе не знайшоў, хоць ведае пра семʼі, якія пазнаёміліся падчас падарожжаў.

Што тычыцца старых сяброў, якія засталіся дома, то іх можна падзяліць на дзьве групы. Кантакты з тымі, з кім абʼядноўвалі толькі агульныя справы, праца, зьніклі. Больш глыбокія стасункі зь людзьмі, зь якімі раней абмяркоўвалі ідэі, сурʼёзныя тэмы, захаваліся.

«Я цяпер вярнуся ў Бэрлін, і будзе так, быццам мы не расставаліся з гэтымі людзьмі. Мы сябруем 15 гадоў. Што ў параўнаньні з гэтым нейкія два гады?» — усьміхаецца хлопец.

Дарога зьмяніла ягонае стаўленьне да жыцьця.

«Я вырашыў, што маё жыцьцё добрае»

«Я кожны дзень выбіраю, што ўсё, што здарыцца, будзе жыцьцёвым досьведам. Усё адбываецца зь нейкай прычыны. Я вырашыў, што маё жыцьцё добрае. Я амаль пазбавіўся страху таго, што чакаюць ад мяне іншыя. Я не злуюся, бо бачу, што ўсё мае сваю прычыну», — кажа Крыс.

Ён прызнаецца, што перастаў баяцца.

«Я магу баяцца, што не знайду добрую працу і мне давядзецца мыць прыбіральні. Значыць, гэта будзе частка майго жыцьцёвага досьведу. У мяне быў шанец падарожнічаць; будзе час на тое, каб патрываць», — разважае хлопец.

Ён ня ўпэўнены, што падарожжы — гэта шлях да шчасьця для кожнага.

«Я б параіў людзям рабіць тое, чаго яны хочуць і чаго баяцца: ці то падарожнічаць, ці то пераехаць у іншую краіну», — кажа Крыс.

https://www.svaboda.org/a/chris-sun/30254352.html

Последние новости