beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Культура

27.11.2020 05:17

490 просмотров

0 комментариев

«Дзе мой край?» Верш, які пра нас (відэа)

Сярод духоўнай спадчыны, якую нам пакінуў вялікі Уладзімір Караткевіч, асаблівае месца належыць вершу «Дзе мой край?» Паслухайце яго як песню ў цудоўным выкананні Змітра Вайцюшкевіча.

Дзе мой край?

Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзьвіною, нібы карабель...

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб'ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Што сляпым?

Нават мёртвым успомню высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны, і неба - разлівы ільноў.

Дзе мой край?

Там, дзе людзі ніколі ня будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч.

Дзе мой край?

Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты.

А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціньнем і добрае сонца ўгары.

Там звіняць неўміручыя песьні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Ты - наш край.

Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх зьнічак густых фасфарычная раць,

Ты - наш сьцяг, што нікому, нікому на сьвеце,

Не дамо абсьмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй ральлёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,

Так,

Ніколі ня кінем,

Ня кінем,

Ня кінем цябе.


https://www.youtube.com/watch?v=rbtb2Nz1BwU&fbclid=IwAR08wHxsXdbbv4guO8XnTkvacJkZmdn10KPvFzdl4HxiR6ZpK2-svy7YPZw

Последние новости