beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Культура

12.03.2021 20:08

319 просмотров

0 комментариев

Перліны Брэсцкай вобласці. Гайд па палацах

Эпідэмічная сітуацыя парушыла турыстычныя планы, а таму многія беларусы сёлета шукаюць альтэрнатыву ў межах краіны. З гэтай нагоды «Будзьма» ладзіць адмысловы гайд па палацах. Гэтым разам пазнаёмімся з палацамі Брэсцкай вобласці.


Фото: Instagram, Юрий Баженов

Палац Пуслоўскіх

Косава. Адзін з найбольш вядомых і нетыповых палацаў знаходзіцца ў месцах, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. На працягу сваёй гісторыі Косава належала розным беларускім радам: Храптовічам, Сапегам, Чартарыйскім і іншым. У ХІХ стагоддзі гаспадарыць тут граф Пуслоўскі, які і распачаў будаўніцтва вялізарнага палаца на 132 памяшканні.

У Косаўскім палацу бывала мноства знакамітых асоб, сярод якіх: мастак і кампазітар Напалеон Орда, пісьменніца Элаіза Ажэшка, беларускі дзеяч і прэм’ер БНР Вацлаў Ластоўскі, нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Генрых Сінкевіч, кіраўнік Польшчы Юзаф Пілсудскі ды многія іншыя.

У канцы ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў палац змяніў шмат гаспадароў. Падчас Першай сусветнай вайны ён быў разрабаваны, а яго багатыя калекцыі і каштоўнасці былі скрадзены ды вывезеныя. У міжваенны перыяд тут размяшчаліся адміністрацыя староства Косаўскага павета і вучылішча. У 1944 годзе партызаны спалілі палац, гэтаксама як і дом Касцюшкі, што нанесла яму найбольшую шкоду за ўсю гісторыю. Толькі ў 2007 годзе пачаліся рэстаўрацыйныя працы.

Палац Бутрымовічаў

Пінск. Пінскі палац быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі для вядомага дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, старосты Мацея Бутрымовіча. Сімвалічна, што першы камень падмурка нібы заклаў сам Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пазней палацам валодалі Орды і Скірмунты (дачка Мацея выйшла замуж за Міхася Орду, а яе дачка за Аляксандра Cкірмунта). Некаторы час у палацы жыў славуты мастак і кампазітар Напалеон Орда.

Фота: wikimedia.org

У пачатку ХХ стагоддзя палац адпісалі каталіцкаму біскупству і ён служыў рэзідэнцыяй епіскапа. Пад час Першай сусветнай вайны калекцыі палаца былі разрабаваныя. За савецкімі часамі тут размяшчаліся тыпаграфія, кінатэатр і дом піянераў. У 2009 годзе палац Бутрымовічаў рэстаўравалі, цяпер тут палац шлюбу і музей Палесся.

Палац Катлубаяў

Фота: wikimedia.org

Ястрамбель. У ХІХ стагоддзі вёска перайшла да шляхціца Міхаіла Катлубая (незвычайнае прозвішча звязана з татарскімі каранямі), дзе ўжо яго старэйшы сын Эдвард узвёў палац надзвычай нетыповага выгляду. Апошнім прадстаўніком рода, які валодаў палацам, быў Зыгмунт Катлубай. Як гэта часта бывала, за савецкімі часамі палац спачатку разрабавалі, а пазней зрабілі ў ім дзіцячы інтэрнат, які праіснаваў тут да 1990-х гадоў.

Палац Пузынаў

Фота: wikimedia.org

Грымяча. Палац у стылі позняга класіцызму ў вёсцы Грымяча належаў роду Пузынаў, а ягонае будаўніцтва адносіцца да ХІХ стагоддзя. Яго апошнім уладальнікам быў Юзаф Пузына — выпскнік швейцарскага ўніверсітэта, служачы Міністэрства замежных спраў Польшчы, а таксама даследчык, пісьменнік і мемуарыст. У 1933 годзе Пузына прадаў палац польскім каланістам-перасяленцам. За савецкімі часамі у быдынку працавалі школа і дзіцячы лагер.

Палац Швыкоўскіх

Фота: planetabelarus.by

Пружаны. Сядзіба і паркавы ансамбль у Пружанах адносіцца да ХІХ стагоддзя і звязаныя з імём Валенція Швыкоўскага — маршалкам пружанскім. За дапамогу (зброяй, лекамі, грашыма і інш.) удзельнікам паўстання 1863-1864 гадоў, палац быў канфіскаваны ў Швыкоўскага расейскімі ўладамі, а ён сам мусіў эміграваць у Заходнюю Еўропу. Пазней палац змяніў яшчэ некалькі ўладальнікаў.

У ХХ стагоддзі ў палацы размяшчаліся спачатку павятовае староства, генеральскі штаб і інтэрнат афіцэраў, а пасля інтэрнат вушылішча, аграбіастанцыя, дзіцячы садок і стаматалагічная лякарня.

Палац Навіцкіх

Фото: realt.onliner.by

Савейкі. Акрамя сядзібы ХІХ стагоддзя, у вёсцы Савейкі захаваліся гаспадарчыя пабудовы і бровар. Уладальнікамі маёнтка з’яўляліся Чапскія, Бенінгсаны, Незабытоўскія, Рдултоўскія, ды Навіцкія (з 1860-х да 1939 года). Да Другой сусветнай вайны ў палацы месціўся музей фаўны (на той час самы вялікі з прыватныхьмузеяў Польшчы).

За савецкімі часамі ў комплексе размяшчаліся шпіталь, летнік, санаторый. Тэрыторыя сядзібы сёння выглядае надзвычай маляўніча і атмасферна: занядбаныя і парослыя раслінамі вялікі палац, аўтэнтычны бровар і мноства савецкіх скульптурных кампазіцый.

https://www.nv-online.info/2021/03/12/perliny-brjesckaj-voblasci-gajd-pa-palacah.html

Последние новости