beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

22.01.2017 11:41

2064 просмотра

17 комментариев

Конкурс «Настаўнік года — 2016»: якім будзе заўтрашні дзень нашай школы

У суботу 21-га студзеня ў бешанковіцкай гімназіі настаўнікі падвялі вынікі конкурсу «Настаўнік года — 2016». Былі вызначаны чатыры пераможцы, якія будуць прадстаўляць наш раён на абласным этапе конкурсу.

Удзельнікі конкурсу дзяліліся сваімі методыкамі і дасягненнямі, распавядалі пра інавацыйныя тэхналогіі і прымяненне камп’ютараў у навучанні, пра праблемы навучання і выхавання. Яны расказвалі аб сваім бачанні дня сённяшняга і дня заўтрашняга.

Але я хачу тут распавесці пра іншае. З 14-ці выступоўцаў толькі тры настаўніцы беларускай мовы ды адна настаўніца пачатковай сельскай школы прамаўлялі на беларускай мове. І выступ гэтай настаўніцы знайшоў водгук у маёй душы. Бо яна распавяла, што ёйным дзеткам у школе, якія прыходзяць сюды пасля дзіцячага садка, навучанне беларускай мове даецца вельмі цяжка , і ёй прыходзіцца прыбягаць да розных хітрыкаў, каб яны неяк засвоілі тое ці іншае роднае слова.

Магу засведчыць з уласнага вопыту, што сённяшнія школьнікі, нават у школах з беларускай мовай навучання, не ведаюць беларускай мовы і, за рэдкім выключэннем, не могуць звязаць на ёй пары слоў. Напрыклад, калі я прамаўляю слова «сумленны», яны заўжды перапытваюць: а гэта што, «сумны»? І праз два ці тры ўрокі ўсё роўна не ведаюць значэння гэтага слова. Мае трэцякласнікі не ведаюць словаў «столь», «шкарпэткі», "прыбіральня" і г. д. А пра «аловак» перапытваюць: «Гэта — карандаш ці не?»

Далей — болей. У старэйшых класах пры чытанні мастацкай літаратуры літаральна ў кожным сказе вучням не зразумелыя тыя ці іншыя словы. Фактычна яны не могуць чытаць мастацкую літаратуру без беларуска-рускага слоўніка. Дык яны яе проста не чытаюць. Ведаю, што многія настаўнікі беларускай мовы «рэкамендуюць» сваім вучням чытаць творы беларускіх пісьменнікаў ... у перакладзе на рускую мову.

Мы знішчылі беларускую мову ў школах. Няма яе і ў дзіцячых садках. І зараз грамадству і дзяржаве патрэбна рабіць вялізныя высілкі, каб спыніць працэс вынішчэння і распачаць карпатлівую стваральную працу.

Што, будзем чакаць адпаведнага прэзідэнцкага ўказа, ці мо апярэдзім яго на год-другі, і распачнём гэту працу ўжо сёння? Тым больш, што настаўнікі-прадметнікі, якія валодаюць мовай, яшчэ не адышлі ў лепшы свет. Пасля закрыцця беларускамоўных сельскіх школ у нашым раёне яны ўладкоўваюцца хто куды.

Гадоў праз 10 нам прыйдзецца спачатку рыхтаваць такіх педагогаў, а ўжо потым распачынаць беларусізацыю нашай школы. Але ж прыйдзецца! Іншага шляху ў незалежнай Беларусі проста няма.

Г.Станкевіч

Последние новости