beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

12.09.2017 07:20

111 просмотров

0 комментариев

Як у 63-гадовым узросце абганяць сваіх студэнтаў на трасе паўмарафона

У Мінску прайшоў Паўмарафон-2017. Ён адзначыўся не толькі перамогамі і радасцю, але і казусамі. Многія «атлеты» беглі «па разнарадцы», некаторыя ўдзельнікі скардзіліся на тое, што не спрацоўвалі чыпы і блытаніну ва ўзроставых катэгорыях. А жыхару Асіповічаў памылкова прысудзілі першае месца на дыстанцыі 10,55 км. «Пераможца» нават паспеў засвяціцца ў тэлевізары са спічам і перадаў прывітанне родным Асіповічам.


Фота Еўрарадыё

Павел Міхнюк, 28 гадоў. Дыстанцыя 10,55 км. Час — 33:42

Але справядлівасць узяла сваё! І лепшы час — 33:42 — на дыстанцыі 10,55 км паказаў мінчанін Павел Міхнюк. Павел служыць у Спартыўным камітэце Узброеных сіл і займаецца ваенным пяцібор’ем. Бегам захапіўся ў сёмым класе. 10 кіламетраў для яго — звычайная зарадка. Павел кажа, што ў нядзелю быў... не ў лепшай форме.

Павел Міхнюк. Фота Еўрарадыё

«Бегаю па два разы на дзень. Раніцай зарадка альбо трэніроўка кіламетраў дзесяць. Удзень прабягаю прыкладна 25 кіламетраў. Рэдка раблю адну трэніроўку ці адпачываю ад бегу. Пазалетась на Універсіядзе я стаў трэцім з вынікам 30:25 — гэта быў бег на дарожцы. Вынікі павінны расці, і, думаю, гэта не максімум. Тое, што я выйграў, гэта для мяне не зусім важна. Важнейшае было тое, з кім я спаборнічаў. За мной былі вельмі моцныя атлеты. Тыя жа Сяргей Платонаў і Ігар Цецерукоў — гэта майстры спорту і дзеючыя спартсмены. Гэта надало мне ўпэўненасці. Я разумею, што не ў самай лепшай форме, але вынік добры, а мэты самыя высокія. Кепскі той салдат, які не марыць стаць генералам».

Павел Міхнюк прызнаўся Еўрарадыё, што ставіць мэтай выступіць на Алімпійскіх гульнях.

Васіль Лябецкі. 68 гадоў. Дыстанцыя 21,1 км. Час — 01:36:55

Пераможцам на дыстанцыі 21,1 км ў катэгорыі «Мужчыны 70+» стаў жыхар Маладзечна Васіль Лябецкі. Праўда, Васілю Антонавічу толькі 68 гадоў. Затое 50 з іх ён, машыніст па прафесіі, бегае! Сёлетні марафон для яго пятнадцаты!

Васіль Лябецкі. Фота: kraj.by

«Я бегаю з арміі, а потым бег стаў жыццёвай неабходнасцю. Я ніколі не імкнуўся да вынікаў, бо я ж не прафесійны бягун, аматар. Вынікі неяк самі сабой атрымліваліся. Дыстанцыі бегаю ўсе: ад пяці кіламетраў да марафону. Сёлета для мяне паўмарафон стаў пятнаццатым стартам. Сем гадоў таму я пайшоў на пенсію, і з’явілася магчымасць ездзіць на спаборніцтвы, таму што спецыфіка працы мне не дазваляла ўдзельнічаць у прабегах. Але спартыўную форму я падтрымліваў заўсёды. Калі рыхтуюся да прабегу, то бегаю два дні праз адзін і прабягаю не менш за 15 км. А ў выхадныя займаюся доўгімі трэніроўкамі. У год я прабягаю 3–3,5 тысячы кіламетраў. Сёлета я бягу трэці круг вакол зямнога шара».

Харчуецца Васіль Антонавіч звычайна. Калі рыхтуецца да паўмарафону, то «налягае» на бялкі і вугляводы, у іншыя дні ўжывае разнастайную ежу:

«Бег сказваецца суперстаноўча на маім здароўі. Мне 68 гадоў, а я адчуваю сябе на 50! Хачу бегаць да 80-ці».

Алена Цухло. 63 гады. Дыстанцыя 21,1 км. Час — 01:48:39

Дыстанцыю 21,1 км сярод жанчын узростам 60-69 выйграла знакамітая бягуха Алена Цухло — першая пераможца кубка Савецкага Саюза па марафонскім бегу. Алена Васілеўна бегае з 1970 года, з 10-га класа. Паступіла ў Лінгвістычны інстытут і патрапіла ў зборную па лёгкай атлетыцы Савецкага Саюза. Цяпер працуе на кафедры лёгкай атлетыкі ва ўніверсітэце фізкультуры і выступае за клуб аматарскага бегу «Аматар».

Алена Цухло. Фота: klbamatar.by

«Так, я абганяла сваіх студэнтаў, бо мала хто рашыўся бегчы 21 км, у асноўным беглі на карацейшыя дыстанцыі. Але, ведаеце, я ўсё ж майстар спорту міжнароднага класу. У свой час вельмі паспяхова бегала марафоны. Я была другой на такійскім марафоне, першай — на венскім, практычна ўсе марафоны ў Польшчы выігрывала. А цяпер я аматар. Але па выхадных бегаю кросы, тры разы на тыдзень хаджу ў трэнажорны зал, раз на тыдзень наведваю саўну і басейн. Учора памерала ціск пасля дыстанцыі: 120 на 80!»

https://euroradio.fm

1 оценка 5.0

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст