beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

11.07.2019 13:18

359 просмотров

0 комментариев

Чвэрць стагоддзя ва ўладзе. Што прынесла нам і нашай краіне эпоха Лукашэнкі?

Эпоха Лукашэнкі: чвэрць стагоддзя таму прыйшоў і дагэтуль застаецца ў прэзідэнцкім фатэлі. Кожныя 5 год Цэнтрвыбаркам рапартуе пра ягоную перамогу на выбарах, але іх вынікі не прызнае апазіцыя і міжнародная супольнасць. За 25 гадоў у краіне змяняліся цэны, самыя грошы, міністры... Стабільным застаецца, бадай, адно — уладаранне Лукашэнкі. Што яно прынесла нам і нашай краіне?

82 % ад ліку тых, хто прагаласаваў у другім туры, і 56 % ад агульнай лічбы выбарцаў. Ашаламляльная перамога Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе адбылася на фоне расчаравання беларусаў у Перабудове.

«Адразу я галасаваў безумоўна за Пазняка, але ён не выйграў. Засталіся толькі Кебіч і Лукашэнка».

«Я першы раз галасавала за яго. Але апошнія двое выбараў не галасавала за яго, і зноў не прагаласую, калі будзе кандыдатам», — кажуць жыхары Менску.

Да 2005 года Валавы ўнутраны прадукт краіны падвоіўся і сягнуў 30 мільярдаў долараў. Паралельна імкліва будавалася сістэма адміністратыўнага кіравання эканомікаю, падтрымлівала якую расейская нафта і субсідыі.

Яраслаў Раманчук, эканаміст, экс-кандыдат на прэзідэнта:

«Калі б у гэтым пункце Лукашэнка зразумеў, што тыя рэсурсы, якія ён выкарыстоўваў, вычарпаныя, трэба ісці інакш, рабіць прыватызацыю, эканамічную дэмакратыю, тады было б супер! Ён на ТОПе прадаў бы шмат чаго, была б устойлівая сітуацыя з дзяржаўнымі фінансамі, пенсійным фондам».

Але ў апошнія 12 гадоў эканоміка застаецца нерэфармаванаю. Пасля шэрагу крызісаў і двух дэвальвацыяў, свайго ўздыму ВУП дасягнуў у 2014 годзе. У наступныя чатыры — краіна згубіла каля 40 % гэтага выніку, і патроіла спіс стратных прадпрыемстваў.

«Ёсць Лукашэнка і невялічкая група людзей, большасць якіх не мае аніякага досведу ведаў у галіне эканомікі і сістэмных рэформаў, але яны на жаль маюць велізарны ўплыў на эканамічную палітыку. І вось у нас мадэль паміж ваенным камунізмам, саўковым сацыялізмам і наменклатурным раздаўбайствам», — тлумачыць Яраслаў Раманчук, эканаміст, экс-кандыдат на прэзідэнта.

Развітваючыся з малой радзімаю ў 94-ым, Лукашэнка дапускаў «...раптам не атрымаецца...». Але незалежна ад паказнікаў кіраўнік ва ўладзе цягам пяці тэрмінаў. У выніку трох рэферэндумаў, якія праводзіліся са шматлікімі парушэннямі, Лукашэнка замацаваў права балатавацца зноў і зноў, а таксама змяніў дзяржаўную сімволіку і надаў расейскай мове статус другой дзяржаўнай.

«Тое што здарылася... Пачвара і ёсць пачвара».

«Першыя 2 тэрміны я яго падтрымліваў і лічу, што ён шмат зрабіў для нашай краіны, а потым яго пачало заносіць, як любога чалавека, які доўга ва ўладзе», — гавораць жыхары Менску.

Манаполія ў банках, энергетычнай і пенсійнай сістэмах. У кадравай сістэме — нязменны кіраўнік сам прызначае міністраў і дырэктараў. Узначальвае кампанію па змаганні з карупцыяй.

Наменклатура і сілавыя органы паступова ўвялі сістэму кантралявання беларусаў, сімвалам якой сталася так званая база дармаедаў — незанятых у эканоміцы грамадзянаў. З такімі напрацаўкамі краіна набліжаецца да чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Будзе Лукашэнка балатавацца сам ці мае пераемніка?

«Аляксандру Рыгоравічу трэба перадаваць уладу, калі ён яшчэ здольны яе кантраляваць», — лічыць палітолаг Сяргей Нікалюк.

Гэтак напярэдадні зрабіў ягоны калега па Мытным звязе і Адзінай эканамічнай прасторы Нурсултан Назарбаеў. Колькасць тэрмінаў ва ўладзе яны мелі роўную, але перавагаю Аляксандра Лукашэнкі застаецца ягоны ўзрост.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: Witold Skotnicki / Forum

https://belsat.eu

Последние новости