beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

10.08.2019 13:24

187 просмотров

0 комментариев

«У Беларусі на працу хадзіла як на катаргу. У Нямеччыне іду на працу з задавальненьнем»

Юлія Бірукова адпрацавала па разьмеркаваньні гінэколягам у беларускай паліклініцы тры гады і сышла ў дэкрэт. А потым вырашыла зьмяніць жыцьцё і пераехаць будаваць кар’еру лекаркі ў Нямеччыне. Сёлета вярнулася ў Беларусь па мужа і дзяцей, каб забраць іх з сабой у Нямеччыну.

Юлія Бірукова

«За пяць гадоў у дэкрэце я забыла ўсё пра мэдыцыну»

«На першым курсе ў мяне нават думкі не было, што пасьля інстытуту я на два з паловай гады пакіну дзяцей і мужа тут і паеду працаваць у Нямеччыну», — кажа 34-гадовая Юлія Бірукова.

Родам Юлія з райцэнтру Талачына. Паступіла ў Віцебскі мэдыцынскі ўнівэрсытэт. Выйшла замуж. Адпрацавала па разьмеркаваньні гінэколягам у паліклініцы. Сышла ў дэкрэтны на пяць гадоў. Такая перадгісторыя шляху Юліі да пераезду ў Нямеччыну.

«Пяць гадоў я была ў дэкрэтным адпачынку — нічога не чытала, не разьвівалася ў мэдыцыне. Толькі дзіцячыя цацкі, пампэрсы, хваробы. Муж быў адзінай крыніцай сувязі са зьнешнім сьветам», — распавядае жанчына.

З мужам яны пазнаёміліся ва ўнівэрсытэце. Пажаніліся пасьля шостага курсу і пераехалі ў Магілёў. Там муж Юліі працаваў у абласным шпіталі лекарам-флэболягам (сасудзістым хірургам).

«Часам я так стамлялася ад дэкрэтнага, казала яму: «Хачу хутчэй на працу». Але муж распавядаў, што ў мэдыцыне ўсё толькі горш. Заробкі не растуць. У лякарнях – набор найпрасьцейшых мэдыкамэнтаў. Усё астатняе лекар мусіць купляць за свае грошы».

«Чаму яны зьяжджаюць, а мы сядзім?»

Бліжэй да канца дэкрэту Юлія з жахам уяўляла, як вернецца на працу ў паліклініку.

«Вялікі паток людзей. У дзень — па 30 чалавек. У гадзіну — 4 пацыенты. На аднаго адведзена ўсяго 15 хвілін. Талёнаў не хапае. Часам не было часу папіць гарбаты і схадзіць у прыбіральню. А калі ідзеш на свой законны абед, усе абураюцца: куды гэта вы пайшлі?» — узгадвае Юлія.

Заробак у паліклініцы — каля 200 эўра. Цяпер у Нямеччыне яна зарабляе амаль у 12 разоў больш.

«Розьніца ж ня толькі ў заробку. Ва ўсім. У Беларусі ты ганяеш пацыентаў па кабінэтах: ідзіце на УГД (ультрагукавую дыягностыку), аналізы, а потым паспрабуйце яшчэ ўзяць талёнчык да мяне і вярнуцца. У Нямеччыне правіла такое: чалавек павінен сыходзіць ад лекара ўжо з вырашанай праблемай. Яго не ганяюць па дадатковых кабінэтах. Лекар сам бярэ аналізы, ставіць катэтэры ў вену, робіць УГД. Для гэтага ёсьць усё абсталяваньне».

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Місія «Паліклініка». Свабода выпусьціла вэб-гульню пра беларускую паліклініку

У нейкі момант дэкрэтнага Юлія заўважыла тэндэнцыю: кожны тыдзень яе муж вяртаўся з працы і распавядаў, што чарговы яго калега зьехаў зь Беларусі. «А памятаеш таго доктара? Зьехаў у Ірляндыю! Нікому не сказаў. Прыйшоў на яго месца хлопец — зьехаў у Нямеччыну. А яшчэ адзін зьехаў у Чэхію».

«Я думаю: чаму яны зьяжджаюць, а мы сядзім?»

«Калі зьяжджала ў Нямеччыну, малодшай дачцэ было 2,5 года»

Тады разам з мужам Юлія вырашыла паспрабаваць паехаць у Нямеччыну па праграме для лекараў зь Беларусі, Расеі, Украіны і Казахстану — German Doctor Exchange. Прыватная кампанія дапамагае з усімі дакумэнтамі, адкрывае візу, забясьпечвае жыльлё, мабільны тэлефон, курсы нямецкай і мэдыцыны. Штомесячная стыпэндыя — 350 эўра.

Паслугі фірмы абыходзяцца ў 40 000 эўра. На імя ўдзельніка праграмы фірма бярэ крэдыт у банку як паручальнік. Калі чалавек у выніку атрымлівае працу ў Нямеччыне, то штомесяц выплачвае фірме крэдыт на 40 000 эўра.

«Мы хацелі, каб на праграму прайшоў муж і паехаў у Нямеччыну. А я б потым далучылася зь дзецьмі. Але пасьля гутаркі ў Маскве фірма вырашыла так: мяне запрашаюць, а мужа — не. Давялося ехаць».

Юля працуе ў маленькай клініцы. На год — усяго 400 родаў.

Набор Юліі па гэтай праграме, праўда, стаў апошнім у 2017-м годзе. Потым праграму закрылі. На канец 2017-га сумарны доўг German Doctor Exchange склаў больш за 2 мільёны эўра. А ў сьнежні 2018 году фірма звольніла супрацоўнікаў і закрыла праект.

«Так, пра фірму было шмат нэгатыўнай інфармацыі. Але хто не рызыкуе, той ня п'е шампанскага. Калі я зьяжджала ў Нямеччыну, маёй малодшай дачцэ было 2,5 года. Цяпер ёй 5», — кажа Юлія.

«За пяць месяцаў вывучыла нямецкую з нуля і здала іспыт»

Калі Юлія прыехала ў Нямеччыну, узровень яе нямецкай быў нулявы.

«У школе я вучыла ангельскую. Але за пяць месяцаў у Нямеччыне з нуля я змагла падняць нямецкую да ўзроўню B2 (вышэй за сярэдні) і здаць іспыт зь першага разу».

Яшчэ трэба здаць іспыт на прафэсійную мэдыцынскую лексыку (Fachsprachprüfung). Зь ім можна атрымаць часовы дазвол на працу ў Нямеччыне на два гады.

Цягам гэтых двух гадоў трэба атрымаць дазвол працаваць лекарам (апрабацыю). Для гэтага можна паехаць у свой унівэрсытэт у Беларусі, узяць навучальны плян і аддаць яго на зьверку.

Калі не хапае гадзін па нейкім прадмеце, трэба здаць іспыт (экзамен). Але ўся гэтая гісторыя можа доўжыцца гадамі. Таму ёсьць іншы спосаб атрымаць дазвол — здаць агульны іспыт.

«Наша праграма не давала выбару. Мы ўсе ішлі на агульны іспыт. Мяне адправілі ў Варэдорф — гэта такое страшнае месца, дзе іспыт здаюць усяго 10% чалавек. Натуральна, я яго не здала».

Наступная спроба — прыкладна праз год. І за ўсё жыцьцё ёсьць толькі тры спробы. Не здаеш тры разы — лекарам у Нямеччыне табе ўжо ня стаць.

«Клініка, якая спачатку хацела мяне ўзяць на працу, адказала: «Раз яна не здала апрабацыю, мы яе не бяром». У гэты момант у мяне аўтаматычна сканчаецца дамова з агенцыяй.

Атрымліваецца, у ліпені я не здаю іспыт, у жніўні мушу вызваліць найманую кватэру, а ў верасьні ў мяне скончыцца віза, калі я не знайду працу. Сытуацыя так сабе. Яшчэ і крэдыт трэба сплачваць».

Знайсьці працу без апрабацыі ў Нямеччыне складана. Лекары без апрабацыі езьдзяць па ўсёй краіне і шукаюць, дзе іх пагодзяцца ўзяць. Без апрабацыі бяруць, калі зусім не хапае кадраў, зазвычай у маленькіх клініках.

Горад Фюссэн, дзе жыве Юлія

«Прасьцей за ўсё знайсьці працу ў галіне псыхасаматыкі»

Юлія спачатку рассылала рэзюмэ ў большыя клінікі, але беспасьпяхова. На гутарках ёй казалі: «З вамі ўсё выдатна. Мы б вас узялі, але толькі з апрабацыяй».

Тады яна вырашыла зьвярнуцца ў агенцыю, якая дапамагае з пошукам працы. Зь лекара грошай яны не бяруць, але клінікі плацяць за спэцыяліста па 8–10 тысяч эўра. Лягчэй за ўсё знайсьці працу лекарам у галіне псыхасаматыкі — гэта нешта сярэдняе паміж псыхіятрыяй і нэўралёгіяй.

«Спачатку мне прапанавалі працу ў гэтым кірунку. У іх дэфіцыт — бяруць каго заўгодна. А мне было ўсё роўна. Трэба было падаўжаць візу».

Але з псыхасаматыкай усё ж такі ня склалася. У апошні момант агенцтва прапанавала Юліі падацца на вакансію гінэколяга ў маленькай клініцы ў Баварыі непадалёк ад замка Нойшванштайн.

Шмат турыстаў штогод прыязджаюць убачыць замак Нойшванштайн

«Заробак „бруднымі“ — 4400 эўра. З вылікам падаткаў — 2500»

«У клініцы ў мяне паверылі і ўзялі без апрабацыі. Насамрэч ім не хапала спэцыялістаў. Я падала дакумэнты, каб атрымаць часовы дазвол на працу. Чакала тры месяцы. Тым часам праходзіла ў клініцы практыку».

У малых гарадах немцы ня хочуць працаваць, кажа Юлія. Яе калегі ў асноўным з розных краін: з Сырыі, Эгіпту, Украіны, Беларусі.

Дэфіцыт нямецкіх лекараў утварыўся таму, што на мэдыцынскі паступае мала людзей. Каб паступіць, трэба ў школе мець сярэдні бал, аналягічны нашаму 10,0. Да таго ж ідзе вялікі адток нямецкіх лекараў у Паўночную Амэрыку, Швайцарыю і Скандынавію.

Калі ў Бэрліне, Мюнхэне і Франкфурце немцы яшчэ працуюць, то ў малых гарадах, накшталт беларускіх райцэнтраў, працаваць няма каму. Розьніца толькі ў тым, што ў раённых шпіталях абсталяваньне нічым ня горшае, чым у буйных гарадах Нямеччыны, кажа Юлія Бірукова.

Дыплём Юлія ўсё ж пацьвердзіла з другога разу ў Мюнхэне.

«Усё было нашмат прасьцей. Прафэсары казалі: „Мы ня хочам вас заваліць. Мы проста хочам пераканацца, што вы не купілі гэты дыплём. Калі да вас паступіць хворы ў вострай сытуацыі, нам трэба пераканацца, што вы зразумееце, як яму дапамагчы“».

Першапачаткова заробак «бруднымі» ў лекара ў Нямеччыне — каля 4400 эўра. З вылікам падаткаў застаецца 2500–2600 эўра.

Паколькі мэдыцына ў Нямеччыне страхавая, яшчэ каля 400 эўра ў месяц ідзе на страхоўку.

«У Беларусі мы прывыклі не хадзіць па лекарах. Няма часу, трэба стаяць у чэргах, талён ня ўзяць. А людзі, якія плацяць 400 эўра ў месяц за страхоўку, ставяцца так: калі я заплаціў — то пайду. Жанчыны ідуць на плянавы агляд да гінэколяга, робяць скрынінг раку шыйкі маткі. Гэта ў іх інтарэсах. Бо яны заплацілі».

«Партнэрскія роды — гэта стандарт»

Амаль заўсёды, у 95% выпадкаў, роды ў Нямеччыне партнэрскія, кажа Юлія. Яга мае з чым параўноўваць. У Беларусі яна адпрацавала тры гады ў жаночай кансультацыі і двойчы нараджала ў беларускай радзільні. І цяпер працуе па спэцыяльнасьці — гінэколягам.

«Калі жанчына нараджае без партнэра, значыць, у яе альбо няма мужа, альбо зь ім нешта ня так. У Беларусі ж тэма партнэрскіх родаў толькі набірае абароты. На гэта пагаджаюцца ў асноўным тыя, у каго ёсьць грошы».

Адрозьніваецца і падыход да родаў.

«Не пасьпела дзіця заплакаць, як яму ўжо абрэзалі пупавіну, узважылі, спавілі ў кулёк і забралі ў іншы пакой, — узгадвае свой досьвед у беларускай радзільні Юлія. — А ў Нямеччыне нованароджанага адразу кладуць маці на грудзі. Пупавіну пераразаюць толькі хвілін праз 5–7, пакуль ня спыніцца пульсацыя паміж маці і дзіцем. Дзяцей не спавіваюць, яны ў звычайных адзежках.

Пасьля родаў яны ляжаць утрох з бацькам. Дзіця павінна атрымаць флёру ад маці і бацькі. Гэта іх вышэйшы імунітэт. У радзільні яны ўвесь час разам, усё па-сямейнаму. Жанчына нараджае, у чым прыходзіць. Ніякіх халатаў, капялюшыкаў, бахілаў. Прыйшла, нарадзіла, пайшла. Усё вельмі хутка. Няма адчуваньня, што ты ляжыш у лякарні».

«У Беларусі на працу хадзіла як на катаргу. У Нямеччыне іду на працу з задавальненьнем»

Пакуль Юлія два з паловай гады будавала карʼеру ў Нямеччыне, дзеці расьлі з мужам у Беларусі.

«Размаўлялі па скайпе. Я старалася прыяжджаць у Беларусь раз на 3–4 месяцы. Цяпер мы пераяжджаем усёй сям’ёй у Нямеччыну. Я прыехала ў Беларусь дапамагчы зь пераездам».

Мужу прыйдзецца прайсьці ўвесь той шлях, які адолела Юлія, каб знайсьці працу ў нямецкай клініцы.

«Як бы ні хацелася заставацца ў Беларусі, але хочацца лепшага жыцьця. Калі ў Беларусі праца для мяне была нібы катарга, то ў Нямеччыне на працу я іду з задавальненьнем», — кажа Юлія.

https://www.svaboda.org/a/30100341.html

Последние новости