beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

13.08.2019 05:42

123 просмотра

0 комментариев

Легендарны вядучы БТ Алесь Круглякоў эміграваў у ЗША: З малым сынам размаўляю па-беларуску

20 гадоў таму інтэлігентны і абаяльны Алесь Круглякоў быў адным з самых папулярных вядучых на тагачасным тэлебачанні: ён будзіў усю краіну ў перадачы «Добрай раніцы, Беларусь», дзякуючы Круглякову «Еўрабачанне» загучала на беларускай мове.

Зараз Алесю 47 гадоў, апошнія 10 з іх ён жыве ў ЗША. І там, у Штатах, Алесь працягвае працаваць на тэлебачанні. Ён працуе ў рускай службе «Голаса Амерыкі», вядзе навіны, займаецца навукова-папулярнымі праектамі.

«Нашай Ніве» пашчасціла заспець Алеся ў Мінску, куды ён прыехаў на кароткі адпачынак. Пра тое, чым зараз жыве сэкс-сімвал Беларусі 90-х, у гутарцы з Алесем Кругляковым.

Пра сэкс-сімвал — гэта не жарт. Быў такі топ-50 самых папулярных мужчын Беларусі, які ў 1997 апублікавала газета «Знамя юности».

«Ой, ну смешна. Які я быў сэкс-сімвал? У той рэйтынг уключалі ўсіх, хто так ці інакш свяціўся па тэлебачанні. Тады сэкс-сімваламі лічылі і Пазняка, і Саладуху, і Лукашэнку», — кажа Алесь Круглякоў.

У фэйсбуку Алесь падпісаны як Аляксандр.

«Ведаеце, так атрымалася, што па тым, як да мяне звяртаюцца людзі, я разумею, ведаюць яны мяне па тэлебачанні ці не. Алесем дакладна называюць тыя, хто памятае мяне па БТ. Хаця, калі прыйшоў працаваць у „Настоящее время“, там да мяне працавала шэсць Аляксандраў. Таму, каб не падскокваць кожны раз, я папрасіў называць мяне Алесем. Пасля, праўда, на тэлебачанне прыйшла дзяўчына з Украіны Леся, і я стаў падскокваць зноў», — усміхаецца Алесь Круглякоў.
https://nn.by/?c=ar&i=235373

Амерыканскае тэлебачанне як беларускае да 1994 года

Сумесны праект радыё «Свабода» і «Голаса Амерыкі» — тэлеканал «Настоящее время» — вяшчаецца на рускай мове, яго можна пабачыць у інтэрнэце ці злавіць праз спадарожнікі.

«На тэлеканале я займаюся звычайнай працай: пішу тэксты, вяду навіны, рэдагую, здымаю спецпраекты. Літаральна перад маім адпачынкам выйшаў спецпраект пра космас да 50-годдзя Апалона-11. Таксама раз на тыдзень на тэлеканале выходзіць навукова-папулярная перадача „Дэталі“, у ёй я распавядаю пра тэхналогіі, космас, іншыя рэчы. І такая тэматыка мяне цікавіць значна больш, чым палітыка», — распавядае Алесь Круглякоў.

На думку Алеся, амерыканская журналістыка адрозніваецца ад дзяржаўнай беларускай тым, што там няма патрэбы пад кагосьці прагінацца, не вымушаюць хваліць прэзідэнта, ніхто не вызначае, колькі часу ў эфіры павінна быць прысвечана яму.

«У Амерыцы зараз такое ТБ, на якім я паспеў папрацаваць у Беларусі з 1990 па 1994 год, калі ўсё было можна.

Нам тады абяцалі, што тэлебачанне будзе такім, як павінна быць, вазілі на стажыроўкі на НТВ, калі там яшчэ працавалі адэкватныя людзі. А атрымалася так, што з Агенцтва тэлевізійных навін у першы ж год сышлі тыя, хто не стаў прыладжвацца да новых умоў. А той, хто змог, шчасліва працуе і сёння. Я не змог, сышоў з навінаў па ўласным жаданні. Там была слізкая сітуацыя, я мог апынуцца наогул на вуліцы, але лёсам трапіў у моладзевую рэдакцыю, дзе і адпрацаваў да 1997 года. Пакуль і адтуль не сышоў па ўласным жаданні», — распавядае Алесь.

Некаторыя беларускія СМІ чытаю, каб выпрацаваць у сябе цярпімасць і загартаваць нервы

Алесь, расказваючы пра звальненне з БТ у 1997 годзе, мае на ўвазе афіцыйнае звальненне, бо якраз-такі праекты, дзякуючы каторым мы помнім Алеся Круглякова, з’явіліся ўжо тады, калі Алесь Круглякоў супрацоўнічаў з БТ па дамове. Акрамя працы на БТ, Алесь афіцыйна працаваў памочнікам прэс-аташэ ў амбасадзе ЗША.

«Тады і пачаў гуляць у латарэю пад назвай Green Card, якую выйграў праз дзесяць год. Так і апынуўся ў Амерыцы. Па Беларусі ўсё адно сумую, таму і ў адпачынак прыязджаю сюды. Але сувязі з Беларуссю не губляю. Да мяне часта звяртаюцца беларускія выданні па які-небудзь каментар. І я таксама сачу за мясцовымі навінамі.

Прынцыпова падпісаўся на некаторыя выданні кшталту «СБ Беларусь», БелТА, тое ж БТ. Для балансу. Чытаю тое, з чым нават не пагаджаюся. Так я выхоўваю ў сябе цярпімасць, загартоўваю нервы. Мукавозчыка вось з сумам чытаю. Што ж такога павінна было здарыцца ў жыцці чалавека, што ён стаў пісаць такія рэчы?«— кажа Алесь Круглякоў.

Мала хто ведае, але Алесь Круглякоў і прыдумаў назву для службы навінаў — Агенцтва тэлевізійных навін.

«Гэтую абрэвіятуру доўга не хацелі наогул прымаць, а вось як атрымалася, што яна існуе і сёння. Ды не толькі АТН, я шмат чаго зрабіў для беларускага тэлебачання першым. Гульні „Оскар“, „Пяць зорак“... А пасля абставіны склаліся так, што я не мог наогул працу па спецыяльнасці знайсці», — кажа Алесь.

Сёння на ютубе можна знайсці фрагменты тых перадач, якія вёў малады Алесь Круглякоў.

Фрагмент гульні «Оскар». А вы пазналі ў юнаку ў сініх майтках спевака і тэлевядучага Георгія Калдуна?

Пагрозы, што адхіляць ад працы, успрымаліся з задорам і азартам

На тэлебачанне Алесь прыйшоў 18-гадовым юнаком, яшчэ студэнтам журфака.

«Гэта ж быў перыяд перабудовы. На расійскім тэлебачанні ішла праграма „Взгляд“, у нас быў „Крок“, якую вёў Ягор Хрусталёў. Калі ў „Взгляд“ было трапіць складана, то вось ён „Крок“. Калі я вучыўся на другім курсе журфака, „Крок“ аб’явіў кастынг вядучых. Тады ж хацелася ўсё памяняць, зрабіць свет лепшым».

«Тады мы ўсе ў нейкай ступені былі змагарамі, не баяліся нічога. Збегчы з лекцыі на плошчу, дзе мітынгавалі тысячы чалавек, было прынцыпова. І я збягаў, насіў тады бел-чырвона-белы значок, які захоўваецца ў мяне і зараз».

Гэта быў час, калі ніхто нічога не мог зрабіць супраць праўдзівай журналістыкі, хаця пагражалі не раз. Памятаю, мы паехалі ў 1991 годзе ў Вільню здымаць журналістаў, якіх выкінулі з тэлецэнтра, калі яго прыйшлі штурмаваць савецкія войскі. Нас тады папярэджвалі, што за такія сюжэты нас адхіляць ад эфіру. Але ніхто не спужаўся, нікога гэта не спыніла, усе ехалі з азартам і з запалам выконваць сваю працу. Такой павінна быць сапраўдная журналістыка. Сумленнай і смелай. Калі б я тады завагаўся, ехаць ці не, зараз мог бы быць вялікім начальнікам на БТ«, — кажа Алесь.

Шукаў сваю хвалю восем год

Алесь Круглякоў калісьці ў адным са сваіх інтэрв’ю выказаў думку, што людзі падобныя на радыёпрымачы. Калі хочаш наладзіцца на сваю хвалю, табе давядзецца прайсці праз шыпенне, трэск, іншыя хвалі. На тваёй хвалі табе нічога не будзе замінаць і раздражняць. Ты слухаеш музыку, і табе прыемна яе чуць. Калі робіш нейкі допуск тыпу: гэтая песня не вельмі, але перамыкацца не буду, можа, наступная будзе лепшай, — нічога добрага не выйдзе. Так і з асабістым жыццём.

Сваю хвалю, прызнаецца Алесь, ён знайшоў з другога разу.

«Першы раз ажаніўся ў 27 гадоў. Тады так атрымалася, што ажаніліся ўсе мае сябры. І я вырашыў: час таксама. Шлюб праіснаваў менш за год, аказалася, не час. А са сваёй цяперашняй жонкай я пазнаёміўся яшчэ ў 2004 годзе, але пасля восем гадоў слухаў іншыя мелодыі на розных хвалях, пакуль зразумеў, што яна тая самая», — дзеліцца Алесь.

Сёння ён смела называе сябе абсалютна шчаслівым чалавекам.

«А калі знаходжуся ў Беларусі, то шчаслівы ўдвая. Тут, у Беларусі, у мяне не толькі бацькі, сваякі, але і кампанія сяброў, якой вельмі не хапае ў Штатах. Там ёсць тыя, з кім можна схадзіць на піва, а вось кампанія аднадумцаў, сапраўдных сяброў, з якімі мы сплаўляліся на байдарках па рэках і азёрах, у Беларусі такая адна», — расказвае Алесь Круглякоў.

Сыну Алеся, Яну-Тэадору Круглякову, цяпер годзік і пяць месяцаў.

«Дома з сынам размаўляю па-беларуску. Думаю, што галоўная барацьба за трохмоўе ў нас наперадзе. Канечне, дзіця павінна валодаць свабодна дзвюма альбо трыма мовамі, за гэта ён пасля скажа дзякуй. Дома чытаю сыну беларускія казкі. І сам быў нечакана здзіўлены тым, якія яны ў нас жудасныя: там усіх дзяруць, б’юць, забіваюць. Страшней, чым па National Geographic. А кожны дзень сын засынае пад калыханку Бураўкіна «Пакрысе на расе», — кажа Алесь.

Цёплыя ўспаміны пра беларускую калыханку, расказвае Алесь Круглякоў, у яго засталіся яшчэ з часоў працы на тэлебачанні.

«Студыя „Калыханкі“ знаходзілася побач з намі, таму мы часта выпівалі з Сашам Купрыянавым і яго Пацам-Вацам. Так, прызнаюся: я мацаў Пацу-Вацу. Я быў фанатам амерыканскага шоу „Мапет“, і Паца-Ваца быў для мяне нашым жабяня Кермітам, я запрашаў Купрыянава да сябе ў „Пяць зорак“, жартавалі з ім і ягоным Пацам-Вацам. А пасля Пацу-Вацу зрабілі камп’ютарным. І мне стала нецікава. І Дзеда Барадзеда з „Калыханкі“ памятаю добра, ён быў паралонавы, большы за Пацу-Вацу, страшэнны. Я тады нават пабаяўся яго чапаць», — кажа Алесь.

У Беларусь Алесь прыляцеў з жонкай і сынам. Расказвае, што за час адпачынку паспявае сустрэцца з сябрамі і ад’есціся мамінымі стравамі:

«У мяне жонка — страшны фанат дыеты, у Амерыцы не дазваляе есці тыя ж бургеры, а тут, на мамінай ежы, я адчуваю, як набіраю лішнія кілаграмы. Пакуль у Беларусі, сустрэўся са сваімі аднакласнікамі. У маёй аднакласніцы ўнучцы тры гадкі, а майму сыну — паўтара года. Так што ўсё адносна ў гэтым свеце. І вынікі нейкія падводзіць я не хачу. Вельмі рана, мне толькі 47 гадоў, у мяне яшчэ ўсё наперадзе. І ўсё толькі пачынаецца», — адказвае Алесь Круглякоў.

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан
https://nn.by/?c=ar&i=235373

Последние новости