beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

07.11.2019 18:03

206 просмотров

0 комментариев

«Брат маёй бабулі бачыў Леніна і лічыў яго бандытам»

Што вы робіце 7 лістапада? Святкуеце? Адпачываеце? Сустракаецеся з сябрамі? А ці задумваліся вы, што для шмат якіх беларусаў гэта — не чырвоная, а чорная дата календара?

Вячаслаў Ракіцкі. Фота belsat.eu

Якраз з такой сям’і паходзіць дакументаліст, тэатральны крытык і перакладчык Вячаслаў Ракіцкі. Гутарым з ім, чаму ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі — гэта не селядзец пад шубай і што сказала цётка, якая прыехала ў Беларусь з Лондану.

— Што вы адчуваеце, калі ўсе навокал цешацца выходнаму на 7 лістапада?

— З гэтай датай у мяне звязаны вельмі моцны, яскравы ўспамін са школьнага дзяцінства. З суседняга мястэчка, з Чарневіч, у Празарокі (Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці — рэд.) прыехаў нас адведаць брат маёй бабулі — чалавек ужо прыстойнага ўзросту. А мама была настаўніца і кажа: «Слухай, дзядзька Янук, у мяне ў школе сёння класная гадзіна. Прыйдзі да нас выступіць — ты ж у час Кастрычніцкай рэвалюцыі быў у Петраградзе і Леніна бачыў. На што дзядзька Янук сказаў:

«Ай, Зоська, ну што я магу сказаць? Ну бандыт ён быў, і ўсё тут».

<iframe width="640″ height="360″ src="https://www.youtube.com/embed/VPEyzxVAgBs" frameborder="0″ allow="accelerometer; autoplay; encrypted-media; gyroscope; picture-in-picture" allowfullscreen></iframe>

Серыя «Датаў праўды» — аўтарскага цыклу Вячаслава Ракіцкага на «Белсаце», — у якой згадваецца гісторыя ягонай сям’і

У нас у сям’і было вельмі скептычнае стаўленне да свята 7 лістапада. У тым ліку і ў мамы, настаўніцы. Таму што наш род — яе бацькі, браты, сёстры — вельмі моцна пацярпеў ад бальшавізму. У Заходняй Беларусі гэтае свята нават у савецкія часы асабліва не адзначалі. Затое добра памяталі 1939 год — прыход бальшавікоў. У нас іх называлі набраддзю.

Дзядулю саслалі ў Кыргызстан, бабулю — у Казахстан, цётку — у Архангельскую вобласць, дзядзьку — у Сібір. З усёй радні ў Празарокі вярнулася толькі бабуля, і тое толькі пасля смерці Сталіна. Дзядуля знік у Кыргызстане. Калі я быў на юбілеі пісьменніка Чынгіза Айтматава, які чалавекам абсалютна ўсёмагутным быў у сваёй рэспубліцы, то з ягонай дапамогай паспрабаваў знайсці сляды дзеда, але мясцовы КДБ нічога не змог зрабіць...

Бабуля і дзядуля. Фота з сямейнага архіву

Цётка, якая мела ў Празароках невялічкую ільнофабрыку, страціла адзінае сваё дзіця ў ссылцы. Прайшла паўсвету з Арміяй Андэрса, каб нарэшце знайсці прытулак у Лондане, дзе памерла ва ўзросце 100 гадоў. Дзядзьку — настаўніка беларускай мовы — саслалі за «нацыяналізм». Ён памёр па дарозе ў ссылку, як мяркуецца, ад менінгіту.

Так што ў нашай сям’і ўсё ведалі пра «подзвігі» бальшавікоў. Але маўчалі. Бо мама таксама як кулацкая дачка шмат нацярпелася. А трэба было неяк жыць і нас з братам ставіць на ногі. А я год за годам асэнсоўваў і ўрэшце зразумеў, што ж насамрэч адбылося ў нашай сям’і ў гісторыі Беларусі. Гэта і паўплывала на тое, чым я займаўся ўсё сваё жыццё і працягваю дагэтуль.

Дзядзька Вячаслава Ракіцкага, якога саслалі за «нацыяналізм». Фота з сямейнага архіву

— Колькі вам было гадоў, калі вы ўсё зразумелі?

— Пачаў разумець у старэйшых класах. З дзяцінства памятаю, як я ўжо сплю, але чую, што нешта шуміць, грыміць, раздаюцца нейкія галасы. Гэта бацькі на старым радыёпрымачы з такімі вялізнымі батарэйкамі слухалі радыё «Свабода».

Поўнае асэнсаванне надышло, калі вучыўся на факультэце журналістыкі і там сутыкнуўся з жудасным ідэалагічным прэсінгам. Тады мае веды пра жыццё, атрыманыя ад бацькоў і бабулі, уступілі ў канфлікт з той камуністычнай апрацоўкай. Універсітэт я закончыў з чырвоным дыпломам, але ўжо на 3-4-м курсе даў сабе слова: ніколі не працаваць у савецкай журналістыцы. Пайшоў у тэатр. Увогуле ў дзяржаўных СМІ я папрацаваў толькі некалькі гадоў, дый то на тэлебачанні, якім кіраваў Генадзь Бураўкін (самы беларускі перыяд у гісторыі БТ — рэд.), у літаратурна-драматычнай рэдакцыі. Так што камуністычную журналістыку я прамінуў.

— Памятаеце рэакцыю бацькоў, калі яны даведаліся, што вы пачалі афіцыйна працаваць на радыё, якое ў савецкія часы яны патаемна слухалі ўначы?

— Гэта была найвялікшая радасць! 1990-я былі самымі шчаслівымі гадамі ў нашым жыцці. Мы з мамай прайшлі праз усе апазіцыйныя мітынгі. Канец 1980-х і ўсе 1990-я яна, нягледзячы на сталы ўзрост, ішла на барыкады. Стаяла пад Домам ураду, калі там засядаў Вярхоўны Савет 12-га склікання. Удзельнічала ў шэсцях у Курапаты. Пратэставала супраць «дружбы» з Расеяй. Для нас гэта важна. Думаю, што мама праслухала ў эфіры ці не ўсе мае праграмы, перадачы, нават выпускі навін, якія я чытаў, пачынаючы словамі «Гаворыць Радыё Свабода».

Вячаслаў Ракіцкі (сядзіць злева) з бацькамі Зосяй і Антонам, бабуляй Марыя і братам Антонам. Фота з сямейнага архіву

Мама, якой сёння 91 год, чытае ў інтэрнэце сайты і Радыё «Свабода», і «Белсату», і «Нашай нівы». Камп’ютар яна засвоіла ў 85 год, каб размаўляць праз «Skype» з унукамі, якія жывуць за мяжой. І натуральна, калі з’явіўся «Белсат», яна ўсталявала спадарожнікавую антэну, і цяпер тэлевізар у яе настроены на «Белсат» ад раніцы да вечара.

— А з цёткай, якая жыла ў Лондане, паспелі сустрэцца?

— З 1970-х, калі дазволілі наведваць сваякоў у Польшчы (а туды пасля вайны выехала шмат маёй радні), я праводзіў там амаль усе канікулы. Менавіта там я ўпершыню сустрэўся з цёткай Любай. Пазней я шмат разоў наведваў яе ў Лондане, дзе жыло шмат людзей з Глыбоччыны. Усе яны трапілі туды з Арміяй Андэрса.

Калі цётка ўсё ж такі адважылася прыехаць Беларусь (а нашыя эмігранты вельмі доўга баяліся перасякаць мяжу) і ўбачыла, што ад яе дома і фабрыкі амаль нічога не засталося, яна, стрымліваючы слёзы, прамовіла толькі адну фразу: «Ale sposkudzili to wszystko...». («Але ж і спаскудзілі гэта ўсё...».).

Па-польску?

Усе, хто трапіў з Глыбоччыны ў Англію, гаварылі там па-польску, хоць усведамлялі, што маюць беларускія карані. У нашым мястэчку размаўлялі на беларуска-польскай трасянцы. Але тыя, хто хацеў і змог выехаць, баяліся прызнацца ў сваёй беларускасці. Каб трапіць у Армію Андэрса, трэба было давесці сваю польскасць. Таму яны ўсе сябе далучалі да польскай культуры і, адпаведна, дыяспары. Гэта драматычны момант, звязаны з ударам бальшавізму па беларускай ідэнтычнасці. Людзі хаваліся за польскасць, каб выжыць. Апрача таго, у старых людзей была настальгія па больш свабодным, дэмакратычным часе за Польшчай і страх перад камуністычным рэжымам у СССР.

Цётка, якая ўратавалася з Арміяй Андэрса. Фота з сямейнага архіву

Нядаўна вы атрымалі прэмію імя Алеся Адамовіча за публіцыстыку — за цыкл «Сведкі». Чаму вы вырашылі яго здымаць?

Ідэя фіксаваць гісторыю, якая дзеецца на тваіх вачах, у якой ты сам і сведка, і ўдзельнік, узнікла, калі я працаваў у Празе на Радыё «Свабода». Прайсціся па адрасах, дзе адбывалася змаганне за незалежную Беларусь, умоўна павесіць мемарыяльныя шыльды на тых месцах. Тым самым нібыта заглянуць у будучыню дэмакратычнай еўрапейскай краіны, якая шануе сваю слаўную гісторыю. Так нарадзілася серыя радыёперадач, а потым — кніга «100 адрасоў свабоды». А яшчэ пазней, ужо на «Белсаце» ўзнікла магчымасць візуалізаваць нашу найноўшую гісторыю. Так нарадзіўся дакументальны цыкл, у якім я распавёў пра найярчэйшыя падзеі нашага змагання цягам 30 гадоў.

Глядзець цыкл «Сведкі. 1980-я»

У «Сведках» — самае галоўнае тое, што мы паспелі зняць успаміны людзей, якія самі стваралі гэтую гісторыю, у якіх захаваліся фотаздымкі ды відэазапісы. Былі моманты, калі нават мы з удзельнікамі падзеяў не маглі ўзгадаць дакладна, дзе і калі гэта адбывалася, хто браў удзел. А цяпер уявіце, з чым сутыкнуцца гісторыкі праз 100 гадоў! Яны ж напішуць гісторыю-фантазію! Таму трэба па гарачых слядах зафіксаваць тое, што людзі яшчэ памятаюць. І каб ніхто не змог пазней сфальшаваць нашу гісторыю, як гэта зрабілі ў СССР з гісторыяй ХХ стагоддзя.

Глядзець цыкл «Сведкі. 1990-я»

«Сведкі» складаліся з трох цыклаў: 1980-я, 1990-я, 2000-я гады. Завяршаюцца яны Плошчай 2010 года. Налета завяршыцца новае дзесяцігоддзе. А наша барацьба за незалежнасць і дэмакратыю, на вялікі жаль, усё яшчэ працягваецца. Вось і турбуе мяне думка, што, напэўна, варта зрабіць працяг.

Глядзець цыкл «Сведкі. 2000-я»

10-я гады нашага стагоддзя — не такія рэвалюцыйныя, як 1990-я. Але і ў іх былі таксама шмат падзеяў, якія трэба зафіксаваць. Узяць хаця б вахту каля рэстарана «Поедем поедим» у абарону памяці пра Курапаты. Бачу яшчэ дзесяць кароткіх фільмаў у дадатак да ўжо зробленых. Тады атрымалася б агулам 50 серыяў пра апошнія 40 гадоў. Так, наша найноўшае Адраджэнне зацягнулася аж на чатыры дзесяцігоддзі. Мы верылі, што ўсё адбудзецца хутчэй...

І мне вельмі б хацелася, каб у 2020 годзе ўсё ж нашае змаганне за незалежнасць шчасліва завяршылася, каб нарэшце пачалося нармалёвае жыццё і будаўніцтва самастойнай еўрапейскай Беларусі. І каб больш не трэба было працягваць здымкаў гістарычнага серыялу пра нашае змаганне. А ў маёй кар’еры гэта была б вельмі нават нядрэнная тлустая кропка.

Інга Астраўцова

https://belsat.eu

Последние новости