beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

10.11.2019 12:45

168 просмотров

0 комментариев

«Не хачу прыслужваць нейкай дзяржаве, Лукашэнку, яго прыхвастням — хачу проста служыць беларускаму народу...»

Іларыёну Трусаву 15 гадоў, і ён самы юны маладафронтавец. На сваю першую акцыю падлетак выйшаў у красавіку, пасля зносу крыжоў у Курапатах, — з канстытуцыяй і лампадай у руках. З таго часу ён рэгулярна ўдзельнічае у Курапацкай варце — насуперак забароне бацькоў.

Зараз Іларыён вучыцца ў Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы. Мы сустракаемся з ім пасля пар у Макдональдсе. Ён бывае тут раз на месяц — не для таго, каб з’есці бургер, а каб пабачыцца з бацькам (хлопец жыве ў бабулі з дзядулем). «Ён адмовіўся ад бацкоўскіх правоў — так мне маці сказала. Але, магчыма, яна спрабуе маніпуляваць мной».

Пра адносіны з настаўнікамі і сям’ёй, камісію па справах непаўналетніх, палітыкаў, якія натхняюць, і сваіх аднагодак — Іларыён расказаў «Нашай Ніве» ў інтэрв’ю.

«Настаўнікі глядзелі на мяне з пагардай, быццам я нашкодзіў»

«Наша Ніва»: Як справы ў каледжы?

Іларыён Трусаў: Усё дзякуй Богу.

«НН»: Добра вучышся або для цябе гэта не важна?

ІТ: Мне з дзяцінства гуманітарныя прадметы больш даспадобы, і з імі ў мяне ўсё добра. А з дакладнымі навукамі — як звычайна. Каледж гэты я абраў не таму, што ў мяне цяга да архітэктуры ці праектавання, а практычна з-за безвыходнасці.

Бо хацеў паступаць у Ліцэй БДУ, на гуманітарна-гістарычны профіль, на тэставанні не хапіла двух балаў, і трэба было абіраць, куды ісці. Па выніках школы сярэдні бал 8 быў — з ім у наш час трапіць можна ці на бюджэт у ПТВ, ці платна паступаць. Паколькі мая сям’я не мае зараз такіх фінансавых магчымасцяў, мне прыйшлося паступаць у гэты каледж — у прынцыпе не найгоршы варыянт. Паколькі кепская рэпутацыя склалася ў школе, я вырашыў там па-любому не заставацца.

«НН»: «Кепская рэпутацыя» — што ты маеш на ўвазе?

ІТ: Пасля таго, як я ў красавіку першы раз выйшаў на плошчу на малітву па закліку Статкевіча, пачаліся пэўныя праблемы ў школе, з бацькамі пачалі стасункі псавацца — і так былі нацягнутыя, а сталі яшчэ горш.

Аднагодкі, маладыя людзі падтрымліваюць. Пішуць: трымайся, мы з табой, ты пераможаш. Былі і настаўнікі, якія падтрымлівалі, але ціхенька. Большасць жа глядзелі на мяне з пагардай, быццам я нашкодзіў. Яшчэ да плошчы ў мяне былі праблемы з тым, што насіў бел-чырвоны-белы значак. Мяне заўсёды крытыкавалі, казалі зняць яго: «Гэта дзяржаўная ўстанова, не насі тут свой апазіцыянерскі сімвал, нам гэтага не трэба». Гэта як абраза для мяне гучала.

«НН»: У каледжы прэтэнзій да знешняга выгляду не было яшчэ?

ІТ: Не. Хадзі ў чым хочаш. У каледжы больш ліберальна ставяцца: у нас ходзяць нефармалы — фарбаваныя валасы, завушніцы, прабітыя насы.

«Сядзець дома і страчыць на клавіятуры каментары не мае сэнсу — трэба выходзіць»

«НН»: Як атрымалася, што школьнік стаў апазіцыянерам?

ІТ: Я з дзяцінства цікавіўся Беларуссю. Задаваўся пытаннямі: чаму людзі ходзяць такія сумныя, чаму ставяцца да жыцця занадта сур’ёзна, чаму няма сапраўднай свабоды. Я запытваў бацькоў — дакладнага адказу ад іх так і не пачуў. Гісторыяй Беларусі стаў цікавіцца ў 6-7 класе — спачатку чэрпаў веды праз падручнік, хоць гэта не самая лепшая крыніца інфармацыі. Потым на ютубе глядзеў тэматычныя відэа. Першым, што паглядзеў па-беларуску, напэўна, была перадача Белсата з Лявонам Вольскім «Назад у будучыню». Мне спадабалася — я пабачыў, што чалавек спакойна размяўляе па-беларуску і не саромеецца, што гэта не штучна. Гэта быў шок. Бо для мяне беларуская мова была той мовай, якую вывучаем на ўроках і па-за межамі класа не выкарыстоўваем. Пасля я ўжо ўдзельнічаў у шмат якіх конкурсах, алімпіядах, чытаннях вершаў.

«НН»: А чаму на мітынгі стаў хадзіць?

ІТ: Калі ты пачынаеш моцна цікавіцца беларушчынай, з’яўляюцца такія думкі: мы жывем у Беларусі, у якой беларускай мовы не пачуеш з вуснаў звычайнага мінака, усё шэрае, людзям цяжка жыць. І разважаеш: а як змяніць гэта, як паспрыяць таму, каб людзі пачалі паважаць, любіць сваё. Каб адчувалі пэўную свабоду, ведалі, што, калі яны выкажуцца, ніхто не будзе іх ганьбіць. Я пачаў глядзець іншыя відэа на адпаведную тэматыку — пра нашу апазіцыю, пра змагароў. І дайшоў да таго, што сам стаў браць удзел у мерапрыемствах.

«НН»: Хто паўплываў на твае погляды? СМІ, канкрэтныя людзі?

ІТ: З людзей я назаву найперш Зянона Станіслававіча Пазняка — палітык-адраджэнец, той, хто адкрыў Курапаты, і ўвогуле чалавек неверагодны. Фактычна ён адзін з тых, хто рэальна паспрыяў незалежнасці, узняццю самасвядомасці беларусаў. Можна назваць таксама дэпутатаў незалежнасці, які былі побач са спадаром Зянонам.

Сярод СМІ, які паўплывалі, першай газетай, дэмакратычнай, была «Наша Ніва».

Калі казаць пра іншых людзей, то гэта спадар Павел Севярынец. Гэта для мяне прыклад, як чалавек можа спалучаць рэлігію і палітыку, прыклад сапраўднага змагара, які прайшоў выпрабаванні, пабываў у турмах. Ён адзін з заснавальнікаў «Маладога фронту», арганізацыі, у якой я зараз.

«НН»: Як ты туды трапіў?

ІТ: Пераломным момантам быў крыжалом 4 красавіка, калі я зразумеў, што сядзець дома і страчыць на клавіятуры каментары не мае сэнсу — трэба выходзіць.

Я выйшаў тады ўвечары ў Курапаты на малітву. Там я пазнаёміўся з Дзянісам Урбановічам, лідарам «Маладога фронту». Курапацкая варта паказала, хто ёсць хто сярод нашай апазіцыі — хто не здолеў прастаяць, а хто можа і будзе бараніць краіну. Тыя, хто засталіся, — сапраўдныя змагары: упэўнены, калі пачнецца ўмяшанне Расіі ў рэальнасці, гэтыя людзі будуць стаяць у першых калонах і абараняць незалежнасць нашай краіны.

Я прыйшоў на наступны дзень пасля крыжалому на Курапацкую варту, пазнаёміўся з «Маладым фронтам» больш і прыняў рашэнне, што трэба далучацца. Арганізацыя цалкам супадае з маімі палітычнымі і рэлігійнымі перакананнямі, гэта для мяне ідэальны варыянт.

«НН»: Колькі разоў цябе міліцыя затрымлівала?

ІТ: Брутальна два разы — 3 ліпеня і 3 лістапада, пасля Дзядоў. А самы першы раз, калі мяне затрымалі, быў 27 красавіка — на наступны дзень пасля Чарнобыльскага шляху. Мы паехалі збіраць подпісы за вяртанне крыжоў у Курапаты. Агулам мяне затрымлівалі пяць разоў. Але пратаколаў, зразумела, больш.

«Бацькі былі радыкальна супраць»

«НН»: Твае адносіны з бацькамі. Чаму вы ў контрах?

ІТ: З бацькам не зусім у контрах. Я з ім цяпер добра размаўляю, мы адзін аднаго разумеем. А з маці бываюць канфліктныя сітуацыі. Проста мянты фактычна падштурхоўваюць яе да агрэсіі ў мой бок, спрабуюць наладзіць супраць мяне.

Я сваіх бацькоў люблю, шаную, паважаю, і ўдзячны за тое, што выхавалі. І асабліва бабулі з дзядулем — самы найвялікшы рэспект за тое, што апошнія дзевяць гадоў мяне гадуюць. Я стараюся менш ствараць правакацыйных сітуацый.

Зараз з маці будзем разбірацца з камісіяй па справах непаўналетніх, дзе будуць вырашаць мой далейшы лёс.

«НН»: Вашу сям’ю паставілі на ўлік?

ІТ: Даўно паставілі. І на сацыяльна небяспечнае становішча, і на ўлік у дзіцячы пакой міліцыі, і ў каледжы на прафулік — са мной павінны праводзіць прафілактычную працу, але мы з сацпедам проста размаўляем на розныя тэмы. Я калі прыйшоў да яе першы раз, у яе шок быў: пад хуліганаў і іншыя катэгорыі план ёсць, а пад мяне няма.

У міліцыі сказалі: чатыры пратаколы — і я еду ва ўстанову закрытага тыпу, паколькі я непаўналетні, маці не спраўляецца з маім выхаваннем. Пакуль што толькі пагражаюць. На самой справе я не думаю, што яны збіраюцца рабіць такую правакацыю. Уявіце сабе: маладога актывіста арганізацыі «Малады фронт» змяшчаюць у псіхбальніцу ці спецшколу. Адзін з маіх пратаколаў — за тое, што махаў бел-чырвона-белым сцягам і крычаў «Жыве Беларусь!». Хіба гэта не палітычная справа?

«НН»: Але бацькі не падзяляюць тваіх поглядаў?

ІТ: Не падзяляюць. Хоць бацька чытае «Хартыю», «Нашу Ніву», кажа: «Ты сам ведаеш, ты ў нашай краіне адзін нічога не зменіш, трэба пачакаць». Ён бліжэй да маёй пазіцыі, але не падтрымлівае абарону Курапатаў.

Маці проста максімальна апалітычная жанчына, і зараз у мяне брат старэйшы сядзіць — па глупстве, хуліганка, пабіўся, — таму зараз ёй недарэчна разбірацца з маімі праблемамі і па мянтоўках ездзіць.

Я ўсё разумею, на маці вялікі цяжар ляжыць, таму што яна з’яўляецца галоўнай маёй апякункай. Спадзяюся, калі мне споўніцца 16 гадоў, ад яе адчэпяцца.

«НН»: Кім працуюць бацькі?

ІТ: Бацька — індывідуальны прадпрымальнік, а маці беспрацоўная, даглядае грамадзянскага мужа, інваліда другой групы, і жыве з сацыяльнай дапамогі і арэнды кватэры. З бацькам яна ад 2007 года ў разводзе, я паводле суду дастаўся маці.

«НН»: Кішэнныя грошы табе даюць?

ІТ: Даюць грошы толькі на ежу, а на кішэнныя расходы… У мяне стыпендыя, хоць і невялікая, 65 рублёў, — я спрабую яе расцягнуць на цэлы месяц. Ну і калі зусім складана, прашу ў бабулі 3-5 рублёў. Разумею, што для яе гэта таксама грошы, і калі ўлетку працаваў на будоўлях, зарабляў, напрыклад, 35 рублёў на дзень, 15 бабулі аддаваў, каб вярнуць доўг.

«НН»: Чаму жывеш з бабуляй?

ІТ: Так склалася, што маці была занятая іншымі справамі. Тады яна яшчэ працавала, мела свае заняткі, на маё выхаванне часу не хапала, і маці вырашыла, што лепш мяне бабулі з дзядулем аддаць на пэўны перыяд. Потым гэта ўсё зацягнулася. Але яна прыязджае часта.

«НН»: Не крыўдуеш на яе?

ІТ: Спачатку крыўдаваў. Калі маленькі быў, канечне, з маці і бацькам хацелася больш бачыцца, а апошнія гадоў пяць прызвычаіўся.

«НН»: Бабуля на тваім баку?

ІТ: Сярод усіх яна больш лаяльна ставілася і пэўным чынам спрабавала мяне ўратаваць, бо маці з бацькам спачатку былі радыкальна супраць. Казала: не чыніць жа дыктатуру — у яго таксама сваё меркаванне ёсць. Але я ўдзячны сям’і, што яны вытрымалі дадзены этап, што я не жыву на вуліцы, мяне прымаюць такім, як я ёсць.

«У войска збіраюся, але не ў такое, якім яно існуе ў цяперашнім выглядзе»

«НН»: Іларыён — гэта царкоўнае імя?

ІТ: Гэта грэцкае імя і азначае «шчаслівы, жыццярадасны». Маці дала мне яго. Майго прапрадзеда таксама звалі Іларыён.

«НН»: Ты з дзяцінства вернік?

ІТ: Так, у мяне хрысціянская сям’я. Я праваслаўны, але з пашанай стаўлюся і да баптыстаў, і да евангелістаў. Мне не важна, хто як моліцца, галоўнае — што ў чалавека ёсць кантакт з Богам.

Мы з маці часта ездзілі на службу ў Елісавецінскі манастыр. А зараз я ўжо вернік Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы. Я стараюся дапамагаць іераманахам царквы, прыношу пэўную ахвяру як фізічную, так і матэрыяльную.

«НН»: Раней ты насіў хвосцік, потым пагаліўся, пераадзеўся ў форму колеру хакі. Чаму змяніў імідж?

ІТ: Заўдзяблі мяне валасы доўгія — гэта выпрабаванне за імі даглядаць (усміхаецца). Для мяне палёгкай на душы стала, што пагаліўся, і Бог сказаў: трэба згаліць гэту японскую стрыжку. Тым больш яна перастала мне падабацца.

А мілітары… Мы вырашылі ў «Маладым фронце» пэўную форму ўвесці. Чаму колеру хакі? Гэта такі спосаб выдзеліцца сярод іншых, паказаць, што мы здольныя змагацца не толькі духоўна, але і фізічна.

«НН»: Як ты праводзіш вечары, калі не стаіш пад «Паедзем, паядзім»?

ІТ: Раблю ўрокі. І таксама чытаю кнігі. Летам кожны дзень Біблію чытаў, нядаўна скончыў кнігу пра абарону Курапатаў Зянона Пазняка і Валерыя Буйвала. Акрамя таго хачу пачытаць «Каменнае сэрца» Паўла Севырянца і па школьнай праграме — «Новая зямля», «Людзі на балоце», «На ростанях».

«НН»: Нядаўна была інфармацыя, што ў школах хочуць увесці пасаду кіраўніка па вайскова-патрыятычным выхаванні. Што ты думаеш?

ІТ: Выкладчыкі дапрызыўной падрыхтоўкі — у асноўным прыхільнікі прарасійскіх поглядаў і вайскоўцы ў адстаўцы. Я лічу, што гэта абсалютна непатрэбна як прадмет — ён проста займае вучэбны час, які можна патраціць на фізіку, матэматыку. Фізічная падрыхтоўка для хлопцаў — гэта добра, але калі пачынаюцца агітацыі, навязванне пазіцыі, гэта адмоўна можа адбіцца на стане адукацыі. Яна і так у заняпадзе, а калі вернуць палітрукоў, увогуле дзікунства нейкае будзе.

«НН»: Ты сам у армію збіраешся?

ІТ: У войска збіраюся — у войска хрысціянскае, патрыятычнае, не такое, якім яно існуе ў цяперашнім выглядзе. Спадзяюся, да таго часу, як я стану прызыўным, нешта памяняецца ў лепшы бок. Не хачу прыслужваць нейкай дзяржаве, Лукашэнку, яго прыхвастням — хачу проста служыць беларускаму народу.

«НН»: Цябе ў БРСМ спрабавалі загнаць?

ІТ: У сёмым класе цэлы год штурхалі, але ўжо тады гэта быў незразумелы для мяне варушняк, нешта брыдкае. Нейкі камсамол 2.0.

«НН»: БРСМ палітычнага ўплыву не мае. А «Малады фронт» мае?

ІТ: «Малады фронт» зараз — гэта не пра палітыку, гэта пра грамадскасць, нацыянальную ідэю, справы, больш зразумелыя для простага чалавека. Таму што палітыка ў нашай краіне ў адзін боку працуе. Усе палітычныя партыі зараз практычна нічога не вырашаюць — усё вырашае Лукашэнка і яго асяроддзе.

«НН»: Кажуць, моладзь зараз неактыўная ў палітыцы. Чаму?

ІТ: Таму што запалоханая. Усе гэтыя прафілактычныя працы ў школах, расказы аб тым, якая кепская апазіцыя — у падручніках нават напісана, што апазіцыя — правакатары, рыхтуюць сілавыя напады. У дзяржустановах кажуць: пойдзеце на мітынг — выкінем з каледжа, працы. І ў людзей з-за гэтага стаўленне да апазіцыі як да маргіналаў.

У моладзі зараз іншыя інтарэсы — з хлопцамі адпачыць, пачыліць. А 15—20 гадоў таму ўзяць такія арганізацыі, як Зубр, БНФ — моладзь бачыла, што яе шмат, верыла ў рэальную магчымасць нешта змяніць.

Яшчэ ўплывае той фактар, што масавая русіфікацыя адбылася. Мы бачым па перапісах насельніцтва, што меней і меней становіцца беларускамоўных.

«Шмат маіх сяброў падтрымліваюць акцыі толькі лайкам у сацсетках»

«НН»: Ты адчуваеш, што адрозніваешся ад іншых падлеткаў?

ІТ: Не хачу ставіць сябе вышэй за кагосьці — звычайны падлетак, жаўнер беларускага нацыянальнага руху. Сярод маіх сяброў ёсць шмат тых, хто падзяляе мае палітычныя погляды, але не выходзіць на плошчу — падтрымлівае толькі ў сацсетках лайкам. Гэта таксама нядрэнна, я спадзяюся, калі будзе гадзіна ікс, яны выйдуць.

«НН»: Хто з палітыкаў для цябе ідэал? Пазняк і Севярынец?

ІТ: Ідэалаў не бывае — ва ўсіх ёсць недахопы. Але ёсць тыя людзі, на якіх я магу абапірацца, да якіх магу прыслухоўвацца — Зянон Станіслававіч, Павел Канстанцінавіч [Севярынец — Рэд.]. Ёсць гістарычныя асобы, чые думкі актуальныя і цяпер. Той жа Каліноўскі з «Мужыцкай праўдай» — для беларускага народа гэта сапраўды ідэал змагання. Калі кажам пра сусветна вядомых людзей, для мяне натхняльнікамі з’яўляліся заснавальнік Apple Стыў Джобс, рэфарматар Марцін Лютэр.

«НН»: Севярынец табе дапамагае? Маральна, матэрыяльна?

ІТ: Я падтрымкі матэрыяльнай не прасіў і не лічу патрэбным. Павел Канстанцінавіч, самі ведаеце, жыве сціпла, я быў у яго ў гасцях. Ён больш духоўна падтрымлівае. Яго думкі мне блізкія. Калі ён кажа пра рэлігію, пра пагрозу з боку Расіі, адразу ў мяне натхненне з’яўляецца, зараджаюся энергіяй.

«НН»: Яго думкі наконт ЛГБТ таксама падзяляеш?

ІТ: Я за дэмакратыю. Хай будуць і такія, і такія. Чалавек можа выразіцца, паказаць сябе, галоўнае — без гвалту, без абраз. Я глядзеў відэа, як, здаецца, у Паўднёвай Амерыцы агрэсіўныя феміністкі штурмавалі царкву — гэта жудаснае відовішча.

«НН»: Супраць чаго ты хочаш змагацца?

ІТ: Я хачу змагацца супраць усяго антыбеларускага, беларусафобскага. Лукашэнка — гэта галоўны прыклад, як чалавек можа сумяшчаць знявагу да ўсяго беларускага, антыдэмакратычнасць, антынароднасць. Яго паставілі на гэту пасаду, і ён 25 гадоў сядзіць пры падтрымцы маскоўскага рэжыму.

«НН»: Ты думаеш, ён пры падтрымцы Масквы?

ІТ: Канечне. Тое, што ён кажа, што мы павінны сваю незалежнасць абараняць, — усё дзеля таго, каб пакрасавацца. Проста яму зараз выгадна так. Ён ухіляецца, лавіруе паміж Захадам і Усходам.

«НН»: А каго ты хацеў бы бачыць прэзідэнтам?

ІТ: Я ўвогуле за парламенцкую рэспубліку. Але калі будзе пераходны момант да яе, будзе часовы ўрад. Там я хачу пабачыць тых людзей, якія з’яўляюцца рэальнымі экспертамі ў сваёй тэме, адукаваных, незалежных.

«НН»: Пасля ліцэя чым думаеш займацца?

ІТ: Хутчэй за ўсё не здолею вучыцца па прафесіі архітэктара, таму пастараюся пасля першага курса здаць завочна 10-11-ы клас, атрымаць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі і паспрабаваць паступіць у нейкую навучальную ўстанову тыпу гістфака БДУ.

Наталля Лубнеўская, фоты Надзеі Бужан
https://nn.by/?c=ar&i=240739

Последние новости