beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

20.11.2019 20:16

531 просмотр

0 комментариев

Выбары як паказьнік нашай абыякавасьці

У Бешанковіцкім раёне, які ўваходзіў у Лепельскую выбарчую акругу № 23, у выбарчых бюлетэнях было 7 кандыдатаў у дэпутаты. Вядома, што перамог тут Ігар Мартынаў, які ўжо 3,5 гады да гэтага адсядзеў у беларускім парламенце. Паспрабуем зразумець феномен гэтага выпадку.

Я буду рабіць свае высновы на лічбах Будзілаўскага выбарчага ўчастка № 7, які знаходзіўся ў Каранеўскай школе, і чые лічбы мне вядомыя.
З 288 выбарцаў, якія прагаласавалі тут, за Мартынава свае галасы аддалі 204 чалавекі — роўненька 70% электарату.

Сказаць, што Мартынаў за гады дэпутатцтва штосьці зрабіў выдатнае для Бешанковіцкага раёна, аніяк не атрымаецца. Не зрабіў. Сказаць, што ён не вылазіў з раёна перад выбарамі, сустракаўся з людзьмі, агітаваў за сябе — не, не і не. Сказаць, што ён геніяльны прамоўца і меў выдатную перадвыбарчую праграму і каманду — таксама не выходзіць. Тады чаму ён перамог? Адказ можа быць адзін: толькі таму што за яго галасавалі тыя, каму было ўсё роўна, за каго галасаваць.

Амаль усе, хто галасаваў за Мартынава, рабіў свой выбар не па ўнутраннему перакананню, не таму, што ён прааналізаваў усіх кандыдатаў і зрабіў свой выбар, а па нейкіх знешніх прычынах.

Адных прагаласаваць папрасілі начальнікі, і сказалі за каго канкрэтна (работнікаў фермы, трактарыстаў і г.д.) Другім, якія не мелі сваёй думкі, сказалі першыя. На вёсцы інфармацыя распаўсюджваецца менавіта так. У вёсцы ўсе аднавяскоўцы ведаюць адзін другога і ведаюць, як трэба «правільна» прагаласаваць. Вось прыкладны дыялог, які мая суседка-пенсіянерка вядзе штовыбары з сваёй суседкай-пенсіянеркай:

—Люба, ты пойдзеш сёньня галасаваць?

— Пайду.

—А за каго?

— Яшчэ не ведаю.

— Мар’я (якая працуе ў сельсавеце) казала, што трэба за Мартынава.

— Добра.

Амаль усе тыя 204 чалавекі, хто прагаласаваў за Мартынава, галасавалі датэрмінова (158 чалавек), або па месцы пражывання, куды да іх прывезлі ўрны (76 чалавек). І калі б у іх была свая воля, яны на аніякія выбары не пайшлі б.

І вось цяпер уявіце тыя выбары без адміністратыўнага рэсурсу. Калі дырэктар ці брыгадзір не цісне на сваіх падначаленых, яны самі не пойдуць на выбары. Гэта ім не патрэбна. Бо іх галава баліць ад іншых праблем, галоўная з якіх: дзе зарабіць лішнюю капейчыну, а не займацца, прабачце, нейкай фігнёй. На выбары пайдзе не 90% выбарцаў, а толькі 40 —45%, якія будуць галасаваць не так як ім скажуць, а так як яны думаюць самі.

Але ж, на выбары заганяюць, і, каб не мець непрыемнасцяў, людзі галасуюць так, «як трэба». Што з гэтага выходзіць? Выходзіць тое, што нейкі выпадковы чалавек, які не мае ні свайго палітычнага твару, ні сваёй адметнай пазіцыі, ні каранёў на нашай зямлі, ні харызмы будзе ў чарговы раз прадстаўляць інтарэсы нашага раёна ў парламенце. А выдатныя асобы, такія як Ягор Левачоў ці Андрэй Буйлоў, ураджэнцы нашага раёна, людзі маладыя і амбітныя, у якіх душа баліць за народ, аказаліся па-за гульнёй.

Дарэчы, гэта «баба Мар’я» з сельсавету — зусім не міфічная асоба. Менавіта работнікі сельсавета робяць усё магчымае і немагчымае, каб людзі ў вёсках галасавалі «правільна».

Вось жывы прыклад. На пазамінулых выбарах, калі балатаваўся я сам, мне распавядалі дакладныя факты пра тое, які ціск аказваўся на тых, хто ішоў на ўчастак у дзень выбараў галасаваць за мяне.

«А за каго ты будзеш галасаваць? За гэтага? А паглядзі вось, сёння ўсе галасуюць за гэтага...»

Г.Станкевіч

Последние новости