beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

02.12.2019 17:20

76 просмотров

0 комментариев

Як у Гальшанах рэстаўруюць правобраз «Чорнага замку Альшанскага». ФОТА

Некалі велічны палац-фартэцыя ў Гальшанах на Ашмяншчыне, які многія лічаць правобразам гістарычна-прыгодніцкага раману Ўладзімера Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», дайшоў да нашых дзён у руінах.


Цяпер рэстаўратары спрабуюць захаваць фрагмэнты муроў, скляпеньні і адзіную вежу.

Белая панна ў падвальным музэі

Канцэпцыя аднаўленьня парэшткаў аднаго з найцікавейшых архітэктурных комплексаў на тэрыторыі Беларусі распрацаваная яшчэ 10 гадоў таму. Асноўная ўвага засяроджваецца на паўночнай вежы і паўночна-ўсходнім корпусе, якія захавалі вонкавыя формы.

Замкавыя рэшткі
Фрагмэнт муроў

Прадугледжана некалькі этапаў кансэрвацыі з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй, на што з прэзыдэнцкага спэцыяльнага фонду падтрымкі культуры і мастацтва ўжо накіраваны прыблізна 1 мільён рублёў. Першы пачаўся ў 2013-м з расчысткі завалаў: адкапалі ніжнія паверхі, вывезьлі тоны друзу, склалі аўтэнтычныя матэрыялы.

За другі ўзяліся летась — пачалі аднаўляць вежу на падставе арыгінальнай гравюры 1812 году. Яе атынкавалі, пакрылі дахоўкай і ўмацавалі флюгер з гербам роду Сапегаў — «Ліс».

Вежа з флюгерам
Канструкцыя агляднай пляцоўкі

Сёлета пачалі даводзіць да ладу колішнюю парадную залю. Будаўнікі ўмацоўваюць калёны і аркі скляпеньняў, адкапаныя з-пад шматмэтровага пласта зямлі. Акрамя аўтэнтычнай цэглы-«пальчаткі», выкарыстоўваюцца сучасныя матэрыялы і арматура дзеля ўмацаваньня канструкцыі пад дахам. Каб адкрытыя паверхні не разбураліся ад дажджу і сьнегу, верх калёнаў і арак пакрываюць полікарбанатам.

Завяршаецца ўзьвядзеньне агляднай пляцоўкі: да другога паверху вежы можна падняцца жалезнымі прыступкамі і ацаніць маштаб руінаў. Сумяшчэньне стыляў і спосабаў рэстаўрацыі — тынкоўка вежы і муры з сучаснай цэглы — сьвядомае. Паводле мэтадыста ў пытаньнях музэяў і гісторыка-культурнай спадчыны Ашмянскага раённага цэнтру культуры Сяргея Жыліка, толькі так можна паказаць архітэктурныя напластаваньні, бо ў кожную эпоху замак выглядаў па-рознаму.

Умацаваныя аркі і калёны
Гідраізаляцыя вонкавых канструкцыяў

«Сёлета ў Паўночнай вежы будуць завершаныя ўсе падрыхтоўчыя ўнутраныя работы, а ўжо дэкаратыўныя заплянаваныя налета. Фінансаваньне на гэтыя мэты ёсьць, праблемаў не павінна ўзьнікнуць, — патлумачыў Свабодзе Сяргей Жылік. — Адзінае, удакладню, што экспазыцыя плянуецца толькі ў вежы, скляпеньні будуць закансэрваваныя ў цяперашнім выглядзе — з улікам гідраізаляцыі арак і калёнаў».

Паводле суразмоўцы, унутры вежы маюць аднавіць росьпіс і ляпніну, паставіць стылізаваны камінок. У яе падвальных пакоях адкрыецца экспазыцыя артэфактаў, знойдзеных падчас археалягічных раскопак. Зьявіцца макет замку і прадметы тагачаснага інтэр’еру, партрэты былых уладальнікаў, копіі дакумэнтаў. Арганізатары абяцаюць, што пакінуць месца і містычнай гісторыі зь Белай паннай і Чорным манахам.

Плітка для ходнікаў
Лесьвічная прыбудова

Паралельна добраўпарадкуюць тэрыторыю — пракладаюць ходнікі, закладаюць паркінг, мантуюць падсьвятленьне, пазьней пабудуюць турыстычны цэнтар з сувэнірнай крамай і прыбіральняй.

Водпуск за гістарычныя цагліны

Паводле гістарычных зьвестак — «Хроніка Быхаўца», «Хроніка Літоўская і Жамойцкая», «Наўгародзкі летапіс» — да 1525 году замак быў ва ўладаньні князёў Гальшанскіх, а пасьля шлюбу князёўны Алены з Паўлам Сапегам перайшоў да прадстаўнікоў гэтага роду. Цягам гісторыі комплекс шмат разоў разбураўся і перабудоўваўся.

Часткова адноўленыя скляпеньні
Від праз ваконныя дзіркі

Маштаб помніку можна ўявіць нават па яго руінах. У архітэктурным пляне ён чымсьці нагадвае Мірскі — у абодвух выпадках дамінавалі кутнія і муравыя вежы, іх было ажно шэсьць (захавалася толькі адна, і тая ва ўсечаным выглядзе). Па ўсім пэрымэтры былі абсталяваныя жылыя пакоі.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

12 вандровак да тых, хто чакае вашай дапамогі

Гальшанскі замак буйнейшы за Мірскі, хоць сёньня візуальнае параўнаньне не на яго карысьць: 86 на 98 мэтраў супраць Мірскага «квадрату» — 75 на 75. Пры гэтым Гальшаны не пазыцыянаваліся як фартэцыя, а знадворнае ўбранства больш нагадвала палац. Абарончую функцыю выконвалі стратэгічнае ўзвышша і рвы з вадой.

Замак атрымаў ад сучасьнікаў красамоўную назву «Каменная кветка», але пры гэтым выконваў збольшага транзытныя функцыі — тут Сапегі спыняліся на шляху да эўрапейскіх сталіц. Гэта не адбілася на багацьці вонкавага і ўнутранага аздабленьня. Тут былі ляпніна на столі і камінах, падлога з тэракотавых плітак, прыгожа аздобленыя кафляныя печы.

Гальшанскі замак праз бачаньне мастака-рэстаўратара Сяргея Верамейчыка
Замкавыя інтэр’еры, як іх бачыць мастак-рэстаўратар Сяргея Верамейчыка

Жывапісную калекцыю, унікальную бібліятэку і выставу зброі дапаўнялі сыстэма ацяпленьня, водаправод і каналізацыя. Ня ўсе гальшанцы могуць пахваліцца іх наяўнасьцю і ў ХХІ стагодзьдзі. Не пашкадавалі сродкаў і на штучныя азёры, дно якіх было выкладзенае дарагой пліткай. Пасьля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай «Каменная кветка» пераходзіла з рук у рукі, пакуль канчаткова ня «зьвяла».

Пачатак маштабнаму руйнаваньню замка ў канцы ХІХ стагодзьдзя паклаў расейскі памешчык Гарбанёў: падрываў вежы і муры, зарабляючы на продажы цэглы мясцоваму люду. Але яшчэ да прыходу ў 1939 годзе на заходнія землі Беларусі бальшавікоў у рэштках замку жылі зь дзясятак сем’яў. За саветамі ўсякі напамін пра буржуазны лад быў вынішчаны, а цэгла-«пальчатка» сярэднявечных майстроў пайшла на калгасныя патрэбы. Культурны пласт канчаткова зьнік, калі побач збудавалі кароўнік і выкапалі сіласныя ямы.

Рэшткі муроў
Кладка з сучаснай цэглы

У найноўшы час у замку разьмяшчалася пчалярская вучэльня. На загад тагачаснага кіраўніцтва кожны вучань мусіў здабыць 80 цаглін для будоўлі Дому культуры ў Гальшанах. За выкананую справу давалі дадатковы водпуск дадому. Так навучэнцы сваімі рукамі разбуралі шматгадовую гісторыю мястэчка.

Аўтэнтыка сучасных Гальшанаў

Праектная арганізацыя, адказная за прыстасаваньне замкавых руінаў да сёньняшніх рэаліяў, — Беларускі камітэт ICOMOS.

Тэрыторыя ў працэсе добраўпарадкаваньня
Адрэстаўраваны кавалак комплексу

«Для ўсіх гістарычных аб’ектаў мае быць дакладна вызначаная задача: рэстаўрацыя з прыстасаваньнем пад сучаснае прызначэньне, — перакананы кіраўнік праектнага бюро арганізацыі Ігар Раханскі. — Кансэрвацыя з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй — толькі першы пункт у складаным працэсе сацыяльна-культурнага, навуковага і будаўнічага праектаваньня. Каб удыхнуць у замак сапраўднае жыцьцё, трэба рэалізоўваць на яго аснове сучасныя сацыяльна-культурныя праекты. Дадатковыя канструкцыі, якія вы бачыце, — толькі неабходная інфраструктура для гэтых задачаў».

Нягледзячы на руйнаваньні, якія цягам усёй гісторыі перасьледавалі Гальшаны, тут і сёньня ёсьць на што падзівіцца. Напрыклад, двухпавярховы жылы корпус францішканскага кляштара. Ён заснаваны Сапегамі ў XVI стагодзьдзі. Тут жа касьцёл з брамай-званіцай, які выконваў ролю кляштарнай сьвятыні. Пасьля паўстаньня 1830–31 гадоў кляштар быў закрыты, у ім атабарыўся расейскі вайсковы гарнізон.

Касьцёл з брамай і корпусам францішканскага кляштара
Сьвята-Георгіеўская царква на фоне старых пабудоваў

У час наступных буйных выступаў 1863–64 гадоў адзін з тутэйшых арганізатараў Зыгмунт Мінейка плянаваў зрабіць Гальшаны цэнтрам паўстаньня ў павеце, але неўзабаве ягоны аддзел быў разьбіты. З ацалелых культавых пабудоваў таксама зьвяртае на сябе ўвагу Сьвята-Георгіеўская царква, налета ёй будзе 120 гадоў.

Аўтэнтычная забудова вуліцы Замкавай
Стары дух Гальшанаў

Бадай, у Беларусі няма больш аналягаў жылой забудове, датаванай канцом XIX стагодзьдзя. На вуліцах Замкавай і Трабскай дагэтуль стаяць добра захаваныя мураваныя дамы рамесьнікаў і купцоў, а таксама колішнія будынкі карчмы, крамаў, майстэрняў і гандлёвыя рады на былой рынкавай плошчы. Акрамя штотыднёвых, некалькі разоў на год у мястэчку ладзіліся буйныя кірмашы, дзе месьцічы выстаўлялі свае спэцыфічныя тавары — вязаныя рукавіцы, панчохі, «гальшанскія каптаны».

Таксама ўдалося захаваць арыгінальны будынак гміны — за Польшчай Гальшаны былі цэнтрам гміны Ашмянскага павету.

Будынак колішняй гміны
Цэнтар мястэчка

Але многія помнікі, якія б сталі жывым сьведчаньнем пармінулай эпохі, страчаныя. Вядома, што ў міжваенны час у Гальшанах дзейнічалі суд, дзьве габрэйскія і польская школы, сынагога, габрэйскі банк, крэдытна-ашчадная каса, пастаялы двор, пошта, тэлефонная станцыя, аптэка, паліцэйскі пастарунак.

Ігар Карней

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вежу Гальшанскага замка аднаўляюць да выгляду 200-гадовай даўнасьці


https://www.svaboda.org/a/30303062.html

Последние новости