Цяпер рэстаўратары спрабуюць захаваць фрагмэнты муроў, скляпеньні і адзіную вежу.
Белая панна ў падвальным музэі
Канцэпцыя аднаўленьня парэшткаў аднаго з найцікавейшых архітэктурных комплексаў на тэрыторыі Беларусі распрацаваная яшчэ 10 гадоў таму. Асноўная ўвага засяроджваецца на паўночнай вежы і паўночна-ўсходнім корпусе, якія захавалі вонкавыя формы.


Прадугледжана некалькі этапаў кансэрвацыі з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй, на што з прэзыдэнцкага спэцыяльнага фонду падтрымкі культуры і мастацтва ўжо накіраваны прыблізна 1 мільён рублёў. Першы пачаўся ў 2013-м з расчысткі завалаў: адкапалі ніжнія паверхі, вывезьлі тоны друзу, склалі аўтэнтычныя матэрыялы.
За другі ўзяліся летась — пачалі аднаўляць вежу на падставе арыгінальнай гравюры 1812 году. Яе атынкавалі, пакрылі дахоўкай і ўмацавалі флюгер з гербам роду Сапегаў — «Ліс».


Сёлета пачалі даводзіць да ладу колішнюю парадную залю. Будаўнікі ўмацоўваюць калёны і аркі скляпеньняў, адкапаныя з-пад шматмэтровага пласта зямлі. Акрамя аўтэнтычнай цэглы-«пальчаткі», выкарыстоўваюцца сучасныя матэрыялы і арматура дзеля ўмацаваньня канструкцыі пад дахам. Каб адкрытыя паверхні не разбураліся ад дажджу і сьнегу, верх калёнаў і арак пакрываюць полікарбанатам.
Завяршаецца ўзьвядзеньне агляднай пляцоўкі: да другога паверху вежы можна падняцца жалезнымі прыступкамі і ацаніць маштаб руінаў. Сумяшчэньне стыляў і спосабаў рэстаўрацыі — тынкоўка вежы і муры з сучаснай цэглы — сьвядомае. Паводле мэтадыста ў пытаньнях музэяў і гісторыка-культурнай спадчыны Ашмянскага раённага цэнтру культуры Сяргея Жыліка, толькі так можна паказаць архітэктурныя напластаваньні, бо ў кожную эпоху замак выглядаў па-рознаму.


«Сёлета ў Паўночнай вежы будуць завершаныя ўсе падрыхтоўчыя ўнутраныя работы, а ўжо дэкаратыўныя заплянаваныя налета. Фінансаваньне на гэтыя мэты ёсьць, праблемаў не павінна ўзьнікнуць, — патлумачыў Свабодзе Сяргей Жылік. — Адзінае, удакладню, што экспазыцыя плянуецца толькі ў вежы, скляпеньні будуць закансэрваваныя ў цяперашнім выглядзе — з улікам гідраізаляцыі арак і калёнаў».
Паводле суразмоўцы, унутры вежы маюць аднавіць росьпіс і ляпніну, паставіць стылізаваны камінок. У яе падвальных пакоях адкрыецца экспазыцыя артэфактаў, знойдзеных падчас археалягічных раскопак. Зьявіцца макет замку і прадметы тагачаснага інтэр’еру, партрэты былых уладальнікаў, копіі дакумэнтаў. Арганізатары абяцаюць, што пакінуць месца і містычнай гісторыі зь Белай паннай і Чорным манахам.


Паралельна добраўпарадкуюць тэрыторыю — пракладаюць ходнікі, закладаюць паркінг, мантуюць падсьвятленьне, пазьней пабудуюць турыстычны цэнтар з сувэнірнай крамай і прыбіральняй.
Водпуск за гістарычныя цагліны
Паводле гістарычных зьвестак — «Хроніка Быхаўца», «Хроніка Літоўская і Жамойцкая», «Наўгародзкі летапіс» — да 1525 году замак быў ва ўладаньні князёў Гальшанскіх, а пасьля шлюбу князёўны Алены з Паўлам Сапегам перайшоў да прадстаўнікоў гэтага роду. Цягам гісторыі комплекс шмат разоў разбураўся і перабудоўваўся.


Маштаб помніку можна ўявіць нават па яго руінах. У архітэктурным пляне ён чымсьці нагадвае Мірскі — у абодвух выпадках дамінавалі кутнія і муравыя вежы, іх было ажно шэсьць (захавалася толькі адна, і тая ва ўсечаным выглядзе). Па ўсім пэрымэтры былі абсталяваныя жылыя пакоі.

12 вандровак да тых, хто чакае вашай дапамогі
Гальшанскі замак буйнейшы за Мірскі, хоць сёньня візуальнае параўнаньне не на яго карысьць: 86 на 98 мэтраў супраць Мірскага «квадрату» — 75 на 75. Пры гэтым Гальшаны не пазыцыянаваліся як фартэцыя, а знадворнае ўбранства больш нагадвала палац. Абарончую функцыю выконвалі стратэгічнае ўзвышша і рвы з вадой.
Замак атрымаў ад сучасьнікаў красамоўную назву «Каменная кветка», але пры гэтым выконваў збольшага транзытныя функцыі — тут Сапегі спыняліся на шляху да эўрапейскіх сталіц. Гэта не адбілася на багацьці вонкавага і ўнутранага аздабленьня. Тут былі ляпніна на столі і камінах, падлога з тэракотавых плітак, прыгожа аздобленыя кафляныя печы.


Жывапісную калекцыю, унікальную бібліятэку і выставу зброі дапаўнялі сыстэма ацяпленьня, водаправод і каналізацыя. Ня ўсе гальшанцы могуць пахваліцца іх наяўнасьцю і ў ХХІ стагодзьдзі. Не пашкадавалі сродкаў і на штучныя азёры, дно якіх было выкладзенае дарагой пліткай. Пасьля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай «Каменная кветка» пераходзіла з рук у рукі, пакуль канчаткова ня «зьвяла».
Пачатак маштабнаму руйнаваньню замка ў канцы ХІХ стагодзьдзя паклаў расейскі памешчык Гарбанёў: падрываў вежы і муры, зарабляючы на продажы цэглы мясцоваму люду. Але яшчэ да прыходу ў 1939 годзе на заходнія землі Беларусі бальшавікоў у рэштках замку жылі зь дзясятак сем’яў. За саветамі ўсякі напамін пра буржуазны лад быў вынішчаны, а цэгла-«пальчатка» сярэднявечных майстроў пайшла на калгасныя патрэбы. Культурны пласт канчаткова зьнік, калі побач збудавалі кароўнік і выкапалі сіласныя ямы.


У найноўшы час у замку разьмяшчалася пчалярская вучэльня. На загад тагачаснага кіраўніцтва кожны вучань мусіў здабыць 80 цаглін для будоўлі Дому культуры ў Гальшанах. За выкананую справу давалі дадатковы водпуск дадому. Так навучэнцы сваімі рукамі разбуралі шматгадовую гісторыю мястэчка.
Аўтэнтыка сучасных Гальшанаў
Праектная арганізацыя, адказная за прыстасаваньне замкавых руінаў да сёньняшніх рэаліяў, — Беларускі камітэт ICOMOS.


«Для ўсіх гістарычных аб’ектаў мае быць дакладна вызначаная задача: рэстаўрацыя з прыстасаваньнем пад сучаснае прызначэньне, — перакананы кіраўнік праектнага бюро арганізацыі Ігар Раханскі. — Кансэрвацыя з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй — толькі першы пункт у складаным працэсе сацыяльна-культурнага, навуковага і будаўнічага праектаваньня. Каб удыхнуць у замак сапраўднае жыцьцё, трэба рэалізоўваць на яго аснове сучасныя сацыяльна-культурныя праекты. Дадатковыя канструкцыі, якія вы бачыце, — толькі неабходная інфраструктура для гэтых задачаў».
Нягледзячы на руйнаваньні, якія цягам усёй гісторыі перасьледавалі Гальшаны, тут і сёньня ёсьць на што падзівіцца. Напрыклад, двухпавярховы жылы корпус францішканскага кляштара. Ён заснаваны Сапегамі ў XVI стагодзьдзі. Тут жа касьцёл з брамай-званіцай, які выконваў ролю кляштарнай сьвятыні. Пасьля паўстаньня 1830–31 гадоў кляштар быў закрыты, у ім атабарыўся расейскі вайсковы гарнізон.


У час наступных буйных выступаў 1863–64 гадоў адзін з тутэйшых арганізатараў Зыгмунт Мінейка плянаваў зрабіць Гальшаны цэнтрам паўстаньня ў павеце, але неўзабаве ягоны аддзел быў разьбіты. З ацалелых культавых пабудоваў таксама зьвяртае на сябе ўвагу Сьвята-Георгіеўская царква, налета ёй будзе 120 гадоў.


Бадай, у Беларусі няма больш аналягаў жылой забудове, датаванай канцом XIX стагодзьдзя. На вуліцах Замкавай і Трабскай дагэтуль стаяць добра захаваныя мураваныя дамы рамесьнікаў і купцоў, а таксама колішнія будынкі карчмы, крамаў, майстэрняў і гандлёвыя рады на былой рынкавай плошчы. Акрамя штотыднёвых, некалькі разоў на год у мястэчку ладзіліся буйныя кірмашы, дзе месьцічы выстаўлялі свае спэцыфічныя тавары — вязаныя рукавіцы, панчохі, «гальшанскія каптаны».
Таксама ўдалося захаваць арыгінальны будынак гміны — за Польшчай Гальшаны былі цэнтрам гміны Ашмянскага павету.


Але многія помнікі, якія б сталі жывым сьведчаньнем пармінулай эпохі, страчаныя. Вядома, што ў міжваенны час у Гальшанах дзейнічалі суд, дзьве габрэйскія і польская школы, сынагога, габрэйскі банк, крэдытна-ашчадная каса, пастаялы двор, пошта, тэлефонная станцыя, аптэка, паліцэйскі пастарунак.
Ігар Карней

Вежу Гальшанскага замка аднаўляюць да выгляду 200-гадовай даўнасьці
https://www.svaboda.org/a/30303062.html