beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

23.01.2020 14:34

340 просмотров

0 комментариев

Увага: новае небяспечнае захворванне!

Ежу прывозяць курʼеры, усім раяць не выходзіць у грамадзкія месцы. Мы распыталі беларуску ў закрытым на карантын кітайскім Ухані, як там засьцерагаюцца ад каранавіруса.

Крысьціна знаходзіцца ва Ўхані

Беларуска Крысьціна жыве ў 11-мільённым кітайскім Ухані, які цяпер закрылі на карантын з прычыны эпідэміі каранавіруса. Яна расказвае, што ўжо трое сутак не выходзіць з дома, каб не заразіцца.

«Горад закрылі для ўезду і выезду. Усе спосабы перасоўваньня заблякаваныя. Я пазаўчора выходзіла на вуліцу, каб забраць у курʼера замоўленую садавіну, дык не сустрэла ніводнага чалавека ў навакольлі. А гэта 7 гадзінаў вечара», — кажа Крысьціна.

Дзяўчына кажа, што ўлады настойліва рэкамендуюць пазьбягаць грамадзкіх месцаў.

Людзі чакаюць таксоўку на амаль спусьцелым вакзале ва Ўхані

«Але ў Кітаі любое месца грамадзкае, — кажа яна. Можна выйсьці проста па ваду і сустрэць у адным месцы 30 чалавек. Цяпер гэта, безумоўна, небясьпечна».

Каб засьцерагчыся ад віруса, людзі носяць маскі. Крысьціна кажа, што іх у аптэках хапае, хаця ўдакладняе, што абышла 5 аптэк, каб набыць патрэбную.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каранавірус: у Кітаі закрылі мэгаполіс, у Расеі першае падазрэньне на хваробу не пацьвердзілася

«Звычайныя маскі не дапамагаюць. Патрэбны адмысловыя, са шчыльнага валакна № 95. Вось іх нерэальна знайсьці. Я замаўляла праз інтэрнэт», — тлумачыць Крысьціна.

«Ніводзін від транспарту не працуе: ні мэтро, ні аўтобусы, ні таксі. Нічога, — кажа беларуска. — Школы закрытыя, палова крамаў таксама не працуе. Дзяржаўныя ўстановы закрытыя. Працуюць толькі шпіталі і клінікі».

«Цяпер па гучнай сувязі абвясьцілі, што будуць зь верталёта распыляць хімікаты над горадам ад віруса. І лепш не зьяўляцца на дварэ з трох да дзевяці гадзін вечара», — апавядае Крысьціна.

Яна дадае, што думае, і пасьля дзевяці будзе небясьпечна гэтым дыхаць.

Пацыента транспартуюць у шпіталь Дзіньінтань у горадзе Ўхань, дзе лякуюць пацярпелых ад кронавірусу

«Магу сказаць, што людзі напалоханыя, паніка ёсьць нават сярод мясцовых», — сама дзяўчына кажа, што да апошняга старалася не паддавацца эмоцыям і разважліва глядзець на абставіны.

«Але дзень таму ў мяне была жудасная паніка. Ад безвыходнасьці, — апісвае дзяўчына тое, што адчувае. — Выехаць немагчыма. І вялізная рызыка захварэць менавіта на вакзалах, у аэрапортах»

Цяпер, кажа Крысьціна, яна зразумела, што сытуацыію зьмяніць ня можа.

«Адзінае, што я магу зрабіць, — гэта паклапаціцца пра сябе і зрабіць усё магчымае, каб не захварэць, — кажа Крысьціна. — Пакуль выхаду з сытуацыі няма. Застаецца толькі чакаць і верыць у лепшае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Папярэдні дыягназ — грып». Мінздароўя пра дзяўчыну, шпіталізаваную з падазрэньнем на кітайскі каранавірус

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году. Спачатку паведамлялі, што ва Ўхані была зарэгістраваная ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавіруса (яго назвалі 2019-nCoV).
  • 11 студзеня ў Кітаі зафіксавалі першую сьмерць ад хваробы. Кітайскія ўлады прызналі, што вірус можа перадавацца ад чалавека да чалавека.
  • 20 студзеня першы выпадак захворваньня на новы тып каранавірусу зафіксавалі ў Паўднёвай Карэі, 16 студзеня —​ пацьвердзілі ў Японіі, 13 студзеня — у Тайляндзе, 21 студзеня —​ на Тайвані, 22 студзеня — у ЗША.
  • 22 студзеня ўлады 11-мільённага Ўханя, які стаў цэнтрам распаўсюду вірусу, закрылі горад.
  • Па стане на 23 студзеня, у Кітаі новым вірусам заразіліся звыш 500 чалавек, памерлі прынамсі 17. За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Распаўсюджваньне вірусу з Ухані параўноўваюць з другой успышкай каранавірусу ў Кітаі — SARS-CoV або атыповай пнэўманіі — у 2002-2003 гадах. Тады памерлі каля 800 хворых.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі».
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.

Аляксандра Дынько

Журналістка Радыё Свабода

https://www.svaboda.org/a/30392796.html

Последние новости