beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

24.01.2020 19:32

337 просмотров

0 комментариев

У Сянне ўсё дрэнна: закрытыя прадпрыемствы і зарплаты па трыста (рублёў)

Паўгода таму больш за 120 жыхароў Сянна — райцэнтра на поўначы Беларусі — засталіся без працы, таму што закрыўся малочны цэх ОршаСырЗавода. Цяпер студзень 2020-га, а частка былых супрацоўнікаў прадпрыемства да гэтага часу стаяць на ўліку як беспрацоўныя.

Сянно — райцэнтр на поўначы Беларусі / planetabelarus.by

Яшчэ адно прадпрыемства — ААТ "Сенненскі райаграсэрвіс" — завінавацілася крэдыторам амаль $10 млн. У студзені 2020 года пачалася працэдура прызнання яго банкрутам. Два гады таму ў аграсэрвісе працавала больш за 250 чалавек, цяпер — каля ста. Як усе астатнія шукаюць новую працу ў горадзе, дзе жыве менш за 10 тысяч чалавек, і што пра гэта думаюць мясцовыя ўлады?

З працай вельмі складана. Шмат хто з'язджае

Сенненскі цэх ОршаСырЗавода быў адным з нямногіх прадпрыемстваў, якія забяспечвалі працай жыхароў Сянна. Пасля яго закрыцця Сенненскі раён трапіў у пералік тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Усяго такіх рэгіёнаў у спісе — 29.

"Увогуле не засталося практычна ніякіх прадпрыемстваў, — расказвае Еўрарадыё Людміла Крыўко, жыхарка Сянна і маці вядомай беларускай біятланісткі. — Толькі вось хлебазавод, каўбасны цэх... Закрыліся будаўнічыя арганізацыі, меліярацыйная арганізацыя адышла Віцебску. З працай вельмі складана. Многія знаёмыя, як мужчыны, так і жанчыны, з'язджаюць на заробкі ў Расію".

Былым супрацоўнікам малочнага цэха чыноўнікі прапанавалі такі варыянт: вучыцеся на іншую прафесію на бясплатных курсах перападрыхтоўкі ў Віцебску. А тым, у каго не хапае грошай на аплату жылля ў абласным цэнтры, адказалі, што можна часова "працаўладкавацца на работы па добраўпарадкаванні". Гэта значыць, папрацаваць дворнікамі.

Такая прапанова, вядома, задаволіла не ўсіх, але былыя супрацоўнікі цэха не хочуць пра гэта расказваць нават на ўмовах ананімнасці.

Сустрэча намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кунцэвіча з жыхарамі Сенненскага раёна і мясцовай уладай / vitvesti.by

Далучылі 9 калгасаў — і ўсё стала дрэнна

16 студзеня стала вядома пра банкруцтва Сенненскага райаграсэрвіса. За дзевяць месяцаў мінулага года прадпрыемства атрымала страту ў 374 тысячы рублёў, у яго не хапала абаротных сродкаў. Абавязацельствы прадпрыемства ў 147 разоў перавысілі дэбіторскую запазычанасць перад ім, пры гэтым 67% ад агульнай сумы абавязацельстваў былі пратэрмінаваны.

"Я працую ў аграсэрвісе ўжо шмат гадоў, — расказвае супрацоўніца аграсэрвіса. — Раней гэта было прыбытковае, паспяховае прадпрыемства. Але з нядаўніх часоў да нас далучылі 9 стратных калгасаў з усімі іх даўгамі. Хіба гэта справядліва? Пасля гэтага, вядома, сітуацыя стала вельмі складаная. У нас і так зарплаты па 300 рублёў, грошай мала, дык іх яшчэ больш зрэзалі і перасталі выплачваць нават. Некаторым недаплацілі зарплату з лістапада!"

"У аграсэрвісе заўсёды былі праблемы з грашыма. Ніколі дзіцячую дапамогу не плацілі і не плацяць своечасова, калі не пачнеш скардзіцца. Мне хутка выходзіць на працу, і я не ведаю, што рабіць, — расказвае яшчэ адна супрацоўніца прадпрыемства, амаль 100% акцый якога належыць дзяржаве. — З працай усё вельмі складана ў горадзе. Усе з'язджаюць у Расію на заробкі".

Амаль усе ўжо працаўладкаваны

Ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Сенненскага райвыканкама настроены пазітыўна. Начальнік упраўлення Аляксандр Паўлоўскі расказаў Еўрарадыё, што ў былым цэху малочнага камбіната адкрываецца прыватнае прадпрыемства па выпуску цвёрдых сыроў. На працу туды запрашаюць якраз былых супрацоўнікаў Сенненскага цэха ОршаСырЗавода.

"Наколькі мне вядома, амаль усе былыя супрацоўнікі ОршаСырЗавода ўжо працаўладкаваны. Гэта ўсё дзякуючы і прыватнікам, якія вырашылі на базе былога цэха рабіць цвёрдыя сыры. Пакуль не вызначыліся, праўда, колькі там чалавек будзе працаваць. Але ўжо ў хуткім часе, у лютым, прадпрыемства выпусціць пробную партыю, абсталяванне ў цэху ўжо ўсталявалі", — удакладняе Аляксандр Паўлоўскі.

Магутнасць новага прадпрыемства складзе 118 тон у месяц, вытворчасць арыентавана на экспарт. Кошт лініі — больш за $1 млн. Праўда, інфармагенцтва БЕЛТА паведамляе, што рэалізацыя інвестпраекта дазволіла стварыць толькі каля 30 рабочых месцаў. Як уладкаваць на іх пазіцыі 120 работнікаў закрытага цэха — незразумела.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

https://euroradio.fm/u-syanne-usyo-drenna-zachynenyya-pradpryemstvy-i-zarplaty-pa-trysta-rublyou

Последние новости