beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

27.01.2020 17:42

301 просмотр

0 комментариев

Так змагаліся за незалежнасць нашыя продкі. «Дата генератар»: 27 студзеня — перамога на Уле

Найвышэйшы гетман Мікалай Радзівіл Руды, які стаяў пад Лукомлем, узяў з сабою найлепшых вершнікаў і 26 ці 27 студзеня 1564 г. на беразе Улы, каля вёскі Іванск (непадалёк ад Бешанковічаў), раптоўна ўдарыў па ворагу. Сеча доўжылася пяць гадзін, пад вечар маскоўцы пабеглі.

Перамога на Уле

Паслам вялікага князя Жыгімонта II Аўгуста, якія пад канец 1563 г. ізноў прыехалі ў Маскву, каб падпісаць замірэнне, Іван ІV паставіў невыканальную ўмову — аддаць яму назаўсёды і Полацкую зямлю, і Інфлянты.

Між тым падчас перамоў маскоўскія войскі ўжо збіраліся ў новы паход. Іван IV загадаў свайму намесніку ў Полацку князю Пятру Шуйскаму і братам-князям Сярэбраным у Смаленску аб’яднаць свае войскі каля Оршы і адтуль, выпальваючы вёскі, ісці на Менск і Наваградак.

У студзені 1564 г. Шуйскі выступіў з Полацка. Ягоныя ваяры ішлі быццам па сваёй зямлі, дазоры наперад не пасылалі, зброю і даспехі вязлі на санях.

Даведаўшыся пра гэта, найвышэйшы гетман Мікалай Радзівіл Руды, які стаяў пад Лукомлем, узяў з сабою найлепшых вершнікаў і 26 ці 27 студзеня 1564 г. на беразе Улы, каля вёскі Іванск (непадалёк ад Бешанковічаў), раптоўна ўдарыў па ворагу. Ягоныя вершнікі знянацку вылецелі з лесу ўздоўж дарогі, па якой расцягнуліся тысячы саней маскоўцаў. Тыя ледзь паспелі схапіць зброю, а надзець даспехі і стаць у шыхты ўжо не было ні часу, ні месца. Сеча доўжылася пяць гадзін, пад вечар маскоўцы пабеглі. Ваяры Радзівіла да глыбокай ночы ў месяцавым святле пераследавалі захопнікаў. Радзівілу дапамагалі тамтэйшыя жыхары. Між іншым, сяляне з вёскі Іванск схапілі ваяводу Шуйскага, знялі з яго багатую вопратку і голага ўтапілі ў сажалцы.

У палон трапілі 12 ваявод: князі Адоеўскі, Захар’ін-Юр’еў, Палецкі і Празароўскі, баяры Ахлябнін, Нараваты, Пляшчэеў-Очын ды іншыя.

Колькі было у Шуйскага ваяроў, дакладна невядома. Традыцыйна пішуць, што 16 тысяч, аднак гэта значнае перабольшванне. Вы толькі ўявіце сабе 3 тысячы саней, якія быццам захапілі пераможцы: даўжыня каня — 2 метры ды саней 2 метры, разам 4. Памножым на 3 тысячы захопленых і атрымаем калону даўжынёй 12 кіламетраў. А трэба дадаць яшчэ столькі ж, бо палова маскоўцаў здолела ўцячы, зразумела, што на санях, а не пешкі па глыбокім снезе!

Таму я лічу, што было іх не 16 тысяч, а не больш за 8. Магчыма, што палова сапраўды загінула. Няўжо 4 тысячы мёртвых мужчын гэта мала?! Храніст Мацей Стрыйкоўскі сведчыў, што мноства чалавечых касцей на месцы бітвы можна было ўбачыць яшчэ і праз 20 гадоў.

У гэты час войска братоў Сярэбраных, якое ішло да Оршы са Смаленска, паліла ўсе сустрэчныя вёскі, рабавала і забівала іх жыхароў. Насустрач ім выйшла літоўскае войска на чале з князем Філонам Кмітам-Чарнабыльскім. Хутка пачаліся сутыкненні авангардных харугваў. Аднак 9 лютага, даведаўшыся пра разгром Шуйскага, браты-ваяводы павярнулі сваіх ваяроў на зваротную дарогу ў Смаленск.

Паход маскоўцаў на Вільню і Наваградак быў сарваны.

https://euroradio.fm/data-generatar-27-studzenya-peramoga-na-ule

Последние новости