beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

07.02.2020 19:11

409 просмотров

0 комментариев

Экспэрт пра зьмены ў правілы прызыву: Закрануты самыя частыя прычыны непрыдатнасьці да службы

Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя Беларусі прынялі 3 студзеня Інструкцыю аб вызначэньні патрабаваньняў да здароўя грамадзян, зьвязаных з вайсковым абавязкам. Дакумэнт апублікавалі 7 лютага.


Notice: Undefined index: rus in /home/haradoki/beshankovichy.by/libs/R.php on line 368

Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя Беларусі прынялі 3 студзеня Інструкцыю аб вызначэньні патрабаваньняў да здароўя грамадзян, зьвязаных з вайсковым абавязкам. Дакумэнт апублікавалі 7 лютага.

Міністэрства абароны сьцьвярджае, што радыкальных зьменаў у прызыве ня будзе, патрабаваньні да здароўя толькі «ўдакладнілі». Але ў сацсетках пішуць, што прызываць цяпер змогуць значна больш людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ацэньвалі досьвед Расеі». У Мінабароны патлумачылі, чаму памянялі патрабаваньні да здароўя прызыўнікоў

Спэцыяліст адной з кампаній, якія дапамагаюць прызыўнікам у рэалізацыі права на адтэрміноўку або вайсковы білет, расказаў Свабодзе (папрасіўшы не называць яго імя), што зьмены ў інструкцыі тычацца ў асноўным тых пунктаў, якія найбольш часта станавіліся прычынай прызнаньня прызыўнікоў непрыдатнымі да службы.

За мінулыя 10 гадоў, кажа ён, такіх сур’ёзных зьменаў у сьпіс хваробаў ня ўносілі — хутчэй «мянялі знакі прыпынку і склоны». Цяперашнія зьмены кардынальныя, кажа ён.

Экспэрт прыводзіць прыклады, заўважаючы, што гэта далёка ня поўны сьпіс.

Раней скаліёз з вуглом скрыўленьня ў 11° і больш у становішчы лежачы лічыўся нязначным парушэньнем і дазваляў атрымаць вайсковы білет, цяпер нормай для войска лічыцца скрыўленьне да 18° у становішчы стоячы. На думку экспэрта, гэта сумнеўная праўка: калі ў чалавека на 18 гадоў такое парушэньне ня выправілася, то далей яно будзе толькі пагаршацца, і можна хіба што затармазіць яго разьвіцьцё. Але функцыя хрыбетніка ўжо парушаная, а нагрузкі падчас службы могуць пагоршыць сытуацыю.

Зьмяніліся і нормы, зьвязаныя зь індэксам масы цела. Так, цяпер парушэньнем лічыцца толькі вялікі недахоп вагі (індэкс масы цела меншы за 16,9 кг/м²). З атлусьценьнем ІІ ступені раней давалі адтэрміноўку на год і пры адсутнасьці паляпшэньня прызнавалі непрыдатным, цяпер жа даюць адтэрміноўку толькі на паўгода.

Шмат зьменаў зьвязана з хваробамі сэрца. Так, транзыторная АВ-блякада 2-й ступені (парушэньне праводнасьці і рытму сэрца, якое можа выклікаць раптоўную страту прытомнасьці) часта сустракаецца ў прызыўнікоў, і цяпер зь ёю могуць узяць на службу, бо яна не пастаянная.

Адкрытае авальнае акно ў сэрцы (яно ёсьць пры нараджэньні, у 75% людзей зарастае ў першыя тыдні жыцьця) можа прывесьці да інсульту, але калі няма іншых сымптомаў, яго звычайна ня лечаць. Раней сама такая анамалія была дастатковай для прызнаньня непрыдатным, цяпер жа апісалі мінімальныя памеры такога акна ў сэрцы.

Раней у войска ня бралі людзей з двухстворкавым аартальным кляпанам (звычайна ў людзей трохстворкавыя, а двухстворкавыя складаюць 0,5–2% усіх прыроджаных парокаў сэрца, пры фізычных нагрузках чалавек з такім дыягназам можа адчуваць галавакружэньне, траціць прытомнасьць), цяпер могуць узяць, калі няма зваротнага выкіду крыві ў кляпан.

Таксама раней ня бралі ў войска з адным каменем у нырцы памерам ад 5 мм, цяпер — ад 6 мм. Раней ня бралі зь любой кілой харчовай адтуліны дыяфрагмы любой ступені; нядаўна некаторым ваенкаматам пачалі даваць лякальныя тлумачэньні пра тое, як дзейнічаць пры розных ступенях гэтай хваробы, а цяпер такія інструкцыі вынесьлі ў агульныя пастановы.

На думку экспэрта, такія зьмены могуць быць зьвязаныя з тым, што леташнія рэформы прызыву («закон аб адтэрміноўках») дадаюць недастаткова прызыўнікоў.

* * *

Абноўленая інструкцыя будзе актуальнай у час вясновага прызыву. Мэдычныя праверкі пачнуцца ўжо ў лютым. Прызываць будуць хлопцаў ад 18 і да 27 гадоў.

Гэта будзе першы прызыў пры новым міністру абароны. У студзені на месца Андрэя Раўкова Аляксандар Лукашэнка прызначыў 48-гадовага генэрал-маёра Віктара Хрэніна, які раней кіраваў войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня.

За ўхіленьне ад прызыву пагражае крымінальная адказнасьць: паводле арт. 435 КК могуць аштрафаваць, арыштаваць і нават пасадзіць за краты на тэрмін да 2 гадоў. Тым, хто фальсыфікуе дакумэнты, сымулюе хваробу або наўмысна чыніць сабе цялесныя пашкоджаньні, пагражае да 5 гадоў турмы.

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

@SvabodaBelarus Ананімнасьць гарантуем
https://www.svaboda.org/a/30422307.html

Последние новости