beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

21.02.2020 17:34

338 просмотров

0 комментариев

Алег Трусаў: Галоўная мэта — размаўляць удома па-беларуску з дзецьмі і ўнукамі

Галоўны выклік, які сёння стаіць перад беларускай мовай, — гэта замацавацца ды памножыцца ў вялікіх гарадах. Пра гэта ў каментары «Белсату» з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы заявіў ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.


Алег Трусаў. Фота belsat.eu

«Мы атрымалі велізарны плюс. Упершыню за 300 гадоў мы маем беларускі горад. Больш за тое, перапіс паказаў, што ўрбанізацыя ў нас самая моцная ў Еўропе. Яшчэ пасля вайны мы былі сялянская нацыя, а зараз займаем першыя месцы пасля Англіі ці Галандыі», – заявіў суразмоўца.

Ганаровы старшыня ТБМ нагадаў, што толькі ў Менску пражывае больш за 2 млн чалавек. Паводле яго, дзякуючы законам урбанізацыі, беларуская мова больш не ўспрымаецца як мова калгаснікаў.


«І гэта плюс. А мінус у тым, што адукацыя ў нас расейскамоўная. І дзеці ў садках, якія ўжо не маюць беларускамоўных дзядоў і бабуль, зусім не ведаюць беларускай мовы. Таму наша задача не страціць нашых дзяцей і ўнукаў. Яшчэ 20 год, і мы можам загінуць як нацыя. Але можам і адрадзіцца як нацыя», – заявіў Алег Трусаў.

Вёска памірае

Суразмоўца адзначыў, што галоўная мэта кожнага беларуса – размаўляць удома з дзецьмі і ўнукамі.

«Гэта задача кожнага беларускага патрыёта, не важна беларус ён ці мангол, ці кітаец. Калі ён свядомы чалавек і хоча захаваць незалежную Беларусь, ён павінен актыўна пераходзіць на беларускую мову, перш-наперш у сям’і», – падкрэсліў ганаровы старшыня ТБМ.

У адваротным выпадку, на яго думку, не будзе «ні нацыі, ні незалежнасці, ні народу».

«Калі захаваемся, у нас праз 20 год будзе адзіная дзяржаўная мова», – дадаў ён.

Паводле суразмоўцы, трэба змагацца перадусім за беларускамоўныя дзіцячыя садкі і пачатковыя школьныя класы ў гарадах, «бо вёска памірае» і кажа «на трасянцы ў перамешку з расейскім матам».

«Не важна якая дзяржава, але ўдома ў гарадах трэба гаварыць па-беларуску з дзецьмі і асабліва ўнукамі. Не будзем гэтага рабіць – усе загінем», – мяркуе Алег Трусаў.

  • Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны на 30-й сесіі UNESCO ў 1999 годзе. Яго мэта – заахвоціць моўную разнастайнасць і шматмоўную адукацыю, а таксама спрыяць усведамленню моўных і культурных традыцыяў, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Дзень святкавання 21 лютага быў абраны з прапановы Бангладэш: у гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.
  • У 1989 годзе роднай мовай беларускую лічылі 77,7 % жыхароў Беларусі, а ў 2009-м іх колькасць зменшылася да 53,2 %, а карысталіся ёй штодня яшчэ менш – толькі 23,4 %. У Белстаце заяўляюць, што колькасць беларускамоўных у выніках перапісу-2019 можа быць значна большай, чым паводле вынікаў перапісу 2009 году.

МГ belsat.eu

Последние новости