beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

21.03.2020 18:46

186 просмотров

0 комментариев

«Настаўнікам сказалі маўчаць». У менскай школе часткова адмянілі заняткі. Вінаваты каранавірус?

Раніцай вакол менскай СШ № 212 у мікрараёне Сухарава амаль цішыня. Звычайна ў гэты час дзеці сьпяшаюцца ў школу на заняткі, але сёньня сюды падцягваюцца ў асноўным дарослыя ды рэдкія старшаклясьнікі. Амаль у кожнага ў руках белы аркуш — гэта заява аб вызваленьні дзіцяці ад заняткаў да 27 сакавіка.

У бацькоўскіх чатах працягвае распаўсюджвацца інфармацыя пра пацьверджаны каранавірус у аднаго з школьнікаў.

«Я толькі вярнуўся з Армэніі, там ва ўсіх школах абвясьцілі карантын»

Пра тое, чаму давялося пісаць падобную заяву, Свабодзе расказаў дальнабойнік Максім, які жыве побач.

Максім

«Вечарам у чаце напісалі са школы, што ўсім трэба падаць заяву, што гэта мы самі ня хочам весьці дзяцей у школу. Вось аднёс такую заяву пра сына, каб засьцерагчыся», — кажа Максім.

Малады бацька сьцьвярджае, што ініцыятыва зыходзіла менавіта ад адміністрацыі школы, але прычыны не паведамілі. Але Максім кажа, што яе ўсе ведаюць.

«Учора ў вучня адной клясы нібыта знайшлі каранавірус, вось і вырашылі спыніць заняткі. Але пра карантын не гавораць. Я вось толькі вярнуўся з Армэніі, там ва ўсіх школах абвясьцілі афіцыйны карантын. А ў нас зноў толькі паўмеры. Атрымліваецца, у нашай школе заняткаў ня будзе, але ў іншых будуць, пакуль і там не захварэюць?» — абураецца Максім.

Дзьмітры

Дзьмітры таксама аднёс заяву пра тое, што сын-другаклясьнік да вакацый на заняткі хадзіць ня будзе.

«Нічога не гавораць. Але гэта сур’ёзна, калі сказалі пісаць заявы. Бацькі напалоханыя. Усясьветная арганізацыя здароўя за тое, каб абвяшчалі карантын, вось і нам трэба», — мяркуе Дзьмітры.

Некаторыя старшаклясьнікі нясуць заявы сваіх бацькоў самі

Сяргей прыйшоў прынёс заяву ў школу з сынам.

«Са школы самі пазванілі», — кажа ён. Але ўся інфармацыя ў бацькоў на ўзроўні чутак. Нібыта дзіця, у якога выявілі каранавірус, мела кантакт са сваяком, які пабываў у Італіі.

«Калі я ўчора забірала дзіця з групы падоўжанага дня, дык казалі, што ўсіх дзяцей з той клясы, так званы другі ўзровень кантакту, забралі на аналізы, — кажа маці аднаго са школьнікаў Маргарыта. — А іхнай настаўніцы загадалі маўчаць, пагражалі нават звальненьнем, калі адмовіцца. У яе таксама бяруць аналізы, яе ізалявалі. Прабачце, больш нічога казаць ня буду, бо баюся за настаўніцу».

Форма заявы, якой скарысталася Маргарыта


«Мы ідзём насустрач тым бацькам, якія пажадалі пакінуць дзяцей дома»

Паводле супрацоўнікаў школы, у будынку другі дзень вядзецца санітарная апрацоўка.

«Усё драяць, уключна з туалетамі, — паведаміла адна з настаўніц. — Пачалі яшчэ ўчора і сёньня працягваюць. Але ў некаторых клясах, дзе вучні засталіся, заняткі ідуць».

З дырэктаркай СШ № 212 Вольгай Касалапавай удалося сустрэцца ў вэстыбюлі школы. Вольга Касалапава стаяла ля дзьвярэй і назірала, як настаўніца прымала заявы ад бацькоў, якія заходзілі ў школу. Заявы ад бацькоў несьлі таксама старшаклясьнікі. Заходзілі ў вэстыбюль, а потым выходзілі са школы. Але некаторыя заставаліся і праходзілі ўсярэдзіну. Дырэктарка зь імі віталася.

«Заняткі ў нас спыненыя часткова, у некаторых клясах урокі сёньня адбудуцца, — сказала кіраўніца школы. — Вось Арына прыйшла. У яе заняткі будуць. А ў іншых не. Мы ідзём насустрач тым бацькам, якія пажадалі пакінуць дзяцей дома і напісалі адпаведныя заявы. Гэта іх ініцыятыва. А настаўнікі ўсе працуюць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта псыхоз». Лукашэнка патлумачыў, чаму Беларусь ня ўводзіць карантыну

Што да прычыны такой сытуацыі, Вольга Касалапава сказала, што гэта зьвязана з эпідэміяй каранавірусу. Але ці сапраўды вучань школы захварэў на COVID-19, Вольга Касалапава пацьвердзіць адмовілася. Адказала: «Пытаньне не да нас».

Ніводзін з супрацоўнікаў школы і наведнікаў ня быў у ахоўнай масцы.

Міністэрства здароўя сытуацыі ў школе № 212 не камэнтавала.

Алег Груздзіловіч

https://www.svaboda.org/a/30498973.html

Последние новости