beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

02.04.2020 10:36

316 просмотров

0 комментариев

22 новыя адказы пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пандэмія каранавірусу ахапіла ўсе кантынэнты і ўжо забрала дзясяткі тысячаў жыцьцяў. Як засьцерагчыся ад хваробы, як быць з працай, як захаваць спакой і раўнавагу. Вось адказы на многія пытаньні, што ўзьнікаюць падчас пандэміі. Гэтая інфармацыйная база будзе ўвесь час дапаўняцца.

Дзе і колькі часу жыве вірус COVID-19?

Каранавірус можа жыць да пяці сутак на некаторых матэрыялах, у тым ліку на плястыкавых і сталёвых паверхнях:

  • У паветры — да паўгадзіны
  • Алюміній — 2-8 гадзін
  • Хірургічныя пальчаткі — 8 гадзін
  • Сталь — 48 гадзін
  • Дрэва — 4 дні
  • Шкло — 4 дні
  • Папера — 4-5 дзён
  • Плястык — 5 дзён
Ці залежыць пашырэньне каранавірусу ад клімату?

Не залежыць. Як вядома на сёньняшні дзень, вірус COVID-19 можа перадавацца ва ўсіх рэгіёнах, уключаючы рэгіёны з гарачым і вільготным кліматам.

Незалежна ад клімату рабіце засьцерагальныя захады, калі вы жывяце ў горадзе альбо падарожнічаеце ў рэгіён, у якім ёсьць COVID-19.

Найлепшы спосаб засьцерагчы сябе ад COVID-19 — часта мыць рукі. Такім чынам вы ліквідуеце вірусы, якія могуць быць на вашых руках, і пазьбягаеце заражэньня, якое можа адбыцца, калі вы дакранаецеся да вачэй, рота і носа.

Як уплывае на вірус навакольная тэмпэратура?

Ніяк. Няма падстаў лічыць, што халоднае надворʼе можа забіць новы каранавірус ці іншыя хваробы. Ніяк не абараняе ад інфікаваньня вірусам COVID-19 і гарачая ванна.

Нармальная тэмпэратура цела чалавека застаецца на ўзроўні 36,5—37°С, незалежна ад вонкавай тэмпэратуры і надворʼя.

Ці можа новы каранавірус перадавацца праз укусы камароў?

На сёньняшні дзень не існуе ні інфармацыі, ні доказаў, якія дазваляюць выказаць здагадку, што новы каранавірус можа перадавацца камарамі.

Новы каранавірус — гэта рэсьпіраторны вірус, ён распаўсюджваецца галоўным чынам праз кроплі, якія ўтвараюцца, калі інфікаваны чалавек кашляе або чхае, альбо праз кроплі сьліны ці выдзяленьні з носа.

Ці абараняюць ад новага каранавірусу вакцыны ад пнэўманіі?

Не. Вакцыны супраць пнэўманіі, такія як пнэўмакокавая вакцына і вакцына супраць гемафільнага грыпу тыпу B (Hib), не абараняюць ад новага каранавірусу.

Вірус настолькі новы і адрозны ад іншых, што яму патрэбна ўласная вакцына. Дасьледчыкі спрабуюць распрацаваць вакцыну супраць 2019-nCoV, і Сусьветная арганізацыя здароўя падтрымлівае іх намаганьні.

Хоць гэтыя вакцыны не эфэктыўныя супраць 2019-нCoV, вакцынацыя супраць рэсьпіраторных захворваньняў настойліва рэкамэндуецца для аховы здароўя.

Ці дапаможа рэгулярнае прамываньне носа фізіялягічным растворам?

Не. Няма доказаў таго, што рэгулярнае прамыванае носа фізіялягічным растворам абараняла людзей ад заражэньня новым каранавірусам.

Існуюць некаторыя доказы, што рэгулярнае прамываньне носа фізіялягічным растворам можа дапамагчы людзям хутчэй паправіцца пасьля катару. Аднак не пацьверджана, што рэгулярнае прамываньне носу прадухіляе рэсьпіраторныя інфэкцыі.

Ці антыбіётыкі эфэктыўныя ў прадухіленьні і лячэньні новага каранавірусу?

Не, антыбіётыкі ня дзейнічаюць супраць вірусаў, а толькі супраць бактэрыяў.

Новы каранавірус (2019-nCoV) — гэта вірус, і таму антыбіётыкі не павінны выкарыстоўвацца ў якасьці сродку прафіляктыкі і лячэньня.

Аднак, калі вас шпіталізавалі зь вірусам 2019-nCoV, вы можаце атрымаць антыбіётыкі, таму што магчыма заразіцца бактэрыямі.

Як засьцерагчыся ад каранавірусу. Парады САЗ

Большасьць людзей, якія хварэюць на COVID-19, маюць невыразныя сымптомы і папраўляюцца. Аднак здараюцца і больш сур’ёзныя выпадкі, зь цяжкімі праявамі хваробы. Вось парады Сусьветнай арганізацыі здароўя:

  • Мыйце рукі. Часта
  • Рэгулярна і вельмі старанна мыйце рукі са сродкам, які зьмяшчае сьпірт, альбо вадой з мылам.

  • Захоўвайце дыстанцыю
  • Старайцеся знаходзіцца на адлегласьці ня меней за 1 мэтар ад суразмоўцаў, якія кашляюць ці шморгаюць носам.

  • Не дакранайцеся да вачэй, носа і рота
  • На руках можа быць вірус, таму, калі вы дакраняцеся да сьлізістых паверхняў, ён можа трапіць у арганізм і вы захварэеце.

  • Прыкрывайце рот і нос локцем ці сурвэткай, калі кашляеце і чхаеце
  • Выкарыстаную сурвэтку трэба адразу выкінуць. Калі пры кашлі або чханьні прыкрываць нос і рот рукой, мікробы могуць патрапіць на вашы далоні, а затым на прадметы або людзей, да якіх вы дакраняцеся.

  • Калі ў вас тэмпература, кашаль ці вы цяжка дыхаеце, адразу зьвяртайцеся да доктара
  • Заставайцеся дома, калі пачуваецеся кепска. Зьвяртайцеся па мэдыцынскую дапамогу неадкладна і выконвайце парады лекараў. Так вы ачуняеце хутчэй і ня станеце крыніцай інфэкцыі для іншых.

У якіх выпадках належыць насіць маску і як ёю карыстацца — рэкамэндацыі САЗ

САЗ адзначае, што маскі зьяўляюцца эфэктыўным сродкам засьцярогі толькі ў камбінацыі з рэгулярнай апрацоўкай рук сьпіртазьмяшчальным антысэптыкам або вадой з мылам.

  • перад тым як надзець маску, апрацуйце рукі сьпіртазьмяшчальным сродкам або вымыйце іх з мылам;
  • надзеньце маску так, каб яна закрывала нос і рот без шчылінаў паміж целам і маскай;
  • не дакранайцеся да маскі падчас выкарыстаньня; у выпадку дакрананьня апрацуйце рукі сьпіртазьмяшчальным сродкам або вымыйце іх з мылам;
  • як толькі маска становіцца сырой, замяніце яе новай, і не выкарыстоўвайце аднаразовыя маскі паўторна;
  • зьнімаючы маску, трымайце яе за гумкі ззаду і не кранайце пярэдняй часткі маскі; адразу выкіньце яе ў кантэйнэр для сьмецьця, які прыкрываецца; апрацуйце рукі сьпіртазьмяшчальным сродкам або вымыйце іх з мылам
Чаму мыла працуе лепей за іншыя сродкі дэзынфэкцыі

Калі вы мыеце рукі з мылам, вы акружаеце любыя мікраарганізмы на скуры малекуламі мыла. Некаторыя малекулы мыла парушаюць хімічныя сувязі, якія дазваляюць бактэрыям, вірусам прыліпаць да паверхняў, здымаючы іх са скуры.

Калі вы апалоскваеце рукі, усе мікраарганізмы, якія былі пашкоджаныя, захопленыя і забітыя малекуламі мыла, змываюцца.

Паводле навукоўцаў, у цэлым сродкі для дэзынфэкцыі рук не такія надзейныя, як мыла. Санітарныя сродкі, якія маюць менш за 60 адсоткаў этанолу, дзейнічаюць аналягічна, перамагаючы бактэрыі і вірусы, дэстабілізуючы іх ліпідныя мэмбраны.

Але яны ня могуць так лёгка выдаліць мікраарганізмы з скуры як мыла, адзначае амэрыканскае выданьне і робіць выснову, што «збольшага мыцьцё рук зьяўляецца больш эфэктыўным, чым ачышчэньне дэзынфікуючымі сродкамі, бо дэзынфэкцыя на аснове сьпірту добрая ў тым выпадку, калі мыла і вада недаступныя».

Як перастаць дакранацца да твару і не заражаць сябе

Адной задач падчас пандэміі каранавіруса стала навучаньне людзей часта мыць рукі і перастаць дакранацца да сьлізістых абалонак твару — вачэй, носа і рота. Якраз гэтыя часткі цела зьяўляюцца асноўнымі парталамі для пранікненьня ў арганізм новага каранавіруса.

Мы чухаем нос, расьціраем вочы, абапіраемся на падбародак, кратаем вусны, нават пастукваем пальцамі па зубах — у людзей ёсьць мноства спосабаў занесьці інфэкцыю.

Каб разарваць звычку дакранацца да твару, паспрабуйце выкарыстоўваць тканіну, калі вам трэба пачухаць нос ці пацерці вочы.

Нанясеньне касмэтыкі можа таксама зьменшыць колькасьць дотыкаў да твару, каб не размазаць яе. Адно з дасьледаваньняў паказала, што жанчыны дакраналіся да твару значна менш, калі яны мелі макіяж.

Іншае рашэньне: паспрабуйце вызначыць спускавыя мэханізмы для дакрананьняў да твару, напрыклад, сухую скуру ці сьверб у вачах, і выкарыстоўвайце ўвільгатняючыя крэмы або вочныя кроплі для лячэньня гэтых праяў.

Можа дапамагчы і нашэньне акуляраў як натуральнага бар’ера для дакрананьня да вачэй.

Новы этыкет каранавіруснага сэзону: не абдымацца, не цалавацца, не рукацца

Ва ўсім сьвеце людзі мяняюць свае штодзённыя звычкі на працы і дома, каб зьнізіць рызыку заражэньня каранавірусам і не дапусьціць яго далейшага распаўсюджваньня. Гэтыя зьмены адбываюцца пад уплывам парадаў і заклікаў мэдычных экспэртаў, публічных асобаў і ўладаў.

Тры перасьцярогі выглядаюць так: пазьбягайце пацісканьня рукі, адмоўцеся ад пацалункаў, не абдымайцеся.

Як тады вітацца?

У Пэкіне, сталіцы Кітаю, дзе пачалася ўспышка, білборды падказваюць людзям злучыць абедзьве свае рукі ў знак прывітаньня, а не паціскаць руку сустрэтага чалавека.

У Францыі экспэрт у пытаньнях ладу жыцьця Філіп Ліштфю кажа, што звычайны погляд чалавеку ў вочы можа быць дастатковым прывітаньнем.

У Аўстраліі Брэд Газард, міністар аховы здароўя Новага Паўднёвага Уэльсу, параіў людзям вітацца ня поціскам рукі, а паляпваньнем адзін аднаго па сьпіне.

У Іране было зробленае відэа сустрэчы трох сяброў, якія прытупваюць нагамі ў знак прывітаньня.

Як засьцерагчыся ад каранавірусу ў офісе, транспарце, краме. Тлумачыць доктар Салошкін. ВІДЭА

Доктар-рэаніматоляг Зьміцер Салошкін паказаў, як падчас эпідэміі віруснага захворваньня паводзіць сябе ў грамадзкім транспарце і краме, як мыць рукі і карыстацца ліфтам, а таксама расказаў, якія сродкі дэзынфэкцыі варта мець пры сабе.

Як самастойна прайсьці карантын

Многім людзям, якія кантактавалі з хворымі або самі захварэлі, даводзіцца цяпер праходзіць 14-дзённы хатні карантын. Сёньня такая мера ўведзена ў многіх эўрапейскіх краінах і ЗША.

Гэта можа быць складана і непрыемна, асабліва калі вы жывяце ў цесных памяшканьнях, калі ў вас ёсьць маленькія дзеці або пажылыя сваякі, пра якіх трэба дбаць. Вось некалькі парадаў:

Аддзяленьне. Калі вы патэнцыйна заразныя, важна аддзяліць сябе ад партнэра, дзяцей, старых і суседзяў па доме. Каб захаваць бясьпеку, нельга нават пагладжваць свайго сабаку ці ката, хоць лічыцца, што жывёлы каранавірус не пераносяць.

Для вас павінен быць вылучаны асобны пакой, ідэальна — і свой ванны пакой, бо кожная паверхня, да якой вы датыкаецеся, можа быць заразнай.

У вас не павінна быць наведнікаў, калі вы з кімсьці размаўляеце, той не павінен быць бліжэй, чым 1-2 мэтры ад вас.

Не карыстайцеся, у выпадку пільнай патрэбы, мэтро, аўтобусам, тралейбусам, трамваем ці таксі.

Калі вы едзеце да лекара ў сваім аўтамабілі з кімсьці са сваякоў, выкарыстоўвайце маску. Тое самае і пра кантактах дома. Калі маскі няма, можа выкарыстаць шалю ці хустку.

Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, у Кітаі ад 70 да 80 працэнтаў выпадкаў перадачы віруса адбывалася ў сям’і. Тамтэйшыя органы ўлады былі вымушаныя стварыць ізалятары з тысячамі ложкаў у спартовых залях і крытых стадыёнах, каб дбаць пра самотных людзей або тых, хто падвяргаў рызыцы заражэньня членаў сваіх сямей.

Як справіцца са стрэсам падчас эпідэміі
  • Гэта нармальна адчуваць сум, стрэс, разгубленасьць, страх ці злосьць падчас крызісу. Вам можа дапамагчы гутарка зь людзьмі, якім вы давяраеце. Зьвяжыцеся зь сябрамі і сям’ёй.
  • Калі вам трэба заставацца дома, падтрымлівайце здаровы лад жыцьця — у тым ліку добрую дыету, сон, фізычныя практыкаваньні і сацыяльныя кантакты зь любімымі людзьмі дома альбо зь іншымі сваякамі і сябрамі праз электронную пошту і тэлефон.
  • Не выкарыстоўвайце курэньне, алькаголь ці іншыя наркотыкі, каб справіцца са сваімі эмоцыямі. Калі адчуваеце псыхалягічную перагрузку, паразмаўляйце з мэдыкам ці псыхолягам. Падрыхтуйце плян, куды зьвярнуцца, калі спатрэбіцца дапамога фізычнаму ці душэўнаму здароўю.
  • Даведайцеся факты. Зьбярыце інфармацыю, якая дапаможа вам правільна вызначыць рызыкі для сябе, каб вы змаглі зрабіць патрэбныя захады засьцярогі. Знайдзіце крыніцу інфармацыі, якой вы можаце давяраць — да прыкладу, сайт Сусьветнай арганізацыі здароўя ці мясцовай альбо агульнадзяржаўнай установы ў сфэры аховы здароўя.
Як дапамагчы дзецям справіцца са стрэсам падчас эпідэміі. Парады САЗ
  • У цяжкія часы дзецям патрэбныя дадатковая любоў і ўвага. Памятайце, што трэба выслухаць вашых дзяцей, размаўляць зь імі ласкава і абнадзеіць іх. Калі магчыма, стварыце дзецям умовы для гульні і адпачынку.
  • Пастарайцеся, каб дзеці заставаліся з бацькамі і сямʼёй, і пазьбягайце разлучаць дзяцей і іх апекуноў, наколькі гэта магчыма. Калі здараецца такая разлука (напрыклад, пры шпіталізацыі) забясьпечце рэгулярныя кантакты (напрыклад, праз тэлефон) і заспакойваньне.
  • Як толькі магчыма, захоўвайце звычайны лад жыцьця і расклад, ці дапамажыце стварыць новыя звычкі ў новым асяродзьдзі, у тым ліку што тычыцца школы/навучаньня, а таксама часу для бясьпечных гульняў і адпачынку.
Як не пераядаць праз стрэс ад сядзеньня дома

Ежа можа стаць адным з самых простых і хуткіх спосабаў палепшыць настрой у стрэсавы час, таму часта людзі шукаюць паратунак ад стрэсу ў лядоўні. Экспэрты засьцерагаюць, што эмацыйнае ўжываньне вялікай колькасьці ежы зь невялікім утрыманьнем карысных рэчываў можа аслабіць нашу імунную сыстэму.

Каб спыніць эмацыянальнае харчаваньне, запытайцеся ў сябе, перш чым нешта зьесьці: «Ці я буду есьці, таму што я галодны, ці таму, што адчуваю стрэс альбо сум?» Калі адказ апошні, зьвярніцеся да іншых крыніцаў камфорту: дыхальных практыкаваньняў, руху, духоўных практык, сацыяльных узаемадзеяньняў, хобі ці часу на прыродзе. Варта прытрымлівайцеся звычайнага графіку прыёму ежы (двойчы ці тройчы на дзень), нават калі мяняецца распарадак дня. Апрача таго, трэба піць шмат вады, каб пазьбегнуць абязводжваньня.

Калі няма магчымасьці набыць сьвежыя прадукты, купляйце замарожаныя прадукты, а не кансэрвы. Замарожаная ежа захоўваецца амаль у арыгінальным стане і звычайна мала ўзаемадзейнічае з плястыкам, у якім захоўваецца, тым часам як у кансэрвах ежа кантактуе мэталічнай ёмкасьцю і плястыфікатарам, які выкарыстоўваецца для ўшчыльненьня. Кансэрваваныя харчы звычайна захоўваюцца ў растворы з высокім утрыманьнем солі альбо цукру.

Выкарыстоўвайце спэцыі для зьніжэньня запаленьняў, выкліканых стрэсам, і ўжывайце прадукты з вітамінам С для ўмацаваньня імуннай сыстэмы.

Як займацца сэксам у часы каранавірусу

Ці распаўсюджваецца COVID-19 полавым шляхам? Няма доказаў, што COVID-19 можа перадавацца вагінальным або анальным шляхам. Аднак пацалункі — вельмі распаўсюджаная практыка падчас сэксуальнага акту, і вірус можа перадавацца празь сьліну. Таму калі вы ці ваш партнэр заражаны COVID-19, трымайцеся на адлегласьці адно ад аднаго.

Калі вы жывяце са сталым сэксуальным партнэрам і ў вас няма ніякіх сымптомаў, сэкс можа стаць сапраўды выдатным спосабам весела правесьці час і зьняць напружаньне ў гэтыя трывожныя дні, тыдні і месяцы.

Што да новых сэксуальных партнэраў, дык зь імі варта пачакаць. Блізкія кантакты зь людзьмі па-за домам варта абмежаваць да мінімуму, але іншыя формы праяўленьня эратызму, такія як сэксэмэскі, відэа-званкі, чытаньне эротыкі і мастурбацыя, па-ранейшаму застаюцца варыянтамі.

Як захаваць спакой падчас пандэміі

Ня трэба панікаваць. Варта абмежаваць чытаньне інтэрнэту і сацыяльных сетак. Там, вядома, ёсьць і каштоўныя парады, аб’ектыўная інфармацыя. Але ўразьліваму чалавеку лепш не чытаць, да прыкладу, колькі памерла ад каранавірусу за апошнія суткі ў Італіі. Абмежаваць доступ да эмацыйна нагружаных навінаў, да нэгатыву. Варта чытаць парады, карысныя рэчы, а менш гартаць навінныя сайты.

Калі ў галаве зашмат трывожных думак, а гэта стварае ў целе фізычнае напружаньне, найлепшы шлях — рабіць штосьці фізычна: трэнаваць прэс, таньчыць, скакаць пад музыку. Ёсьць цудоўнае практыкаваньне, якое называецца «пральная машына»: 5 хвілін рукамі, нагамі і целам вырабляць тое, што робіць кашуля ў пральнай машыне. Гэтыя хаатычныя рухі здымаюць напружаньне зь цела.

Як дзейнічае страхоўка ў сувязі з пандэміяй каранавірусу

У беларускай дзяржаўнай кампаніі «Белдзяржстрах» патлумачылі, што ў выпадку заражэньня каранавірусам за мяжой аплачваюцца паслугі «хуткай» і лекаваньне.

Тэст на выяўленьне вірусу, зьмяшчэньне ў карантын, вяртаньне на радзіму пасьля карантыну, вакцынацыя ад вірусных захворваньняў і іншыя прафіляктычныя меры (у тым ліку набыцьцё масак і антысэпыкаў)ня лічацца страхавымі выпадкамі і не кампэнсуюцца.

Пры страхоўцы адмены паездкі кампэнсуюць выдаткі, калі ўладальнік страхоўкі ці яго непаўналетняе дзіця заразіліся каранавірусам і былі шпіталізаваныя, альбо калі пэрыяд шпіталізацыі завяршаецца менш чым за 3 дні да дня пачатку паездкі,

Не пакрываюць выдаткі пры зьмяшчэньні ў карантын у сувязі з каранавірусам

Ці могуць вам адмовіць зрабіць тэст? Прымусова шпіталізаваць на карантын?

Так, дактары маюць права адмовіць у тэсьце на каранавірус. У пратаколе Міністэрства здароўя апісаныя выпадкі, у якіх доктар мусіць прызначыць тэст. Калі таго канкрэтнага выпадку няма ў пратаколе, чалавек ня можа патрабаваць, каб яму зрабілі тэст. У камэрцыйных мэдычных цэнтрах тэстаў на каранавірус няма — дзяржава не дазваляе самастойна здаць тэсты ў сытуацыі, калі колькасьць тэстаў абмежаваная.

Ці мае права брыгада мэдыкаў, якая прыехала, каб ізаляваць кантакты першага ўзроўню, забраць чалавека ў шпіталь на карантын прымусова? Не, нават унясеньне каранавірусу ў сьпіс небясьпечных захворваньняў не дае мэдычным службам паўнамоцтваў прымусова ізаляваць асобаў першага кантакту з хворым. Тут усё заснавана на сьвядомасьці і сацыяльнай адказнасьці саміх грамадзянаў.

Дыстанцыйная праца падчас пандэміі: што будзе з заробкамі, выходнымі і працоўным стажам?

28 студзеня 2020 году ўступіла ў дзеяньне новая рэдакцыя Працоўнага кодэксу Беларусі, у якім упершыню ўведзены разьдзел аб дыстанцыйнай працы. Такая праца цяпер дазволеная са згоды працадаўцы пры заключэньні дадатковай дамовы да асноўнай працоўнай дамовы. Пры гэтым работніку гарантуецца захаваньне ўсіх ягоных правоў: ён ня страчвае заробку і працоўнага стажу, а ў выпадку хваробы будзе мець аплачаны бальнічны ліст;

А вось для сытуацыі, калі работнік апынуўся на карантыне не па сваёй волі, прававая база яшчэ не распрацаваная. Калі чалавек захварэе, яму дадуць бюлетэнь і паводле яго аплацяць непрацоўныя дні, але калі падазрэньні на хваробу не пацьвердзяцца, дык ніякая мэдыцынская ўстанова бюлетэню ня выдасьць. Юрыдычныя падставы для вырашэньня гэткіх праблемаў магла б стварыць надзвычайная сытуацыя — абвяшчэньне ў краіне карантыну.



https://www.svaboda.org/a/30513193.html

Последние новости