beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

31.07.2020 09:54

251 просмотр

0 комментариев

Пад Псковам ды Невелем...

Па выніках экстраннага паседжання ЦВК з удзелам кандыдатаў на прэзідэнцтва можна сцвярджаць, што беларусы пакуль могуць выдахнуць: прагназаваныя жорсткія сцэнары кшталту ўвядзення надзвычайнага становішча не пацвердзіліся. Але тэмпература напружанасці ў грамадстве працягвае расці. Бо як можа спаць спакойна звычайны беларус, калі па тваёй краіне некантралявана перасоўваюцца натоўпы баевікоў?

Па выніках экстраннага паседжання ЦВК з удзелам кандыдатаў на прэзідэнцтва можна сцвярджаць, што беларусы пакуль могуць выдахнуць: прагназаваныя жорсткія сцэнары кшталту ўвядзення надзвычайнага становішча не пацвердзіліся. Але тэмпература напружанасці ў грамадстве працягвае расці. Бо як можа спаць спакойна звычайны беларус, калі па тваёй краіне некантралявана перасоўваюцца натоўпы баевікоў?

Падчас паседжання кіраўнік Савету бяспекі Раўкоў пацвердзіў інфармацыю пра тое, што 33 арыштаваныя грамадзяне Расеі – прадстаўнікі расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Яны даюць паказанні, але некаторыя ўжо нібыта прызналіся, што прыехалі «рабіць рэвалюцыю». Таксама, са словаў Андрэя Дзмітрыева, спадар Раўкоў сцвярджаў, што «пад Псковам і Невелем фармуюцца яшчэ нейкія групоўкі» баевікоў, якія плануюць пранікненне на тэрыторыю Беларусі з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі.

Навошта вагнэраўцы прыехалі ў Беларусь? Асноўныя версіі гучнай справы

Калі гэта ўсё чыстай вады праўда, то ўзнікаюць пытанні: дзе кансультацыі сілавікоў у межах саюзнай краіны, дзе закрыццё межаў, дзе нота пратэсту да ўладаў Расеі, якія нібыта не кантралююць дзеянняў свайго ПВК? Нарэшце, што робяць нашыя КДБ ды памежнікі, якія «згубілі» як мінімум яшчэ 170 патэнцыйных злодзеяў? Гэта ж не голка ў стозе сена! Ужо сёння яны могуць кідаць дохлых пацукоў у студні мірных калгаснікаў, назапашваць па здымных гаражах сякеры і арматуру… Фантазія малюе жахлівыя карціны!


Аўтазакі каля пл. Бангалор у сталіцы. Фота: «Белсат»

Каб быць справядлівым, трэба зазначыць: прыватныя вайсковыя кампаніі – гэта не жарт. У той жа Расеі іх каля дзясятка. Гэта прафесійныя забойцы, якія дзеля грошай гатовыя на ўсё. Чальцы таго ж ПВК Вагнэра бязлітасна дзейнічалі ва Украіне, Сірыі, Лівіі, і для іх, як кажуць, грошы не пахнуць. Дагэтуль не расследаваныя забойствы на Майдане даюць права існаваць версіі, што забойцамі маглі быць прадстаўнікі нейкай «трэцяй сілы». Чаму ж падчас магчымых масавых пратэстаў у Менску не маглі б дзейнічаць падобныя правакатары-найміты?


Міліцыянты на пл. Бангалор напярэдадні мітынгу Святланы Ціханоўскай. Фота: «Белсат»

Цяжка сабе ўявіць, што перасоўванне двухсот баевікоў па Беларусі не было заўважанае. Бяздзеянне нашых спецслужбаў можна патлумачыць тым, што пільнасць беларускіх сілавікоў усыпілі хітрыя «крамлёўскія», таму нашыя спецслужбы нічога не вартыя, або што ніхто вагнэраўцаў не ўспрымаў як пагрозу. Як і раней: адпачылі хлопцы на ўтульных беларускіх курортах і паляцелі з «чыстым сумленнем» забіваць людзей у нейкай далёкай афрыканскай краіне. Не збіраўся ж баявік расплачвацца за беларускае марозіва суданскімі фунтамі! Гэтую версію, дарэчы, выказалі некалькі расейскіх Telegram-каналаў, падкрэсліваючы, што Беларусь ва ўмовах пандэміі і зачыненых межаў можа быць перавалачнаю базай для расейскіх наймітаў. «Лукашэнка, канечне, быў у курсе, для чаго вагнэраўцы знаходзяцца ў Менску і куды лятаюць», – сцвярджае спадар Пегаў з каналу «War Gonzo».


Прэзідэнт Расеі на сустрэчы з кіраўніцтвам прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Фота з групы ВК «Солдаты Удачи»

Немагчыма сабе ўявіць, што прыватныя вайсковыя кампаніі не кантралююцца расейскімі спецслужбамі, як і тое, што спецслужбы саюзных дзяржаваў не перабываюць у сталым кантакце. Расейскія ўлады, са словаў Дзмітрыя Пяскова, прэс-сакратара расейскага прэзідэнта, чакаюць «вычарпальнай інфармацыю пра тое, што адбылося».

Вось і атрымоўваецца, што ці то Масква трымала дулю ў кішэні, ці то Менск непрыгожа ў дачыненні Расеі выкарыстаў вагнэраўцаў у сваіх мэтах. У любым выпадку, яны сталі «ахвярнымі авечкамі» ў вялікай палітычнай гульні. Не ў тым месцы, не ў той час…

Усе чакаюць рэальных доказаў ад уладаў Беларусі. Тут ужо не адкруцішся. Гэта табе не справы «дохлага пацука» ці «джыпа са зброяй праз украінскую мяжу», канцы якіх патанулі. І калі гэтая гульня з «ахвярнымі авечкамі» не была ўзгодненая з «крамлёўскімі», то гэта пахне сур’ёзным канфліктам з Расеяй. І тады пытанне, што там сапраўды будзе адбывацца пад Псковам ды Невелем.

Алесь Дзянісаў belsat.eu

https://belsat.eu/news/pad-pskovam-dy-nevelem/

Последние новости