beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

31.07.2020 10:14

314 просмотров

0 комментариев

Чаму асфальт на вуліцах Бешанковічаў правальваецца праз лічаныя месяцы пасля ягонай ўкладкі? (фота)

4-га чэрвеня 2020 года ў Бешанковічах з’явіўся новы заасфальтаваны кавалак вуліцы Мендзялеева. Мы пісалі тады, што «гэтая вуліца мела і раней асфальтавае пакрыццё. Стан яго быў задавальняльны, дакладна такі, які маюць 99% усіх вуліц нашага райцэнтра. Крыху пабіты, з лужынамі, але ж не катастрафічны.»

І вось прайшло крыху менш за два месяцы, як з’явіўся новы асфальт. Наступны фотаздымак зроблены сёння, 31-га ліпеня, на гэтай вуліцы Мендзялеева. Адзначым, што ноччу ў Бешанковічах дажджу не было.

А наступны фотаздымак зроблены сёння на новым ходніку вуліцы Чарняхоўскага, дзе асфальт паклалі таксама каля двух месяцаў таму назад.

Каб працягнуць тэму, завітаем на вуліцу Шварцмана, каля крамы «Капеечка» насупраць дома № 31. Гэтай вуліцай можна найкарацейшым шляхам дабрацца да СШ № 1. Гадоў 8 таму я сабраў подпісы і накіраваў у райвыканкам ліст, каб тут на нейкіх 50 метрах паклалі асфальт.

Праз чатыры гады асфальт паклалі. І цяпер кожны год яго рамантуюць. Летась латалі ямкі асфальтам. Сёлета засыпалі іх шчэбнем.

А цяпер падвядзём вынікі.

Хаця ў Бешанковічах у бюджэце грошай не хапае, яны асвойваюцца неахайна. Той, хто ўкладвае асфальт, мае нізкую кваліфікацыю. Пры ўкладцы новага асфальту груба парушаецца тэхналогія. Гэта прыводзіць да таго, што новае асфальтавае пакрыццё ўжо праз год патрабуе рамонту.

Аніякога кантролю за работай асфальтаўкладчыкаў няма.

Што, і далей будзем займацца марнатраўствам народных грошай?

Калі вы памятаеце, пры сустрэчах з бешанковіцкімі чыноўнікамі людзі задаюць адны і тыя ж пытанні: дрэнны стан дарог, пабіты асфальт на вуліцах, адсутнасць добрых ходнікаў...

Г.Станкевіч

P.S. І крыху не па тэме, але вельмі блізка.

На цэнтральнай вуліцы Бешанковічаў (сёння яна ў насмешку называецца Камуністычнай) блізу скрыжавання з вуліцай Валадарскага ёсць вялізная лужына. Пасля дажджу яна разліваецца і займае палову вуліцы. Крыху меншая лужына ёсць побач на ходніку.

Пытанне: «Якому бешанковіцкаму чыноўніку трэба ўваліцца ў гэтую лужыну, каб яе ліквідавалі?»

Последние новости