beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

15.09.2020 17:29

239 просмотров

0 комментариев

У Бешанковічы прыехаў абласны чыноўнік. Пытанні ўзятыя на кантроль...

У Бешанковіцкі раён нярэдка завітваюць розныя абласныя чыноўнікі. Яно і зразумела: Віцебск побач, паўгадзіны на дзяржаўным аўта — і ты ў Бешанковічах. Яшчэ паўгадзіны — і ўжо дома. Аклад адпрацаваў, пытанні ўзятыя на кантроль... Гэта вам не ў Паставы ці Верхнядзвінск з’ездзіць.

Што ж тычыцца пытанняў, якія тыя чыноўнікі вырашаюць, тутка ўзнікае загвоздка. Бо, калі шчыра казаць, анічога яны не вырашаюць. Бо ў дзяржавы, якой 27-ы год кіруе адна вядомая асоба, на вырашэнне сур’ёзных пытанняў грошай, як правіла, бракуе. Бо іх не хапае на аплату працы падобных чыноўнікаў-візіцёраў, якіх у нашай дзяржаве хоць гаць гаці.

Вось і на мінулым тыдні ў Бешанковічы завітала высокая персона — намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус. (Дарэчы, намеснікаў у старшыні аблвыканкама хапае па завязку. Колькі іх? Ажно пяць! Падумайце ў вольны час, якую (двухзначную ці трохзначную) лічбу складае колькасць простых чыноўнікаў аблвыканкама.)



Дык вось, прыехаў гэты чыноўнік дзеля прыёма грамадзян Бешанковіцкага раёна.

Як піша «Зара», «два жыхары нашага гарпасёлка выкарысталі магчымасць асабіста пагутарыць з Уладзімірам Мікалаевічам, папрасіць парады і заручыцца падтрымкай у вырашэнні хвалюючых іх пытанняў. Уладзімір Якаўлевіч Пракоф’еў звярнуўся ад імя жыхароў вуліцы Энгельса з просьбай аб рамонце дарогі. Участак працы тут трэба будзе немалы, адразу ўсё не адужаць, але зварот пачуты і праблему будуць вырашаць.»

З аналагічным пытаннем прыйшоў і жыхар вуліцы Някрасава Уладзімір Кухто. Будучы дэпутатам райсавета дэпутатаў па Чарняхоўскай выбарчай акрузе, ён агучыў просьбу сваіх выбаршчыкаў: калі завершацца работы па рамонту вуліцы Чарняхоўскага і прылеглых тэрыторый, якія доўжацца ўжо не першы год...

«Зара» піша, што размова атрымалася душэўная. Яно то так, чыноўнік чыноўніку вока не выдзеўбе...

Абласны чыноўнік паабяцаў раённаму чыноўніку, што гэта пытанне застанецца на кантролі, будуць разгледжаны ўсе варыянты яго рашэння.

А яшчэ намеснік старшыні аблвыканкама правёў па Бешанковічах экскурсію: 1)наведаў будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома на вул. Моладзевай (у верасні плануецца ўжо ўвод у эксплуатацыю), 2)азнаёміўся з ходам рамонтных работ у дзіцячай школе мастацтваў, паабяцаўшы разгледзець пытанне аб далейшым фінансаванні. (Цікава, ён што, будзе выдаткоўваць свае грошы на рамонт нашай школы?!)
«І гэта ўсё?»- спытаеце вы. «І гэта ўсё», — адкажу я.
І што, варта было ехаць у Бешанковічы, каб змарнаваць свой рабочы дзень, узяўшы на кантроль тыя пытанні і паабяцаць штосьці?
Няўжо бешанковіцкія чыноўнікі не ведаюць, якія вуліцы ў райцэнтры трэба рамантаваць? Ды плюнь у любы бок, і патрапіш на пабітую вуліцу. Дык складзіце спіс гэтых вуліц і дашліце ў аблвыканкам. Заадно напішыце, колькі разоў і з якой перыядычнасцю «рамантуюцца» нашыя цэнтральныя вуліцы.
І, галоўнае, напішыце, чаму асфальтавае пакрыццё на іх служыць год ці два, а потым патрабуе новага рамонту.
І самае галоўнае. Няхай бы тыя чыноўнікі менш ездзілі да нас, а замест кожнай паездкі пераводзілі на бягучы рахунак па рамонце нашых дарог, скажам, хаця б па 300 рублёў.
Бо, калі палічыць усе выдаткі на ўтрыманне гэтага чыноўніка — бензін, аўтамабіль, аклад — менш за рабочы дзень не атрымаецца.
Г.Станкевіч

Последние новости