beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

19.09.2020 16:12

211 просмотров

0 комментариев

Гістарычныя сымбалі цяпер — сымбалі большасьці

Дзень беларускага Сьцяга і Герба мусіць адзначацца 19 верасьня. Менавіта ў гэты дзень у 1991 годзе былі прынятыя ў якасьці дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». У 2020 годзе шматтысячныя мітынгі і шэсьці па ўсёй Беларусі адбываюцца пад нацыянальнай сымболікай. Беларусы зрабілі свой выбар.

Сьцісла:

  • Масавыя акцыі пратэсту па ўсёй Беларусі адбываюцца пад нацыянальнай сымболікай. Маем фактычна новы рэфэрэндум — аб вяртаньні бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» на дзяржаўны ўзровень.
  • Зьмянілася генэрацыя беларусаў: ад насельніцтва да грамадзянскай супольнасьці. Пад бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй» фармуецца беларуская палітычная нацыя.
  • Нацыянальная сымболіка — выбар такой каштоўнасьці, як павага дзяржавы да асобы і яе правоў. Сёньня БЧБ і «Пагоня» ёсьць графічным сынонімам паняцьця эўрапейскай цывілізацыі.
  • Пра Беларусь дазнаўся ўвесь сьвет. Беларусаў ведаюць як адважных і рашучых людзей, якія вядуць сваё змаганьне пад бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй».
  • Бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» сталіся ня толькі палітычнымі знакамі. Яны ўвайшлі ў сэрцы вялікай колькасьці беларусаў.
Акцыя пратэсту ў Гомлі, 13 верасьня

Бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» сталіся сваімі для большасьці

Нефармальны рэфэрэндум у справе нацыянальнай сымболікі фактычна адбыўся. 16 жніўня 2020 году — праз тыдзень пасьля «выбараў» і карнай акцыі супраць мірных дэманстрантаў — быў першы ў гісторыі самы маштабны выхад пратэсту беларусаў. Апроч Менску, яшчэ ў дзясятках вялікіх і малых гарадоў. А дзе-нідзе на вулічныя акцыі выйшлі нават у вёсках. Сотні тысяч людзей. Агульнанацыянальны пратэст адбыўся пад бел-чырвона-белым сьцягам і гербам «Пагоня», якія цяпер можна ўбачыць па ўсёй краіне — нягледзячы на тое, што ўлады вядуць зь імі зацятую барацьбу.

Нацыянальная сымболіка сталася ня толькі гістарычнай: калісьці была ў ВКЛ, калісьці ў БНР, калісьці на сьвітанку Рэспублікі Беларусь. Пад бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй» людзі змагаліся (а некаторыя і паміралі) за ўласную свабоду тут і цяпер, у 2020 годзе. Гэта сымбалі змаганьня людзей за сябе, за свае сем’і.

«Апазыцыйная сымболіка»

Я ўбачыў бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню» ў 1988 годзе, на Дзяды. Гэта была першая масавая дэманстрацыя пратэсту ў сучаснай гісторыі Беларусі — тады супраць камуністаў, якія кіравалі ў СССР/БССР. Першы бел-чырвона-белы сьцяг мне пашыла мая бабуля ў 1989 годзе. Гэта была «перабудова» і на вуліцы выходзілі дзясяткі тысяч па ўсёй Беларусі.

«Марш герояў» у Магілёве, 13 верасьня

Бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» былі дзяржаўнымі ад 19 верасьня 1991-га па 14 траўня 1995-га. Але большасьцю тады не ўспрымаліся як свае. Здаецца, колішняя камуністычная большасьць у беларускім парлямэнце — Вярхоўным Савеце — пагадзілася на прапанову апазыцыі БНФ замяніць савецкае на нацыянальнае толькі таму, што ўсе былыя рэспублікі СССР замянялі, а камуністы ня любяць вылучацца з агульнага шэрагу.

Першая антылукашэнкаўская вулічная акцыя была акурат зьвязаная з сымболікай. Сярод іншага на рэфэрэндуме 14 траўня 1995 году Лукашэнка прапанаваў вярнуць у якасьці дзяржаўных мадыфікаваныя сымбалі БССР. Лукашэнка тады і праўда быў кумірам большасьці выбарнікаў, таму любыя ягоныя прапановы праходзілі лёгка. Бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» на доўгія гады сталіся «апазыцыйнымі».

Сымбалі паўстаньня

Бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» сёньня ня толькі сымбалі Паўстаньня грамадзян супраць дыктатуры. З масавым выбраньнем нацыянальнай сымболікі, змаганьнем пад ёй закончылася фармаваньне беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці. Дзесяцігодзьдзі дзяржаўнай агітацыі супраць нацыянальнага не далі плёну. Калі фальш відавочны, яна не працуе.

Памятаеце, як на пачатку сваіх перадвыбарчых кампаній каманды Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі асьцярожна абыходзілі нацыянальныя пытаньні? Думаю, яны асьцерагаліся адпужаць ладную частку патэнцыйных выбарнікаў. Працаваў стэрэатып з 1990-х. Тады таксама было шмат мітынгаў, часам на дзясяткі тысяч чалавек, пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і «Пагоняй». Але ўдзельнічалі ў асноўным нацыянал-дэмакраты, як цяпер гавораць, з крэатыўнай клясы. «Сьвядомыя» і «апазыцыянэры». Большасьць жыхароў Беларусі яшчэ не адчувалі сябе грамадзянамі, яны баяліся ўсяго новага. І незалежнасьці, і сымбаляў незалежнасьці ў тым ліку.

Для выбарчай кампаніі 2020 году нават слова прыдумалі новае: не «апазыцыйныя» прэтэндэнты на прэзыдэнта, а «альтэрнатыўныя». А калі аб’ядналіся тры штабы, сябры каманды, каб падкрэсьліць лёзунг «Мы адзін народ», прыносілі на сустрэчы з выбарнікамі адзін-два афіцыйныя чырвона-зялёныя сьцягі. Але ўсе астатнія ў руках у людзей былі бел-чырвона-белымі!

БЧБ як цывілізацыйны выбар

Зьмянілася генэрацыя. За часы кіраваньня Лукашэнкі нарадзіліся і вырасьлі новыя людзі. Далёкія ад выжывальніцкай псыхалёгіі пакаленьня, якое выбірала «крэпкага хазяйсьцьвеньніка» і «сільную руку». Многія з тых, хто галасавалі за Лукашэнку ў 1994 годзе, атрымалі пашпарты толькі ў 1974-м. Перад тым былі дэ-факта прыгоннымі сялянамі, чые правы рэгуляваў на сваё разуменьне старшыня калгасу.

Пратэстны марш у Менску, 13 верасьня

У 2020-м ці не бальшыню выбарнікаў складалі людзі, якія ў 1994-м альбо яшчэ не нарадзіліся, альбо былі непаўналетнімі. Яны не падпісваліся пад Лукашэнку і ягонае бачаньне ўладкаваньня грамадзтва. БЧБ — гэта не толькі знак супраць дыктатуры і наагул гвалту. Выбар нацыянальнай сымболікі азначае выбар тых самых эўрапейскіх каштоўнасьцяў: павагі дзяржавы да асобы і яе правоў. Тое, чаго не было ў савецкім калгасе і блізка не было ў Лукашэнкі за дваццаць шэсьць гадоў працы галоўным чыноўнікам дзяржавы.

Вядомая ва ўсім сьвеце

Жнівень — традыцыйна цяжкі месяц для мэдыя ва ўсім сьвеце. Гэта час татальных вакацыяў. У жніўні «нічога не адбываецца». І тут раптам — усплёск неймавернага гвалту ў геаграфічным цэнтры Эўропы, а пасьля яшчэ больш нечаканае: масавыя пратэсты па ўсёй, яшчэ нядаўна ціхай, Беларусі. Цяпер паўсюль у сьвеце вам ня трэба будзе тлумачыць, дзе месьціцца тая Беларусь і які ў яе сьцяг. Мала таго, што пару тыдняў запар сусьветныя навіны пачыналіся зь беларускай рэвалюцыі і асьвятляюцца практычна штодня дагэтуль, дык па ўсім сьвеце ладзіліся акцыі салідарнасьці з нацыянальнай беларускай сымболікай у руках. Упершыню беларуская дыяспара заявіла пра сябе як пра моцную, масавую і добра арганізаваную сілу.

Свая родная хатняя

Самае адметнае для мяне — гэта тое, што БЧБ-сьцягі і «Пагоня» увайшлі ў дамы людзей, а значыць — у сэрцы. Гэта ня проста сымбалі пратэсту, гэта ўжо атрыбуты ўласнай адметнасьці людзей, якія шыюць сьцягі, малююць сьцягі, вешаюць стужачкі і прыдумляюць сымболіку сваіх вуліц і мікрараёнаў на аснове бел-чырвона-белага сьцяга і з элемэнтамі «Пагоні».

Рэдка, але я сустракаў сумневы і нават абурэньні: маўляў, гэта ж нацыянальная сымболіка, як можна зь ёй жартаваць!

Можна. Калі рабіць гэта з любоўю і пашанай.

Севярын Квяткоўскі

https://www.svaboda.org/a/30845632.html

Последние новости