beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

26.09.2020 17:01

358 просмотров

0 комментариев

«Вас трэба забіваць, гэтыя словы я чуў у будынку міліцыі». Пасля затрымання бабруйчанін правёў у лякарні восем дзён

Білі па галаве, рэбрах, ягадзіцах. Прымушалі спяваць дзяржаўны гімн. 37-гадовы Сяргей Каранкевіч быў жорстка затрыманы, калі хацеў сфатаграфаваць аўтобус, які возіць амапаўцаў. Пабачыўшы што нарабілі, міліцыянты самі адвезлі мужчыну ў лякарню. «Табе перамены патрэбныя? Зараз мы пакажам»

Мы сустрэліся з Сяргеем Каранкевічам праз дзень пасля таго, як ён выйшаў з лякарні, дзе прабыў больш за тыдзень. Трымаецца мужчына бадзёра, хоць зазначае, што ягоны стан пакуль далёкі ад нормы — дагэтуль часта баліць галава і адчуваецца млоснасць.

Затрымалі Сяргея 14 верасня. У той дзень мужчына ехаў па горадзе на сваім ровары і планаваў паабедаць у сталовай аднаго з мясцовых прадпрыемстваў. Знаходзіцца сталовая недалёка ад УУС Бабруйскага гарвыканкаму. Калі Сяргей праязджаў там, то пабачыў аўтобус сіняга колеру, на якім цягам апошніх тыдняў у Бабруйску ездзяць амапаўцы і куды кідаюць затрыманых. Мужчына вырашыў сфатаграфаваць бус. Спыніўся, паставіў ровар, дастаў тэлефон. І ў гэты момант заўважыў, як з бочнага ўваходу ў будынак УУС выбягаюць каля дзесяці чалавек у форме аліўкавага колеру і масках і бягуць да яго. Ад разгубленасці Сяргей не паспеў збегчы ці з’ехаць.

«Мяне ўзялі ў кальцо, схапілі за рукі і ногі, зацягнулі іх пластыкавай сцяжкай, і ў літаральным сэнсе панеслі ў будынак міліцыі, а за мной — мой ровар, — распавядае Сяргей. — Ніхто не прадстаўляўся, нічога мне не тлумачыў, ніякіх апазнавальных знакаў на іх не было. Мяне занеслі ў тыя ж дзверы, адкуль яны і выбеглі. Там у маленькім памяшканні прыкладна два на два метры мяне кінулі на падлогу і пачалі збіваць».

Сяргей Каранкевіч. Фота: «Белсат»

Паводле мужчыны, білі яго доўга. Колькасць удараў ён не лічыў — іх было вельмі шмат. Хто біў і чым, і колькі было чалавек, не бачыў, бо не дазвалялі ўзняць галаву — як толькі ён спрабаваў гэта зрабіць, адразу атрымліваў удар у лоб ці скроні.

«Я ляжаў на левым баку каля сцяны, таму мацней пацярпеў у мяне правы бок — туды прыйшлася большасць удараў, — распавядае далей Сяргей. — Пакуль білі, пыталіся: „Табе перамены патрэбныя? Зараз мы пакажам“. Найбольш білі па галаве. Задалі пытанне — удар, нешта яшчэ сказалі — удар. І так шмат разоў. Моцна лаяліся. Потым адзін з іх прымушаў мяне пець гімн Беларусі. Я тэкст не вельмі ведаю, дык ён казаў словы, а я паўтараў, так мы разам спелі. Потым папрасілі пароль ад тэлефону. Я не сказаў і атрымаў пару ўдараў. Таму вырашыў усё ж сказаць. У мяне ў тэлефоне яны знайшлі фотаздымкі машын, прыпаркаваных з парушэннямі. Яны ж самі мне сказалі, што гэта машыны супрацоўнікаў, і зноў білі за гэтыя здымкі».

Тыя ж людзі, што збівалі, паводле Сяргея, зламалі яму ровар.

«Я чуў, як яны топчуць катафоты, як прабіваюць і спускаюць кола. Велакампутар прабіты нібыта адвёрткай. Чым ім не спадабаўся ровар, я не ведаю. Магчыма, гэта з-за бел-чырвона-белых флікераў, што я на яго павесіў», — кажа Сяргей.

«Вас расстраляць трэба»

Сяргей узгадвае, што праляжаў на падлозе ў будынку ЎУС гадзіны тры. Крычаў «дапамажыце», але ніхто не рэагаваў. Праз даволі доўгі час прыйшлі супрацоўнікі ў цывільным, паднялі яго, вывелі на вуліцу, загадалі прычапіць ровар каля галоўнага ўваходу і зноў павялі ўнутр. Далі схадзіць у прыбіральню, умыцца, і адвялі ў актавую залю.

Інтэрв’ю

«Білі тварам аб асфальт, вынікаў судмедэкспертызы пакуль няма». У СК менчуку адказалі, што не ведаюць, ці мае сэнс да іх звяртацца

https://belsat.eu/news/bili-tvaram-ab-asfalt-vynikau-sudmedekspertyzy-pakul-nyama-u-sk-menchuku-adkazali-shto-ne-vedayuts-tsi-mae-sens-da-ih-zvyartatstsa/

2020.09.13 10:22

«Там людзі ў цывільным запаўнялі нейкія паперы, давалі мне іх падпісваць. Я так зразумеў, што гэта спіс маіх рэчаў. Але цалкам я не мог разабраць, бо ў мяне балела галава, апухла вока пасля збіцця, — узгадвае Сяргей. — Я спрабаваў задаваць пытанні, размаўляць. Пасля таго, што пачуў у адказ, мне стала здавацца, што яны ў не зусім цвярозым і адэкватным стане, бо ў іх адна тэма была: колькі табе заплацілі? А адзін увогуле казаў: вас расстраляць трэба. Я запытаўся — вы сапраўды гатовыя забіваць мірных, бяззбройных людзей? Ён адказваў, што так — нас трэба забіваць. Уявіце сабе, гэтыя словы я чуў у будынку міліцыі. І ніхто з іншых прысутных ніяк не рэагаваў».

Сяргей скардзіўся на боль у жываце і галаве. Мужчына мяркуе, што сапраўды дрэнна выглядаў, бо яго самі ж міліцыянты адвезлі ў лякарню. Там дактары пасля агляду вырашылі шпіталізаваць мужчыну.

«Я адразу схлусіў дактарам, што ўпаў з ровара. Баяўся сказаць, што мяне збілі, бо не ведаў, ці пакінуць мяне ў лякарні, а калі не, то што са мной зробяць тыя супрацоўнікі, што стаялі са мной побач у той момант, — распавядае Сяргей пра лякарню. — У працэсе аналізаў, рэнтгену дактары пачалі мне задаваць пытанні. Яны зразумелі, што насамрэч адбылося. Я тады распавёў праўду. Дактары спачувалі мне, і я вельмі ўдзячны, што яны пакінулі мяне ў лякарні, бо інакш не ведаю, што б са мной было».

Інтэрв’ю

Завезлі ў Следчы камітэт як сведку, адтуль — на Акрэсціна як злачынцу. Студэнтку БДЭУ абвінавачваюць у масавых беспарадках

https://belsat.eu/news/zavezli-u-sledchy-kamitet-yak-svedku-adtul-na-akrestsina-yak-zlachyntsu-studentku-bdeu-abvinavachvayuts-u-masavyh-besparadkah/

2020.09.09 17:53

Сяргея паклалі ў хірургічнае аддзяленне. У той жа дзень да яго прыехаў участковы, які патлумачыў мужчыне, што яго затрымалі за ўдзел у незаконным шэсці 6 верасня.

«Але гэта было мірнае шэсце. Там былі звычайныя людзі, дзеці з балонікамі. Так, я там быў. У цвярозым стане, нічога не разбіваў, нікому не перашкаджаў. Ішоў, камунікаваў з людзьмі. Дык што я парушыў? За гэта трэба было біць?» — пытаецца бабруйчанін.

У лякарні Сяргей прабыў з панядзелка 14 верасня да аўторка 22 верасня.

«Мне ставілі кропельніцы, рабілі нейкія ўколы. Калі перасталі калоць, я пачаў адчуваць, як у мяне баляць рэбры, ягадзіцы, ногі. Найбольш балела галава. Нават сёння я адчуваю боль у скронях і млоснасць», — кажа Сяргей.


Пакуль наш суразмоўца быў у лякарні, ягоная маці Таццяна Каранкевіч напісала заяву за збіццё сына ў Следчы камітэт. Цяпер ідзе праверка.

Задержания в Минске 23 сентября. Иллюстративное фото: Алиса Гончар / belsat.eu

Пасля выпіскі з лякарні Сяргей атрымаў позву ў суд на 28 верасня па двух артыкулах: ч.3 23.34 — паўторнае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, і 23.4 — непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы.

«Я не разумею, адкуль гэты артыкул — 23.4. Як я мог супраціўляцца, калі да мяне падбеглі, схапілі адразу за рукі, я не мог нават паварушыцца», — здзіўляецца Сяргей.

Задержания в Минске 23 сентября. Иллюстративное фото: Алиса Гончар / belsat.eu

«Яны жывуць побач з намі — адкуль у іх столькі жорсткасці?»

Сяргея Каранкевіча ўжо затрымлівалі раней — ён трапіў у адзін з першых «хапуноў» 10 жніўня. Тады, паводле мужчыны, ён ехаў на ровары каля будынку гарвыканкаму, і яго схапілі «людзі ў чорнай форме і касках, затаўкалі ў аўтазак разам з роварам». Ноч і ўвесь наступны дзень Сяргей правёў у Бабруйскім СІЗА.

«За ўвесь той час мяне толькі адзін раз пакармілі — прынеслі дзве лыжкі кашы на міску. Нават вады не далі», — узгадвае Сяргей.

Судзілі адразу ў СІЗА, далі содні арышту і адпусцілі.

«Да выбараў я не вельмі цікавіўся палітыкай, — кажа Сяргей. — А потым я пабачыў, як збіваюць людзей ні за што. Я не магу ў гэтай сітуацыі проста сядзець дома і глядзець. Таму я выходзіў на мітынгі. І хачу падкрэсліць, што яны былі мірнымі. Інакш бы я не пайшоў. Бо я супраць гвалту і за тое, каб усё адбывалася ў рамках закону».

Сяргей шакаваны гвалтам з боку сілавікоў.

«Адкуль столькі агрэсіі і жорсткасці ў супрацоўнікаў міліцыі? Яны ж з нашага гораду, побач жывуць — адкуль гэта ўсё?», — пытаецца мужчына.

Дзвюхгадзінная забастоўка ў знак салідарнасці з затрыманым

Спакойна дачакацца суду 28 верасня Сяргею Каранкевічу не далі. На наступны дзень пасля нашай сустрэчы, 25 верасня, ягоная маці Таццяна Каранкевіч паведаміла нам, што раніцай мужчыну забралі з працы невядомыя супрацоўнікі міліцыі. Сяргей паспеў паведаміць пра гэта, пасля чаго нумар стаў недасяжным. Цягам дня жанчына шукала сына, але ёй, роднай маці, не давалі ніякай інфармацыі — ні ў дзяжурнай частцы міліцыі, ні ў судзе, ні ў ізалятары часовага ўтрымання. Паўсюль казалі, што такога чалавека ў іх няма. Мы суправаджалі Таццяну падчас пошукаў.

Каля прахадной «Белшыны». Фота: «Белсат»

Амаль у адчаі ўвечары жанчына зноў пайшла ў Следчы камітэт, але там прымаць заяву ў яе адмовіліся. Са слязамі ў вачах жанчына стаяла на ганку і пыталася ў дзяжурнага, што ёй рабіць далей. Тады нарэшце ёй патэлефанаваў сам Сяргей і сказаў, што супрацоўнікі міліцыі вязуць яго назад на працу.

Сяргей працуе на «Белшыне» кіроўцам. Разам са спадарыняй Таццянай мы паехалі туды, і пабачылі, як мужчыну прывезла «Газэль» белага колеру і адразу з’ехала.

Сяргей распавёў, што раніцай яго тэрмінова выклікаў на прахадную начальнік, дзе ўжо чакалі некалькі чалавек у цывільным і масках. Не прадстаўляліся, нічога не тлумачылі, схапілі і павялі ў гэтую самую «Газэль».

Фотарэпартаж

Месяц пратэстаў у фотаздымках

https://belsat.eu/news/mesyats-pratestau-u-fotazdymkah/

2020.09.09 09:16

«І пачалі катаць па горадзе, — кажа Сяргей. — Спачатку прывезлі ў УУС. Павадзілі па паверхах. Агледзелі рэчы. Больш за гадзіну я там проста сядзеў. Потым павезлі ў ІЧУ. Там пасядзеў некалькі гадзін у бусе. Потым мне змерылі тэмпературу — тэрмометр паказаў 37,8. Мяне павезлі ў паліклініку. Там узялі аналізы, напісалі ВРВІ. Зноў павезлі ў ізалятар, але там сказалі, што з такім дыягназам да сябе не возьмуць. Тады мяне вярнулі на месца працы і адпусцілі. Што гэта было — не магу зразумець. Мне ніхто не патлумачыў, навошта мяне забіралі і каталі па горадзе. Ніякіх пратаколаў не складалі. Супрацоўнікі, якія мяне суправаджалі, казалі, што яны нічога не ведаюць — куды ім сказалі ехаць, туды яны і паехалі».

Мужчыне не далі ніякіх дакументаў, што яго затрымлівала міліцыя, і ён не ведае, што цяпер будзе з працай — начальнік папярэджваў Сяргея, што ён будзе звольнены ў выпадку яшчэ аднаго затрымання.

Адначасова калегі вырашылі падтрымаць Сяргея, і калі яго забралі раніцай 25 верасня, спынілі працу. Цэх стаяў каля дзвюх гадзін, пакуль не ўмяшаўся генеральны дырэктар.

Суд над Сяргеем Каранкевічам мусіць адбыцца ў панядзелак, 28 верасня.

НА belsat.eu





Последние новости