beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

25.10.2020 12:09

318 просмотров

0 комментариев

«Хай яму гэты сыр уводзяць». Лекар зь Віцебску расказаў пра сытуацыю з каранавірусам і рэцэпты Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка назваў "добрым антыковідным лекам"​ сыр. Ён расказаў журналістам дзяржаўных СМІ, што, нягледзячы на запасы сыру ў краіне, ён ня будзе рызыкаваць здароўем сваіх сталых прыхільнікаў і зьбіраць іх на мітынг у сваю падтрымку, які меў прайсьці ў нядзелю паралельна з чарговай акцыяй пратэсту.

Ілюстрацыйнае фота

Пра тое, ці сапраўды сытуацыя з каранавірусам у Беларусі кантралюецца, як сьцьвярджае Аляксандар Лукашэнка, «Настоящее время» спытала ў лекара-рэаніматоляга зь Віцебску Расьціслава Савіцкага.

— Якое цяпер становішча ў сувязі з распаўсюдам каранавірусу? З чым сутыкаецеся канкрэтна вы і што кажуць вашыя калегі?

— Сытуацыя цяпер сапраўды даволі цяжкая. Шмат пацыентаў паступаюць у стацыянары, больш пацыентаў у сталым веку — гэта ўзрост 50 плюс. Пры гэтым ёсьць і цяжкія выпадкі, ёсьць і [выпадкі] сярэдняй цяжкасьці. Плынь прыблізна параўнальная зь веснавой сытуацыяй у Беларусі, у прыватнасьці, у Віцебску. У нас перапрафілюецца ўжо даволі шмат стацыянараў для прыёму менавіта ковідных пацыентаў.

— Ці хапае лекаў?

— Што да лекаў, вельмі забаўная сытуацыя. Ёсьць імпартныя лекі, неабходныя непасрэдна для лекаваньня, іх, на жаль, не хапае. А тыя, якія беларускай вытворчасьці, — яны ёсьць у вялікім і шырокім доступе, і ў гэтым пляне мы ня маем патрэбы. Але заўсёды ёсьць нейкія недахопы, якія, на жаль, мы ніяк не кампэнсуем.

— Лукашэнка кажа, што сытуацыя ў краіне кантралюецца. Ці згодныя вы зь ім?

— Я ня ўпэўнены, што гэта слушнае выказваньне. Той шпіталь, дзе я цяпер працую, ёсьць цэнтрам разьмеркаваньня ковідных пацыентаў у горадзе Віцебску, Віцебскім раёне і Віцебскай вобласьці. Да нас паступаюць пацыенты з усёй вобласьці, мы іх разьмяркоўваем у іншых стацыянарах залежна ад ступені цяжкасьці, ад неабходнага лячэньня і гэтак далей. Ці сытуацыя кантралюецца? Дакладна — не, бо не хапае месцаў, даводзіцца перапрафіляваць шпіталі, якія не былі прызначаныя для гэтага. Часам не стае кіслароду, нас ставяць у жорсткія рамкі, нам даводзіцца эканоміць нават кісларод для пацыентаў, што, з аднаго боку, мо і слушна, але, зь іншага боку, крыху негуманна.

— Лукашэнка кажа, што ўсплёск эпідэміі каранавірусу ў Беларусі справакавалі пратэставыя акцыі ў Менску. Кажа, што ў Менску найбольшая колькасьць, што, пэўна, даволі зразумела, гэта сталіца, там вялікая канцэнтрацыя людзей. Але тым ня менш —​ ці вы бачыце сувязь паміж захварэлымі і пратэстамі?

— Гэта крыху парадаксальна. У Віцебску пратэставага руху было няшмат. Так, былі нядзельныя маршы, адзін раз на тыдзень выходзілі, можа, тысяча, можа, дзьве тысячы чалавек. Але пры гэтым хворнасьць у Віцебску прыкладна такая ж, якая была і ўвесну. Зьвязваць цяпер хворнасьць з пратэстамі як мінімум неразумна. Мы бачылі веснавую карціну і разумеем, што яна тая ж самая. Хутчэй за ўсё, гэта проста зьвязана з сэзонным абвастрэньнем. І ніяк не зьвязана з пратэставым рухам. Пагатоў вірус у нас ня так моцна распаўсюджваецца на адкрытым паветры, як у памяшканьнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Больш за 1200 беларускіх мэдыкаў падпісалі адкрыты ліст за новыя выбары і супраць гвалту

— Лекары нядаўна запісалі зварот, дзе просяць адпусьціць затрыманых паводле палітычных матываў і падчас мірных акцыяў пратэсту, а таксама спыніць усякі перасьлед альтэрнатыўных дзяржаўнай думцы выказваньняў. Вы, я так разумею, у ліку тых, хто непасрэдна зьвярнуўся да ўлады і грамадзтва. Наколькі цяпер палітызаваная сытуацыя ў мэдычнай супольнасьці?

— Як і, напэўна, у іншых сфэрах, у мэдычнай супольнасьці ёсьць тыя, хто падтрымлівае цяперашнюю ўладу, ёсьць тыя, хто супраць яе, і ёсьць тыя, хто проста ня хоча пераходзіць на нейкі бок і спрабуе адмаўчацца. Сярод не задаволеных уладай даволі шмат кваліфікаваных спэцыялістаў, якія будуць ісьці да канца ў сваіх перакананьнях, у сваіх думках. І я ўпэўнены, што мэдычная супольнасьць Беларусі даволі салідарная сама па сабе і будзе да канца стаяць у сваіх патрабаваньнях да дзейнай улады.

— Што канкрэтна вас не задавальняе, магчыма, абражае ў словах Аляксандра Лукашэнкі?

— Калі быць шчырым, то мэдычная супольнасьць была даведзена да мяжы менавіта ўвесну — у сытуацыі з пандэміяй, калі адкрыта не прызнавалася існаваньне самой пандэміі, калі казалася, што няма ніякай хваробы ў прынцыпе, калі статыстыка проста адкрыта фальсыфікавалася на нашых вачах, і гэта была нахабная хлусьня. Паміралі людзі — і гэта абсалютна не ішло ў статыстыку. Увогуле, гэта выклікала вялікае віраваньне ў колах мэдыкаў. І цяпер шмат хто гэтым не задаволены.

Плюс да ўсяго стаўленьне дзейнай улады да мэдычнай супольнасьці. Стаўленьне — нібыта мы камусьці штосьці вінныя. Мы лекары, мы абавязаныя, мы мусім. Мы вам дамо нейкую надбаўку — як костку кінуць у твар — можаце супакоіцца, што нейкія грошыкі мы далі, а вы рабіце ўсё, што хочаце, але пры гэтым рабіце нейкімі абмежаванымі сродкамі. І потым на нас жа будуць вешаць усіх сабак, што мы такія кепскія, мы не далячылі, мы не дагледзелі і гэтак далей. Як, у прынцыпе, цяпер і робіцца. Цяпер камісіі езьдзяць па шпіталях, правяраюць, як мы лекуем. І пры гэтым на нас жа сварацца за нашае лячэньне, якое яны ж нам рэкамэндуюць. То бок мы рэкамэндуем паводле іхнага лячэньня, яны прыяжджаюць і нас жа за гэта выгаворваюць.

— Лукашэнка, напрыклад, рэкамэндуе лекавацца сырам. Кажа, што гэта выдатны антыковідны сродак.

— Значыць, хай яму гэты сыр уводзяць так, як пажадаюць.

https://www.svaboda.org/a/30910047.html

Последние новости