beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

01.01.2021 00:30

1026 просмотров

0 комментариев

«І мы ідзем далей». Навагодні зварот Святланы Ціханоўскай

Пра што казала Святлана Ціханоўская ў сваім звароце да неймаверных беларусаў.

Пра што казала Святлана Ціханоўская ў сваім звароце да неймаверных беларусаў.

Дарагія беларусы!

Ужо шмат разоў было сказана, што 2020-ы быў складаным, багатым на цяжкасці і турботы для ўсяго свету, але асабліва для Беларусі. І гэта так. Аднак год таксама падараваў нам шмат надзеі і натхнення. У гэтым годзе многае змянілася, але галоўная змена — гэта мы самі.

2020-ы стаў годам, калі беларусы аб’ядналіся. Мы аб’ядналіся ў сакавіку і красавіку, каб дапамагчы медыкам, якія змагаліся за нашыя жыцці.

Мы аб’ядналіся ў траўні і чэрвені, каб паставіць подпісы за імёны тых лідараў, каму паверылі, і раптам убачылі адно аднаго ў бясконцых чэргах.

Мы аб’ядналіся ў ліпені, каб абараніць свой выбар. Нашых кандыдатаў пазбавілі волі, але мы пачалі сустракацца па ўсёй краіне.

Займала дух ад таго, колькі нас было на супольных мітынгах!

Мы аб’ядналіся ў жніўні, каб аддаць свой голас за перамены.

Мы разам плакалі ад болю, калі даведаліся пра Акрэсціна, і ад радасці — калі ўбачылі, што на Маршы Свабоды нас сотні тысяч.

Мы аб’ядналіся ў верасні, каб адчуць: нас ужо не разбіць, не спыніць, не стрымаць. Бо кожны з нас выходзіць не за сябе, а за ўсіх. Бо адзін парваны пашпарт мацнейшы за ўсю машыну рэпрэсій.

Мы аб’ядналіся ў кастрычніку, каб на вуліцах і праспектах, у дварах, на заводах і ва ўніверсітэтах змагацца за краіну для жыцця.

Мы адчулі падтрымку з усяго свету — ад беларусаў і іх сяброў.

Мы аб’ядналіся ў лістападзе, каб ушанаваць новага героя. Мы пісалі на сценах «Я выхожу» — бо ніколі не забудзем Рамана Бандарэнку, а таксама Мікіту Крыўцова, Канстанціна Шышмакова, Генадзя Шутава, Аляксандра Віхора і Аляксандра Тарайкоўскага.

Мы аб’ядналіся ў снежні, каб заявіць, што гатовыя да новага этапу ў нашай гісторыі, дзе мы будзем жыць паводле закону, адзінага для ўсіх.

Мы ведаем, што нам ужо не трэба нікому нічога даказваць — мы ўжо даказалі ўсё, што хацелі.
2020-ы стаў годам, калі мы перасталі маўчаць і вышлі са сваіх дамоў.

І мы ідзем далей.

А хто там ідзе?

Ідзе доктарка, якая пасля працоўнага дня ў перапоўненай бальніцы ратуе параненых падчас акцый.

Ідзе журналіст, які працуе, каб увесь свет пабачыў кадры з беларускіх вуліц і даведаўся пра герояў пратэстаў.

Ідзе аўтамеханік, што бясплатна рамантуе пашкоджаныя дубінкамі і выбухамі машыны.

Ідзе валанцёр, які прысвяціў месяцы свайго жыцця іншым.

Ідзе колішні міліцыянер, што адмовіўся выконваць злачынны загад.

Ідзе праваслаўны вернік, які маліўся за вяртанне каталіцкага арцыбіскупа дадому.

Ідзе адвакатка, якая абараняе палітвязня, рызыкуючы згубіць ліцэнзію.

Ідзе спартсменка, якая адмовілася ад узнагарод, якія больш не даюць ёй гонару.

Ідзе праграміст, які ахвяруе на дапамогу пацярпелым.

Ідзе пенсіянерка, якая не хоча, каб ейны ўнук з’ехаў з краіны.

Ідзе шахцёр, які далучыўся да стачкі, бо гэта яго законны спосаб патрабаваць новых сумленных выбараў.

Ідзе бізнесовец, які адкрыў дзверы сваёй кавярні для пратэстоўцаў, а зараз хвалюецца за тых, каму ён даў працу.

Ідзе настаўніца, у якой дагэтуль у сумцы ляжыць белая стужка.

Ідзе мастак, які марыць, як аднойчы ўсе аўтазакі спішуць і аддадуць пад арт-аб’екты.

Ідзе студэнт, які заступіўся за аднагрупніцу, таму што каханне падчас рэвалюцыі — гэта каханне на ўсё жыццё.

Ідзе жыхар мікрараёна, які насуперак страху ўпрыгожвае свой двор сцягамі, хоць гэта і «хлопотное дельце».

Ідзе сусед, які ўчора зрываў лістоўкі з пад’ездаў, а сёння сам іх распаўсюджвае.

Ідзе беларус, які прагне павагі да сябе як да чалавека.

У думках і сэрцы з намі ідзе кожны палітвязень і кожны затрыманы за сваю годнасць.

Ідзяце вы — хто зараз глядзіць гэтае відэа.

І галоўнае — мы ідзем разам!

Наш шлях адвечны: мы ж выйшлі са сваіх дамоў, каб вярнуцца дадому. Кожны з нас выйшаў, каб усе мы вярнулі сабе наш агульны дом. Таму што дом — гэта месца, дзе мы — гаспадары. Дом — гэта месца, дзе жыве народ, а не «народзец». Гэта месца, дзе мы і нашыя родныя ў бяспецы, адкуль не хочацца з’язджаць і куды хочацца вяртацца. Дом — гэта месца, дзе цэняць і любяць усіх і кожнага: і тых, хто хоча перамен, і тых, хто яшчэ сумняваецца. Гэта месца сустрэчы і паразумення. Дом — гэта месца, якое мы заслужылі. І ў новым годзе мы будзем жыць разам у нашым доме — у свабоднай Беларусі.

Я віншую вас з гэтым, дарагія мае беларусы.

Жадаю нам заставацца такімі ж шчырымі, адкрытымі і неймавернымі. Жадаю нам яшчэ больш моцы, нашым родным — здароўя, нашым сэрцам — супакою і веры. Жадаю, каб у новым годзе ўсе, каго нам так не хапае, вярнуліся дадому.

З новым 2021 годам!

Жыве Беларусь!

https://belsat.eu/news/i-my-idzem-dalej-navagodni-zvarot-svyatlany-tsihanouskaj/

Последние новости