beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

12.01.2021 16:23

422 просмотра

0 комментариев

Пакуль АМАП ганяецца за бел-чырвона-белымі майткамі, дэманструючы адданасць, Лукашэнка рыхтуе ўмовы капітуляцыі

Лукашэнка робіць вонкава супярэчлівыя заявы. Ці то ён гатовы змагацца за ўладу «да апошняга амапаўца», ці аб’яўляе Год народнага адзінства. На самай справе, у гэтым ніякай супярэчнасці няма, лічыць Святлана Калінкіна.

Лукашэнка ўжо не змагаецца за ўладу, а за самазахаванне, — піша яна ў «Народнай волі».

Напярэдадні Новага года Лукашэнка прызнаўся, што будзе стаяць «да апошняга амапаўца».

Што ж, дзякуй за сумленнасць. Таму што хлуслівыя клятвы пра «не буду трымацца за ўладу сінімі пальцамі» ўжо проста раздражнялі. Словаблудства «ды я за Беларусь», «за краіну», «за мір», «за народ», «за ўсё добрае» ўжо выклікала толькі адно жаданне — кінуць у тэлевізар чым-небудзь цяжкім, каб ён нарэшце заторкнуўся.

«Да апошняга амапаўца» — гэта шчыры Лукашэнка, які прызнаецца, што дзеля самазахавання гатовы ахвяраваць усім і ўсімі, што не толькі гатовы пакласці ў гэтай барацьбе айцішнікаў і спартсменаў, але і не пашкадуе нават любімы АМАП.

Уласна, яго ён ужо не пашкадаваў. Якая перспектыва гэтых хлопцаў, якія ўжо цяпер старанна хаваюць твары за шчытамі, балаклавамі і маскамі? Перспектыва адна — стаць беглымі ваеннымі злачынцамі, якіх шукаюць хоць у глухой расійскай вёсцы Чорная Грэбля, хоць на Чорным Кантыненце.

Так пасля вайны шукалі збеглых паліцаяў і наглядальнікаў канцлагераў. І да гэтага часу знаходзяць, выцягваюць ўжо старых старых з нораў, дзе яны хаваліся, на свет Божы, і без зніжкі на ўзрост вядуць у суд, на ганьбу. А яны ж таксама ўсяго толькі «выконвалі загады».

Падчас пераднавагодняга наведвання базы АМАПа Лукашэнку ўручылі чорны бярэт байца спецпадраздзялення, намякнуўшы галоўнакамандуючаму: «Вы — адзін з нас». Маўляў, калі будуць лавіць, судзіць, караць нас, то будуць і вас. Але гэтая агітка — для прамывання мазгоў падчас палітзаняццяў. Лукашэнка — сам за сябе, і калі трэба будзе ўсіх пакласці ў гэтай барацьбе — ён, бачыце, гатовы. «Да апошняга амапаўца».

Звярніце ўвагу, што, падзяліўшы Беларусь на «мы» і «яны», Лукашэнка ў навагоднюю ноч казаў пра адзінства народа, пра тое, што трэба перагарнуць старонку і пісаць новую главу ў гісторыі Беларусі. Ён нават абвясціў 2021 год годам народнага адзінства.

З вуснаў таго, хто пабіў усе рэкорды па колькасці палітвязняў, асуджаных, аштрафаваных, збітых і пакалечаных за палітычныя погляды, гучыць асабліва цынічна.

Але для прэзідэнцкай гвардыі гэта яшчэ і разрыў шаблону. Бо яны ж жывуць ва ўпэўненасці, што свет сапраўды падзелены на «мы» і «яны». «Мы» — гэта тыя, хто гатовы выканаць любы загад Лукашэнкі, гатовы дзеля яго замазацца і стаць злачынцам. Недатыкальныя, выбраныя, эліта. А «яны» — цывільныя, якіх трэба трымаць у напружанні і страху, скруціць у бараноў рог, падпарадкаваць. Якое тут можа быць адзінства?

На самай справе ніякай супярэчнасці няма. І для тых, хто па-ранейшаму гатовы служыць не народу, а Лукашэнку, не разгадаўшы гэты прасценькі рэбус, тлумачу, у чым падвох.

Яны думаюць, што Лукашэнка цяпер змагаецца за ўладу, то-бок, застанецца ён — застануцца і яны. Але Лукашэнка ўжо змагаецца не за ўладу, а за самазахаванне.

За тое, каб стаць недатыкальным пенсіянерам з добрым утрыманнем і пажадана жыць не ў выгнанні.

Усе гэтыя паездкі да АМАПу і дыфірамбы на адрас карнікаў, якія прадэманстравалі край чалавечай жорсткасці, — усяго толькі спроба выйграць час, пратрымацца яшчэ крышачку. А вось прамовы аб адзінстве — гэта манок на будучыню: калі ласка, зразумейце і даруйце.

Лукашэнка рыхтуе свой сыход.

Для яго адзіная мэта цяпер — дамагчыся, каб не кухталямі і тумакамі яго выганялі з рэзідэнцыі, а каб сысці, забяспечыўшы сабе хоць нейкі статус-кво.

Чорны бярэт амапаўца, які цяпер маецца ў Лукашэнкі як у «сапраўднага байца», зусім не азначае, што ён застаецца ў братэрстве «мы».

Наадварот, ён адпаўзае. Пакуль байцы з адной звілінай ад фуражкі ганяюцца нават за бел-чырвона-белымі майткамі на гаўбцах, дэманструючы сваю стараннасць і адданасць, галоўнакамандуючы рыхтуе ўмовы капітуляцыі.

Яго час сыйшоў. І ён гэта, мне падаецца, разумее. Але гатовы гандлявацца за сваё жыццё — «да апошняга амапаўца».

Пераклад НЧ

https://novychas.by

Последние новости