beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

13.01.2021 16:23

409 просмотров

0 комментариев

«У Фрунзэнскім РУУС стаяў дзікі мужчынскі лямант і плач»

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 —​ студзені 2021 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

Марыя Матусевіч, 21 год, Менск:

„Я грамадзянка Літвы, але нарадзілася і вырасла ў Менску — літоўскі пашпарт атрымала ў спадчыну ад мамы. У Беларусі ў мяне заўсёды быў пастаянны від на жыхарства, але летам 2020-га шмат што зьмянілася.

У ноч на 12 жніўня я разам з тады яшчэ сваім хлопцам і сябрам апынулася ў Фрунзэнскім РУУС. Тое, што вы бачылі на відэа By_Pol, далёка ня самае страшнае, што адбывалася там у тую ноч. Але давайце па парадку.

Мы выходзілі на пратэсты і 9, і 10 жніўня. 11-га вырашылі, што будзем, як партызаны, развозіць людзям ваду і мэдыкамэнты. Наклеілі на заднія вокны машыны чырвоныя крыжы, каб людзі разумелі, што мы свае, і адправіліся ў горад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Прыкладна а 2-й гадзіне ночы, калі пратэст ужо заціхаў і мы вырашылі ехаць дадому, каля Палаца спорту нас спыніў супрацоўнік ДАІ. Ён да нас нават не падышоў, адразу выбег «Алмаз» (у іх на форме былі нашытыя бірузовыя перакуленыя трыкутнікі). Нас выцягнулі з аўтамабіля, пачалі корпацца ў машыне і асабістых рэчах. Усё гэта суправаджалася абразамі, лаянкай і здыманьнем на камэру з бліскавіцай. Калі ўбачылі мой літоўскі пашпарт, перавялі ўвесь фокус увагі на мяне. Казалі, што я лялькавод зь Літвы, якая прыехала, каб разбурыць іх краіну, і пагражалі мне 12 гадамі турмы.

Сілавікі радаваліся, думаючы, што затрымалі мэдыкаў. Пазьней у РУУС мы даведаліся, што амапаўцам давалі грашовыя бонусы за ўпаляваных журналістаў і лекараў — яны самі гаварылі пра гэта паміж сабой. Яшчэ я чула, як яны абмяркоўваюць, хто больш запакаваў: «У вашай брыгады ўжо 300? Блін, у нас усяго 250, трэба паднаціснуць».

Калі нас пасадзілі ў бус, хлопцаў адразу ж пачалі біць дубінкамі. Мяне спачатку не чапалі, але потым амапавец сказаў: «Ты ж зь Літвы! Раз там фэмінізм, значыць, будзеш адграбаць, як усе». І пачаў біць і мяне, але не дубінкай, а рукамі — па сьпіне, шыі, галаве. Нас білі ўсю дарогу да РУУС. Калі прыехалі, мы адразу ж трапілі ў спартовую залю. Як мне здалося, там ужо было чалавек 200 — відэа, якое трапіла ў сетку, відавочна, здымалі да нашага прыезду. Многія хлопцы ў кадры яшчэ цэлыя, я ж убачыла іх у той залі ўжо моцна пабітымі.

Яшчэ быў хлопец, айцішнік. Яго затрымалі на «Пушкінскай», калі ён выходзіў з працы. Ён стаяў у РУУС толькі ў джынсах, якія былі амаль цалкам разарваныя, і ўвесь у сіняках. Пазьней мы даведаліся, што штаны яму спэцыяльна разрэзала дзяўчына-амапаўка, каб паглядзець на яго тату. Яшчэ быў хлопец, якому разрэзалі джынсы на ягадзіцах разам з майткамі. Яго білі кожны раз, калі кудысьці выклікалі. Ён расказаў мне, што зь яго гэтак зьдзекуюцца за бел-чырвона-белую застаўку на тэлефоне.

Уся спартзаля ў РУУС была ў крыві, у мачы і ў фэкаліях — некаторыя хлопцы ад страху... Адзін амапавец сказаў мне: «Бачыш таго хлопца? Ён абрабіўся — і цябе чакае тое самае». Пачаўся вопіс рэчаў і складаньне ідэнтычных пратаколаў зь няправільным часам/месцам затрыманьня і гэтак далей.

Памятаеце першыя кадры відэа By_Pol, дзе хлопец ляжыць на шэрай падлозе? Іх зьнялі ў ціры РУУС, які абсталявалі пад «катоўню».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мяне падвялі да гэтага пакою, пыталіся, хто я такая і чаму не люблю радзіму, пару разоў ударылі і пакінулі сядзець там жа. Крыху пазьней сьледчы выклікаў мяне на допыт проста ў «катоўню». Там 6-7 хлопцаў ляжалі штабэлямі — іх білі дубінкамі, хадзілі па іхных сьпінах, рабілі ім «ластаўкі». Гэта таксама здымалася на відэа, сілавікі наогул многае запісвалі на камэры, нават рабілі сэлфі на фоне пабітых імі людзей. Думаю, гэтыя здымкі ўсплывуць пазьней — будзе страшна ўбачыць на іх сябе.

Пасьля допыту мяне зноў пакінулі сядзець каля «катоўні» — здавалася, пра мяне проста забыліся гадзіны на дзьве. Я бачыла, як у гэтае памяшканьне заводзяць хлопцаў, якія яшчэ могуць ісьці самі, а праз хвілін 15-30 іх ужо выводзяць пад рукі, ледзь жывымі. Увесь гэты час пад дзьвярыма стаяў дзікі мужчынскі лямант і плач — гэта было невыносна слухаць.

Калі пра мяне ўспомнілі, завялі назад у залю, а потым зноў накіравалі на вопіс дакумэнтаў. За сталом сядзелі дзьве дзяўчыны — рыжая і белая. Пазьней я даведалася, што гэта супрацоўніцы Фрунзэнскага аддзелу міліцыі №3. Рыжая мяне пастаянна правакавала, пыталася, ці варта яно таго. У мяне з сабой быў тэлефон, але ня мой, а сябра. Яго таксама выклікалі, разблякавалі тэлефон і пачалі лазіць у тэлеграме. Сьветлавалосая супрацоўніца знайшла аўдыёпаведамленьне, дзе сябра апавядае, як 9 жніўня хадзіў да стэлы, і паклікала амапаўца. Той паставіў сябра на калені і пачалі біць дубінкай па вонкавым боку сьцёгнаў. Усё рабілася з мацюкамі.

Пазьней я даведалася, што было з маім хлопцам. Яго адвялі ў памяшканьне з туалетамі, каб запісаць відэа. Ён расказаў, што ўбачыў там душавую, цалкам залітую крывёю. А калі яго ўжо зьнялі, амапаўцу нешта не спадабалася, і ён некалькі разоў ударыў хлопца з калена ў грудзі. Ад гэтага ў яго быў моцнае садно.

Зьбіваньне скончылася толькі пад раніцу, калі ў РУУС сталі рыхтавацца да перазьменкі. Мы ціха сядзелі ў залі, нам нават пачалі даваць ваду, вадзіць у туалет. Сярод супрацоўнікаў, якія такім чынам дапамагалі, быў лейтэнант Андрэй. Ён зьняў зь мяне кайданкі, але пазьней амапавец зацягнуў мне рукі сьцяжкай так моцна, што яны пасінелі. Лейтэнант на просьбу майго хлопца зьняў зь мяне і сьцяжку. Гэты Андрэй рабіў паўторны вопіс маіх рэчаў, таму што першы, мабыць, згубілі. Мы зь ім разгаварыліся:

«Я ж бачу, што ты нармальная дзяўчынка, чаго палезла сюды? Колькі табе гадоў?»

«Проста хацела дапамагчы людзям. А табе колькі гадоў? Няўжо табе падабаецца твая праца?»

«Мне 20 гадоў, і я проста зарабляю грошы. А хто там пры ўладзе, што ён там робіць — наогул пофіг».

Лейтэнант Андрэй, пра якога гаворыць гераіня. Фота: ягоная старонка ў ВК. Кадар зь відэа: ByPol

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пазьней я знайшла старонкі гэтага лейтэнанта ў сацсетках і адправіла яго імя ў «Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў». Ён нікога ня біў, нават дапамагаў затрыманым, але ён стаў сьведкам таго пекла, якое дзеялася ў РУУС, і нічога не зрабіў. Мне б хацелася, каб ён паспрыяў у расьсьледаваньні гэтых злачынстваў, а не казаў, што яму «ок» ад выгляду пабітых, ледзьве жывых людзей. Хоць, напэўна, гэта сьведчаньне таго, што гэты лейтэнант, у адрозьненьне ад мяне і іншых, бачыў падобнае і раней. У РУУС я пераканалася, як моцна сілавікам прамываюць мазгі ідэолягі. Яны ўсе сьвята верылі, што мы ворагі народу, якія ня цэняць, як шмат робіць для гэтай краіны Лукашэнка.

Пры гэтым сярод іх сапраўды ёсьць людзі. Акрамя 20-гадовага лейтэнанта, быў яшчэ міліцыянт, які прыйшоў ужо пасьля перазьменкі. У яго з сабой была гронка бананаў і энэргетык — мабыць, на абед. Ён раздаў усе бананы і напой дзяўчатам. Яшчэ я запомніла амапаўца, які ўжо бліжэй да абеду адвёў мяне ў прыбіральню і зьняў кайданкі. Я памылася і захацела завязаць валасы, але з сабой у мяне быў толькі белы бранзалет, які цудам не намацалі ў кішэні. Калі я яго дастала, амапавец сказаў: «Ня варта. Яны цябе заб’юць, калі завяжаш белым бранзалетам».

Пасьля перазьменкі сапраўды прыйшла крыху больш спакойная зьмена, але там была супрацоўніца АМАПу Ксюша. Яна заляцела ў спартовую залю са словамі: «Якога х*я вы тут палеглі?» Было гадзін 7-8 раніцы, шмат у каго пачалі званіць тэлефоны, будзільнікі — Ксюшы гэта не падабалася. І яна максымальна вычварнымі спосабамі разьбівала гэтыя тэлефоны. Кідала аб сьцяну, біла дубінкай. Так яна разьбіла ўшчэнт тэлефонаў восем. Адна дзяўчына ня вытрымала і ціхенька сказала «сука», а Ксюша пачула. Паставіла яе на калені, дала аплявуху і вывела з залі. Калі абедзьве вярнуліся, дзяўчына плакала.

Потым нас пачалі вывозіць, ня кажучы нікому, куды наогул мы едзем. Калі мяне прывезьлі на Акрэсьціна, я нават не разумела, што знаходжуся ў Менску. Хоць быў момант, калі людзі пад сьценамі ЦІПу пачалі пляскаць — закралася думка, што я ўсё ж у горадзе. Мне хацелася верыць, што ўсё гэта вось-вось скончыцца, але яно не канчалася. На Акрэсьціна дзяўчат сабралі купкай на вуліцы, хлопцаў разьмеркавалі па пэрымэтры. У той дзень было вельмі холадна, але шмат хто быў лёгка адзеты. Мы прамерзьлі на вуліцы гадзіны дзьве, пакуль ішлі суды. У нейкі момант людзі ў камуфляжнай форме ўсё ж прынесьлі нам падсьцілкі, падобныя на тэнты паходных намётаў. Але толькі дзяўчатам.

Суды скончыліся на гадзіну раней, чым павінны былі. Асудзіць пасьпелі далёка ня ўсіх, але амаль усім, каму пасьпелі, далі «суткі» — са штрафамі адпусьцілі толькі некалькі чалавек. Нас пагналі на агляд, дзе прымусілі разьдзецца дагала і прысядаць. Потым усіх дзяўчат сабралі ў прагулачнай камэры — зноў на вуліцы, але ўжо бяз тэнтаў. Хтосьці зь міліцыянтаў прынёс абязбольвальныя і бутэльку вады для тых, у каго былі месячныя, са словамі: «Калі даведаюцца, што я гэта зрабіў, мяне прыб’юць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мы згрупаваліся, каб саграваць адна адну, і ў нейкі момант я заснула. Прачнулася ад таго, што ў ЦІП і на вуліцы стаяў гул — мужчын зноў пачалі біць. Ня толькі мяне ў тыя дні затрымалі разам з хлопцам, былі і іншыя дзяўчаты, чые маладыя людзі таксама знаходзіліся на Акрэсьціна — мы сядзелі, слухалі, як іх б’юць, і плакалі.

Празь нейкі час нас пачалі разьмяркоўваць па камэрах у будынку. Я трапіла ў чатырохмясцовую, куды разам са мной пасадзілі яшчэ прыкладна 50-60 дзяўчат. З намі была жанчына, якую затрымалі п’янай. Калі яна працьверазілася, пачалася белая гарачка. І яна ўмудрылася разьбіць у камэры галаву. Дзяўчаты прасілі выклікаць ёй «хуткую», але канваіры проста кінулі ім бінты. А на астатнія просьбы адказвалі: «Калі вы не заткняцеся, мы вас пусьцім па коле».

Калі ў камэры многія ўжо спрабавалі паспаць, мяне і яшчэ адну дзяўчыну папрасілі на выхад. Прымусілі падпісаць нейкія паперы (адзінае, што я пасьпела ў іх убачыць — параграф «У выпадку паўторнага затрыманьня будзе крымінальная адказнасьць») і вывелі на вуліцу. Сказалі апусьціць галаву ўніз, каб мы ня бачылі, як хлопцы праходзяць праз «калідор» з дубінак. І, калі мы ўжо выйшлі за вароты ЦІПу, да нас падбег хлопец у вайсковай форме, паказаў, дзе стаяць валянтэры, і параіў быць больш акуратнымі. У той момант хацелася яму адказаць: «Сур’ёзна?»

Было каля чатырох гадзін раніцы. Валянтэры адразу далі мне плед і тэлефон, але я ня ведала на памяць ніводнага беларускага нумара, а інтэрнэту тады не было.

Запаліла цыгарэту, але, не пасьпеўшы дакурыць, пачула крыкі: «АМАП!» Усе пачалі ўцякаць, але я бегчы не магла — кульгала. Я ўпала недзе ў кустах, накрылася пледам і малілася, каб мяне не знайшлі.

Калі вакол стала цішэй, вырашыла паспрабаваць дайсьці да праспэкта. Але, як толькі паднялася, за мэтраў 20-50 убачыла «касманаўта» у чорным шлеме. І схавалася ў біятуалет, які быў зусім побач. Думала, што прасяджу да сьвітаньня, але пачула, як хлопец, які ішоў міма, нешта гаварыў у тэлефон. І выскачыла з гэтай прыбіральні проста на яго. Ён зноў адвёў мяне да валянтэраў. Яны расказалі, што адзін мужчына, які жыве на Акрэсьціна, аддаў свой дом пад валянтэрскі рух. Яго злавілі і моцна пабілі той ноччу.

Ніякіх ключоў і дакумэнтаў у мяне не было — усё засталося ў машыне, якую зь месца нашага арышту зьвезьлі сілавікі, таму я папрасіла адвезьці мяне да сяброўкі. Так скончылася маё знаходжаньне ў РУУС і ЦІП. Майго хлопца і сябра таксама адпусьцілі — хоць іх пасьля Акрэсьціна этапавалі ў Слуцак, дзе нават накармілі і пусьцілі ў душ. Але, у адрозьненьне ад мяне, хлопца пасьпелі асудзіць на 15 сутак, а сябра — на 11.

Мы адразу ж вырашылі, што хочам зьехаць — калі не з краіны, то хаця б зь Менску, таму паспрабавалі ануляваць ягоны прысуд. Хлопец заікаецца, і гэта быў шанец. А яшчэ ў нас быў моцны адвакат, таму ўсё атрымалася — суткі «адмянілі». Да гэтай гісторыі нашы стасункі можна было апісаць фразай «сябры з бэнэфітамі».

Але калі ён выйшаў пасьля судовага паседжаньня, адразу ж зрабіў мне прапанову замуж. Сказаў, што калі на Акрэсьціна стаяў на каленях тварам у падлогу, зразумеў, што я «тая самая».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мы прабылі ў Беларусі да 27 кастрычніка. Забралі рэчы і машыну — на зьдзіўленьне, нават цэлую. Праўда, з нашых гаманцоў, якія засталіся ў аўтамабілі, зьніклі 300 рублёў. Толькі ў маім партманэце хтосьці ўсё ж вырашыў пакінуць 25 рублёў пяцёрачкамі.

Самае цікавае, за ўвесь гэты час я не атрымала ніякіх позваў. Была ўпэўненая, што пра мяне проста забыліся, ажно не. У сьнежні дадому ў Менск прыйшоў ліст з фразай «Вырашаецца пытаньне аб ануляваньні ВНЖ». Я патэлефанавала ў міграцыйную службу, там сказалі, што я парушыла грамадзкі парадак паводле артыкулу 23:34.

У выніку ў мяне больш няма віду на жыхарства, але ёсьць забарона на ўезд у Беларусь на пяць гадоў.

Крыўдна і злосна ад таго, што ты хацеў зрабіць нешта добрае, але цябе за гэта пабілі і амаль зьнішчылі маральна. Пасьля таго, што здарылася, у мяне разьвілася моцная форма посттраўматычнага стрэсавага расстройства (ПТСР), які дайшоў да памежнага разладу псыхікі. Першы час, калі мы яшчэ былі ў Беларусі, я не магла нават хадзіць па горадзе адна. На жаночыя і нядзельныя маршы ў верасьні хадзіла зь сябрамі — жаданьне змагацца не прапала, я ўсё адно той яшчэ воін. Траўмаваны, але воін (сьмяецца). Цяпер мой стан палепшыўся, у Літве стала нашмат спакайней, але я працягваю працаваць з псыхатэрапэўтам.

Самае іранічнае ў гэтай гісторыі тое, што за год да 11 жніўня 2020-га я паехала жыць у Лёндан. Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты, вырашыла падтрымаць беларусаў у «загнілым Захадзе» і кінула кліч у фэйсбуку, каб сабраць людзей на акцыю салідарнасьці каля амбасады. І разам зь іншымі беларусамі сабрала! У нас на акцыях былі Яўген Чычваркін, Мікалай Халезін, Аіша Янг з Amnesty International, Alan Flowers і шмат іншых выдатных людзей. У выніку ў Англіі ўтварылася паўнавартасная беларуская дыяспара з прыкладна тысячы чалавек.

Мітынг у Лёндане, у цэнтры кадра Марыя. Побач зь ёй бізнэсовец Яўген Чычваркін

Я хацела зьлятаць у Менск у верасьні, каб палячыць калена і адпачыць, але памяняла квіткі на лета. Была маральна гатовая да «сутак», але не да зьдзекаў. І вельмі баялася, што на допыце сьледчы высьветліць, што я маю дачыненьне да арганізацыі акцый пратэсту ў Лёндане — тады б я дакладна ня выйшла.

Я плянавала, што пасьля Менску вярнуся ў Лёндан, але ў выніку пабывала ў Фрунзэнскім РУУС, на Акрэсьціна, выйшла замуж і зьехала жыць у Вільню. Складана загадваць, што будзе далей, але адно я ведаю дакладна: мы вернемся ў Беларусь, калі там здарацца перамены. Я веру, што ўсе, хто зьдзейсьніў жудасныя злачынствы, будуць пакараныя. І моцна ганаруся беларусамі“.

KYKY

https://www.svaboda.org/a/31031616.html

Последние новости