Як сведчыць райвыканкамаўскі сайт, Сокараўская выбарчая акруга №24 размяшчаецца "в границах населённых пунктов Улльского сельсовета: Сокорово, Мартиново, Полуозерье, Хотино, Слобода, Дыбали, Гали, Сапеги, Гарани, Бычково, Шапчино, Ермоловщина, Муравщина, Жданово, Прудины, Ульяновка, Дворники, Шаурино, Бортники 1, Бортники 2, аг. Улла: ул. им. Романова, Доватора, пер. Мостовой."
Хай вас не здзіўляе такая вялікая колькасць вёсак па гэтай выбарчай акрузе. Рэч у тым, што ў Сапегах, Бычкове, Мураўшчыне, Прудзінах, Дворніках і Шавурыне даўно аніхто не жыве. А яшчэ ў васьмі вёсках пражывае толькі па 1--2 чалавеку. І толькі ў шасці вёсках гэтай акругі пражывае больш за 10 чалавек. Але і тыя шэсць апошніх вёсак сёння руйнуюцца.
Лепш за ўсё пра жыццё акругі гаворыць той факт, што цяпер на тэрыторыі акругі няма аніводнай навучальнай установы. Паўазерскую сярэднюю школу зачынілі яшчэ 7 гадоў таму. А сёння ў адзінай паблізу ляжачай навучальнай установе -- Вульскай сярэдняй школе -- навучаецца толькі 77 дзетак (у тым ліку і вульскіх). Яшчэ 21 дзіця наведвае Вульскі дзіцячы сад.
У гэтым рэгіёне пазарасталі дарогі паміж вёскамі, якія некалі былі бойкімі. Даволі вялікія палі не апрацоўваюцца, а пакрысе зарастаюць баршчэўнікам. (Здымкі, якія вы ўбачыце ніжэй, зробленыя мной у ліпені 2017 года, але стан спраў з таго часу, думаецца, не палепшыўся. На здымках -- парослыя рамонкамі неараныя палі.)





У гэтым выміраючым рэгіёне не толькі пазачыненыя, а нават ужо пазакапаныя ў зямлю магазіны, там, дзе яны яшчэ нядаўна былі: у Хоціне, Слабадзе, Паўазер'і і Фролкавічах. Два апошніх закапалі не пазней як паўгода таму.
У Сокараве ў студзені гэтага года цалкам разбурылі фельчарска-акушэрскі пункт: там ужо выразалі паравое атапленне і выдралі падлогу. І сёння, каб набыць лекі, адзінокаму пенсіянеру з далёкай вёскі трэба дабірацца да Вулы. А як дабірацца? Сёння, 22-га студзеня 2021 года, дарогі праз большасць вёсак гэтай акругі (калі яны не на трасе Бачэйкава - Вула) не чышчаныя ад снегу.
У нядаўнім артыкуле ў "Зары", які прысвечаны Шведаву, ёсць слушныя думкі, выказаныя аўтаркай Ларысай Паўлоўскай: "Рэалізацыя дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі змяніла аблічча многіх населеных пунктаў, размешчаных у сельскай мясцовасці: з’явіліся аграгарадкі, пабудавана новае жыллё, адрамантаваны аб’екты сацкультбыту. Але праблемы, асабліва ў аддаленых ад райцэнтра населеных пунктах, застаюцца. Як паказвае само жыццё, каб моладзь заставалася ў вёсцы, недастаткова выдзеліць чалавеку жыллё і даць працоўнае месца. Трэба стварыць яшчэ і годныя, камфортныя ўмовы. А калі ў населеным пункце, скажам, зачыняюцца нейкія аб’екты, сям’я з’едзе туды, дзе функцыянуюць школа, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, бальніца або ФАП. Па магчымасці іх трэба захоўваць."
Здаецца, ёйныя словы і справы ў нашай сокараўскай акрузе цалкам разыходзяцца. Хто зменіць тут сітуацыю да лепшага? Хто раскажа пра наша сапраўднае жыццё на Ўсебеларускім народным сходзе?
Г.Станкевіч