beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

06.04.2021 21:59

242 просмотра

0 комментариев

Гісторык Андрэй Катлярчук: Лукашэнка будуе вобраз апошняга абаронцы Еўропы ад фашызму

Хай Лукашэнка паедзе ў Маскву і скажа: «Уладзімір Уладзіміравіч, забараняйце свой сцяг!». Бел-чырвона-белы сцяг не мае дачынення да трагедыі ў Хатыні, заявіў у інтэрв’ю праграме «Прасвет» Андрэй Катлярчук, доктар гістарычных навук, в.а. дырэктара Цэнтра сучаснай гісторыі, універсітэта Сёдэрторн (Швецыя). Гісторык распавёў, чаму грамадства ў Беларусі падзеленае паводле прынцыпу сцяга.

Доктар гістарычных навук Андрэй Катлярчук

ВІДЭА

Шоу на касцях беларусаў. Ці пераможа Лукашэнка бел-чырвона-белы сцяг?

https://blstv.eu/news/26-03-2021-shou-na-kastsyah-belarusau-tsi-lukashenka-peramozha-bel-chyrvona-bely-stsyag/

2021.03.26 11:50

Якое дачыненне да трагедыі ў Хатыні мае нацыянальны сцяг Беларусі? Дзе ў гэтай сітуацыі маніпулюе фактамі дзяржаўная ідэалогія?

На гэтае пытанне можна адказаць сцісла: ніякага дачынення. А калі дадаць трошкі фактаў, то трагедыя ў Хатыні вельмі добра вывучаная, як заходнімі, так і беларускімі гісторыкамі. Мы ведаем, хто зрабіў гэтае злачынства. Гэта нямецкі батальён СС пад кіраўніцтвам Оскара Дырлевангера. Гэта быў праект Гімлера. Жаўнеры гэтага батальёну набіраліся з крымінальнікаў-злачынцаў. Гэты батальён пакінуў крывавы след у Беларусі. Яны здушвалі паўстанне ў Славаччыне, Варшаўскае паўстанне.

Оскар Дырлевангер быў забіты ў вязніцы ў 1945 годзе. Ёсць версія, што яго забілі палякі і беларусы – жаўнеры французскай арміі.

Таксама там быў 118-ы паліцэйскі батальён, накіраваны ў Беларусь з Украіны. Там было тры роты. Першая рота складалася з былых украінскіх нацыяналістаў, дзве роты складаліся з савецкіх ваеннапалонных. То бок ніякага дачынення да Беларусі злачынцы, якія зрабілі гэта ў Хатыні, не маюць. Ніякага бел-чырвона-белага сцяга там быць не магло.

Hавiны

Падчас мітынгу ў Хатыні Лукашэнка звярнуўся да тых, «хто пакланяецца БЧБ-сцягам»

2021.03.21 20:07

З якою мэтаю, на вашую думку, ідэолагі Лукашэнкі так старанна эксплуатуюць шмат якія трагедыі Другой сусветнай вайны ў Беларусі?

Яшчэ ў 2013 годзе я надрукаваў, дарэчы, па-англійску і па-беларуску, артыкул пра гістарычную палітыку Лукашэнкі. Я раю слухачам і чытачам знайсці яго і пачытаць. Там я зрабіў некалькі, я лічу, важных высноваў.

Па-першае, Лукашэнка адзін з першых на постсавецкай прасторы пачаў выкарыстоўваць Другую сусветную вайну ў сваёй палітыцы.

То бок Расея ды іншыя краіны пачалі гэта рабіць пазней. Мы ведаем, што ён нават пабудаваў свята, якое не было такім нацыянальным, – 3 ліпеня. Цяпер, паводле медыяў, 3 ліпеня больш значнае свята за Дзень Перамогі 9 траўня.

Дзеля чаго ён робіць гэта? Па-першае, праз вайну ён будуе вобраз апошняга абаронцы Еўропы ад фашызму. Гэтую савецкую тэрміналогію яны выкарыстоўваюць. Беларусь і я, тут мы, – апошні бастыён абароны ад фашызму.

Па-другое, праз вайну ідзе дыскрэдытацыя дэмакратычнай апазіцыі.

Гэта азначае, што прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі малююцца як нашчадкі паліцаяў, як лёкаі Захаду. Мы ведаем гэты дыскурс. Пры гэтым Захад як бы такі спадкаемца нацызму. Я скажу, што смеху варта, як часам падаюць узорныя дэмакратычныя краіны, як Нямеччыну ці Літву, нашчадкамі нацысцкіх рэжымаў. Гэта проста немагчыма, але прапаганда грае з гэтым.

Акурат уся канструкцыя палітычнай памяці пабудаваная на Другой сусветнай вайне. У савецкі час, мы ведаем, яна была пабудаваная на 1917 годзе, і потым ужо іншае. Вайна заняла першае месца. Канечне, улады добра ведаюць, што гэта вялікая траўма кожнай беларускай сям’і. Яна выклікае моцны эмацыйны водгук, і ўлада ведае, што гэта працуе. Пад вайну можна падагнаць розныя мэты сучаснага палітычнага рэжыму.

Як у такім выпадку супрацьстаяць фэйкам на дзяржаўным узроўні?

Супрацьстаяць трэба фактамі, навуковым аналізам, не контрпрапагандай. Не ствараць фэйкі супраць фэйкаў, а ісці ад фактаў. Нацысцкая акупацыя – гэта балючы, трагічны перыяд у гісторыі амаль кожнай краіны. Пра гэта трэба казаць. Насельніцтва кожнай акупаванай краіны падзялілася на тых, хто пайшоў у супраціў, хто вырашыў супрацоўнічаць з новай рэпрэсіўнай уладай, і на тых, хто проста хацеў выжыць, перажыць вайну, гэта большасць людзей. Мы мусім падымаць усе гэтыя тэмы.

У нас у Беларусі былі два магутныя супрацівы – польскі і савецкі. Іх трэба вывучаць на адным узроўні. Паўстае дзіўнае пытанне.

Чаму польскі супраціў у Беларусі маргіналізаваны? Чаму няма музею польскага супраціву? Чаму пра гэта не гавораць? Чаму Польшча малюецца чорнымі фарбамі?

Што да тэмы Галакосту. Так, зроблена нешта за апошнія гады, пабудаваныя мемарыялы. Галакост згадваецца ў падручніках. Але маё пытанне – чаму ў краіне, якая была ў эпіцэнтры Галакосту, няма музею Галакосту? Ён ёсць у Маскве, у Варшаве.

Чаму ў краіне няма даследчага цэнтру Галакосту? Пры гэтым аўтар канцэпцыі генацыду і чалавек, які стаіць за канвенцыяй ААН, − Рафаэль Лемкін. Ён з Беларусі, ён нарадзіўся ў нас, але ў Беларусі пра яго ніхто не кажа.

Чаму ў Беларусі няма ніводнага, я падкрэсліваю, даследчыка генацыду цыганоў? Ніводнага! Усе працы робяцца заходнімі вучонымі.

Канечне, вайна – гэта важная тэма, пра яе трэба казаць ува ўсіх магчымых аспектах. Але дзяржава мусіць пабудаваць інстытуты, якіх няма ў Беларусі. Няма даследчага цэнтру, няма буйнога музею. Ёсць аддзелы, але яны факусуюцца на спецыфічных тэмах, важных тэмах, як савецкі супраціў, але адабраных дзяржавай. Мусіць быць, як казалі калісьці за савецкім часам, комплексны падыход. Мусяць разглядацца ўсе аспекты нацысцкай акупацыі: калабарацыя − так, супраціў – так, але розны супраціў і знішчэнне мірнага насельніцтва, і генацыд габрэяў, і генацыд цыганоў, і злачынства супраць беларускага цывільнага насельніцтва.

Як варта прэзентаваць людзям такія тэмы, як Хатынская трагедыя? Я памятаю, што мяне ў школе, як і іншых школьнікаў, вазілі ў Хатынь, паказвалі. Ці трэба неяк іначай гэта падаваць? Як цвяроза падыходзіць да прэзентацыі гэтай тэмы людзям?

Прэзентацыя такіх трагічных падзеяў – гэта вельмі важная і ашчадная рэч. Гэтым займаюцца не гісторыкі, а супрацоўнікі музеяў. Я трохі ведаю па сваёй спецыяльнасці. Па-першае, ёсць вельмі важныя этычныя моманты, пра якія я не бачу, каб нават думалі супрацоўнікі беларускіх музейных установаў, якія працуюць у Хатыні.

Я б сказаў, што фота забітых дзяцей, асабліва на фоне моцных эсэсаўцаў, выклікаюць спецыфічныя асацыяцыі. Мы бачым здаровых, магутных забойцаў і забітых дзяцей. Ніхто не хоча быць сярод забітых.

То бок ёсць такая дыскусія, што трэба вельмі ўважліва падыходзіць да этычных аспектаў. Не рабіць праекцыі на сучаснасць. Не рабіць!

Калі кажуць, што ўкраінцы забілі ў Хатыні… Насельніцтва Хатыні ды іншых вёсак забілі нацысты і іхныя памагатыя. Сучасныя ўкраінцы не маюць дачынення да гэтага. Цяпер у Кіеве будуецца буйны музей Галакосту ў Баб’ім Яры, ёсць цэнтр даследаванняў Галакосту. Прэзідэнт краіны мае габрэйскія карані. Гэтыя асацыяцыі – гэта ўжо палітычная канструкцыя. Фокус трэба перавесці.

Хатынь – важны момант.

Фокус трэба перавесці наагул у наратыве вайны, з герояў – на пакуты простых людзей.

Я лічу, што пра герояў мы ведаем ужо дастаткова. А вось пакуты простых людзей рознага паходжання, простага чалавека, які апынуўся ў гэтай акупацыі. Трэба пра гэта больш казаць.

Гераізацыя вядомая даследчыкам і вядзе да нейкай мілітарызацыі свядомасці. Бо, калі мы кажам толькі пра герояў, мы кажам, што можам паўтарыць, мы падрыхтаваныя. Але вайна – гэта абсалютнае зло. Трэба падыходзіць з гуманістычных пазіцыяў. Ёсць праблемы між іншым і юрыдычнага плану. Лукашэнка сказаў, што гэта генацыд беларускага народу.

На сайце дзяржаўнага музею Хатыні таксама ўжо выкарыстоўваецца тэрмін «генацыд». Генацыд – гэта вельмі моцны юрыдычны тэрмін. Ёсць генацыд, а ёсць злачынства супраць чалавецтва. Тое, што адбылося ў Хатыні, – гэта злачынства супраць чалавецтва.

Гэта не навуковы падыход: казаць пра генацыд, дзе ёсць жахлівае, але злачынства супраць чалавецтва. Гэта таксама важна падкрэсліць.

Якое значэнне мае, што два бакі ў Беларусі – грамадства, якое супраць Лукашэнкі, і сілы, якія вакол Лукашэнкі, – падзеленыя паводле прынцыпу сцяга? Іх падзяляюць два розныя сімвалы.

Я нядаўна надрукаваў на англійскай мове артыкул пра падзеі і канфлікты вакол сцягоў, пра палітычную барацьбу ў сучаснай Беларусі. Я назваў гэты артыкул «Рэвалюцыя сцягоў», бо ў Еўропе былі розныя рэвалюцыі – і ружаў, і Майдан. А беларускую рэвалюцыю адрозніваюць сцягі, тысячы сцягоў. Мы бачым унікальную з’яву. Рэжым кінуў усіх прапагандыстаў на змаганне са сцягам. Чаму? Бо гэты сцяг сімвалізуе рэвалюцыйныя падзеі, дэмакратыю.

Пад гэтым сцягам беларусы два разы ў XX стагоддзі прыходзілі да дэмакратыі – 1918 год і 1991 год! Два разы ён быў сімвалам дэмакратычнай рэвалюцыі. Цяпер гэта трэці раз.

Таму ўрад робіць усё, каб запляміць гэты сцяг, прыдумаць усё, што заўгодна. Таму такая магутная прапагандысцкая машына. Калі яны імкнуцца давесці, што нейкія калабаранты выкарыстоўвалі гэты сцяг. Магчыма, так. Але нацыянальны сцяг таму і нацыянальны, бо належыць усім групоўкам у грамадстве. Усе маюць права яго выкарыстоўваць.

Загадкі беларускай гісторыі

Хто стварыў бел-чырвона-белы сцяг?

https://blstv.eu/programs/26-03-2021-hto-stvaryu-bel-chyrvona-bely-stsyag/

2020.03.25 08:00

Кожны нацыянальны сцяг мае свае славутыя і цёмныя старонкі.

Чаму не казаць пра славутыя старонкі бел-чырвона-белага сцяга, пра яго дэмакратычную гісторыю? Гэта сцяг 1917 года. Гэта не сцяг Другой сусветнай вайны. Гэта сцяг, які стаў нацыянальным ужо ў 1918 годзе і распаўсюджваўся ў Заходняй Беларусі, у беларусаў Літвы, Латвіі да вайны. Ён лічыўся нацыянальным. Можна паказаць дыплом выпускніка Віленскай беларускай гімназіі – бел-чырвона-белы сцяг. Можна паказаць гурткі Таварыства беларускай мовы. Не палітыка. Проста людзі збіраліся чытаць творы Янкі Купалы. Мы бачым: у кожным пакоі вісіць бел-чырвона-белы сцяг. Гэта сімвал беларусаў. Калі выкарыстоўваць кампанію ачарнення, то трэба забараняць усе сцягі Еўропы, бо кожны сцяг мае цёмныя старонкі.

Ці мае сцяг БССР цёмныя старонкі? Прапагандысты кажуць, ён чысты. Чырвона-зялёны сцяг, дзяржаўны сцяг – чысты. На ім няма плямаў. Прабачце, пад гэтым сцягам ішла прымусовая калектывізацыя Заходняй Беларусі, вынішчаліся апошнія згуртаванні антысавецкага супраціву, катавалі беларускую моладзь. Я пішу ў сваім артыкуле: дзяўчына Ангеліна Бароўка з Паставаў, арыштаваная, сасланая на 10 гадоў у лагер за тое, што яна пашыла бел-чырвона-белы сцяг, які быў сімвалам антысавецкага супраціву.

Усе, хто жывуць у Беларусі, у Менску, памятаюць 1988 год: першая дэманстрацыя дэмакратычнай апазіцыі. Людзі ідуць у Курапаты, мы бачым бел-чырвона-белы сцяг. З яго пачынаюцца дэмакратычныя перамены. Цяпер яны зноў пачаліся з яго. І ўлада спужалася, моцна спужалася. У 2006 годзе я надрукаваў на англійскай мове артыкул пра канфлікты вакол палітычных сімвалаў Беларусі. Калі Лукашэнка ўжо ўсё гэта рабіў. Ніякай рэакцыі не было, досыць доўгі артыкул, з ілюстрацыямі. Ён быў быццам неактуальны.

Калі ўсё пайшло, я ўсё кінуў і напісаў новы артыкул, які выйшаў на англійскай. Можна назваць прафесійнай удачай гісторыка, што я трапіў у трэнд, бо цяпер патрэбны чалавек, які ведае гістарычныя аспекты. Гэта актуальна, тут ёсць, што сказаць.

Зрэшты, прапагандысты чытаюць тое, што мы, гісторыкі, пішам у «Фэйсбуку», і я, і Ляхоўскі, і Пашкевіч.

Я ўважліва сачу за інтэрв’ю Гігіна і Марзалюка. Яны трохі змяняюць пазіцыю, яны чытаюць. Яны кажуць, што, так, гэта было, а, ну гэта мы як бы прызнаем. Хай Лукашэнка паедзе ў Маскву і скажа:

«Уладзімір Уладзіміравіч, забараняйце, свой сцяг!»

Напрыклад, дацкі сцяг – адзін з найстаражытнейшых у Еўропе, XIV стагоддзе. Дацкі вольны корпус СС быў у Беларусі. Ёсць манаграфія. Вучэбная база была ў Бабруйску. Агулам корпус налічваў 6000 жаўнераў СС. У бабруйскай базе знаходзілася па чарзе 300 жаўнераў. Яны ўдзельнічалі ў антыпартызанскіх акцыях. Над базай вісеў і дацкі нацыянальны сцяг! Але нікому ў галаву не прыходзіць «пляжыць» сцяг! Злачынцы асуджаныя. Яны выкарыстоўвалі гэты сцяг. Не Данія выкарыстоўвала, а добраахвотнікі на службе ў Гітлера. Нацысцкай палітычнай партыі ў Беларусі не было. Людзі, якія пайшлі працаваць на Гітлера, выкарыстоўвалі сцяг. А які ім сцяг трэба было выкарыстоўваць? На той час быў нацыянальны і чырвоны. Няма іншага.

Размаўлялі Зміцер Міцкевіч, Сяргей Пеляса для праграмы «ПраСвет» 25 сакавіка 2021 г.

https://blstv.eu/news/06-04-2021-gistoryk-andrej-katlyarchuk-lukashenka-budue-vobraz-aposhnyaga-abarontsy-europy-ad-fashyzmu/

Последние новости