beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

08.04.2021 13:23

198 просмотров

0 комментариев

«Хачу жыць у краіне, дзе пануе закон». Што ў судзе сказаў Віктар Бабарыка, калі аднавіўся судовы працэс

Былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка ўпершыню даў паказаньні па сваёй справе. Ён заявіў, што катэгарычна адмаўляе прад’яўленыя абвінавачаньні.

Фота: Віктар Бабарыка ў судзе 17 лютага 2021

Напачатку Віктар Бабарыка прасіў зрабіць перапынак і даць паўтары-дзьве гадзіны для канфідэнцыйнай сустрэчы з адвакатамі, «каб атрымаць адвакацкую абарону і дапамогу, рэалізаваць сваё права на абарону». Аднак судзьдзя гэтае хадайніцтва не задаволіў. Тады Бабарыка папрасіў даць магчымасьць задаць удакладняльнае пытаньне, але судзьдзя сказаў, што «пытаньні суду не задаюцца».

На пачатку свайго выступу Бабарыка заявіў, што ён катэгарычна супраць прад’яўленых абвінавачаньняў. У цэлым крымінальны перасьлед яго самога, а таксама яго сына і сяброў, калег і партнэраў, ён назваў «абсалютна беспадстаўным» і «палітычна матываваным».

«Яны не перасьледуюць мэты ўстанаўленьня віны, доказу віны, а перасьледуюць адпачатку толькі адну мэту — мой няўдзел у палітычным працэсе, а менавіта ў выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Пра гэта я гаварыў адпачатку», — сказаў Бабарыка.

«Я прапаноўваў іншыя варыянты разьвіцьця»

Ён сказаў, што ў 1995 годзе быў прыняты на пасаду галоўнага экспэрта ў «Белгазпрамбанку» і за пяць гадоў стаў старшынём яго праўленьня. За 20 гадоў кіраўніцтва банк ператварыўся з невялікага фінансавага інстытуту ў адзін з найбуйнейшых у Беларусі, які паказваў прыбытак каля 50 мільёнаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бабарыка хоча стварыць партыю «Разам». Чым такія спробы канчаліся раней

Бабарыка сказаў, што 12 траўня 2020 году заявіў пра намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі, бо лічыў, што вопыт і вынікі, дасягнутыя на пасадзе мэнэджара банку, могуць быць запатрабаваныя ў краіне.

«Я прапаноўваў іншыя варыянты разьвіцьця, адрозныя ад дзейнай на той момант сыстэмы, якая захоўваецца дагэтуль, састарэлай, квазісацыялістычнай і квазісавецкай сыстэмы», — сказаў Бабарыка.

На гэтых словах судзьдзя перарваў Бабарыку і сказаў, каб ён даваў тлумачэньні па прад’яўленым абвінавачаньні. Бабарыка прасіў яго не перабіваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму Пуцін не падтрымае Бабарыку

Далей ён сказаў, што яго пазыцыя не засталася незаўважаная як большай часткай грамадзкай супольнасьці, так і адным з кандыдатаў Аляксандрам Лукашэнкам, і тады «быў запушчаны мэханізм нашага крымінальнага перасьледу і перасьледу людзей, якія са мной працавалі».

За 9 месяцаў стаў «напэўна менш пузатым буржуем»

Бабарыка выклаў храналёгію падзей, якія маюць дачыненьне да разьвіцьця яго крымінальнага перасьледу. Ён сказаў, што ўсё пачалося з 12 траўня, калі ён зрабіў заяву пра рашэньне балятавацца. Праз тыдзень яго штаб зарэгістраваў адну з найбуйнейшых ініцыятыўных групаў — больш за 10 тысяч чалавек. У сваю чаргу, 29 траўня Лукашэнка заявіў, што ў фінансаваньні кампаніі Бабарыкі ёсьць «рука Крамля», згадвалася фірма «ПрыватЛізінг», і Бабарыку пачалі вінаваціць у жульніцтве.

«Я публічна кажу пра недапушчальнасьць такіх дзеяньняў і недапушчальнасьць запужваньня беларускага народу. Пачынаюцца мае паездкі па рэгіёнах Беларусі», — сказаў Бабарыка.

За чатыры дні штаб сабраў больш за 150 тысяч подпісаў, а 10 чэрвеня было ўжо каля трохсот тысяч. Менавіта ў гэты дзень гучыць «практычна даручэньне спадара Лукашэнкі прашарсьціць пузатых буржуяў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка: «Ня трэба са зладзюгаў, буржуяў і махляроў, якія сядзяць у „Белгазпрамбанку“, рабіць герояў»

Бабарыка пажартаваў, што за 9 месяцаў стаў «напэўна менш пузатым буржуем», і гэта выклікала сьмех у залі. Судзьдзя на гэта прыгразіў, што «для падтрыманьня парадку, калі неабходна, усе прысутныя будуць выдаленыя з залі».

Далей Бабарыка сказаў, што 11 траўня арыштоўваюць 15 супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» і ягоных сяброў, а ДФР заяўляе пра пачатак крымінальнай справы, але яму ніякіх абвінавачаньняў не выстаўляецца.

«З гледзішча звычайнай лёгікі гэта тое самае „кітайскае“ папярэджаньне адносна таго, што мне альбо зьяжджаць з краіны, альбо нейкім чынам спыняць удзел у палітычным жыцьці», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Атрымаў тры лісты ад жонкі. Ігар Лосік за кратамі 285 дзён

У гэты час знаёмыя папярэджвалі Бабарыку, што яго хутка арыштуюць і трэба нешта рабіць. Бабарыка тады заявіў, што арышт яго сяброў «абсалютна незаконны», і выказаў гатоўнасьць прыехаць у любое месца, каб даць паказаньні. Потым была заява тагачаснага кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю Івана Тэртэля аб датычнасьці Бабарыкі да крымінальных спраў.

«Нягледзячы на тое, што гучыць прамое абвінавачаньне, я нічога не раблю, каб схавацца з краіны, каб неяк паўплываць на сьведак і зрабіць яшчэ нейкія проціпраўныя дзеяньні, якія перашкаджаюць нармальнаму, сумленнаму судоваму разбору», — сказаў Бабарыка.

«Да 18 чэрвеня ніякіх прэтэнзій да мяне не было»

Штаб падаў у ЦВК больш за 120 тысяч подпісаў, якіх было дастаткова для рэгістрацыі кандыдатам. За дзень да арышту «пачынаюцца прамыя дзеяньні» — беспадстаўны арышт рахункаў выбарчай кампаніі, і 18 чэрвеня — затрыманьне Бабарыкі. Яго патрабаваньне адваката было праігнаравана, Бабарыку прывезьлі ў ДФР, не далі магчымасьці зрабіць заяву і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Адвакаты Бабарыкі падалі ў ЦВК заяву на рэгістрацыю, і ўсе патрабаваньні заканадаўства былі выкананыя. Але Бабарыку не зарэгістравалі з прычыны ліста Дзяржкантролю, хоць гэта не прадугледжана законам. Таксама быў затрыманы сын Бабарыкі, асноўная віна якога, паводле падсуднага, у тым, што ён «мой сын і кіраўнік майго штабу». Эдуард Бабарыка дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Віктар Бабарыка заявіў, што яго затрыманьне было «абсалютна беспадстаўным». Ён згадаў тагачасны інфармацыйны фон, калі дзяржаўныя СМІ заяўлялі пра яго і супрацоўнікаў банка вінаватасьць, хоць сьледчыя дзеяньні тады толькі пачаліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нацбанк Беларусі ўзмацніў кантроль за грашыма беларусаў

Паводле Бабарыкі, банкаўская сфэра ў Беларусі даволі жорстка рэгулюецца і пастаянна кантралюецца, сярод іншага, звонку. Цягам 20 гадоў у «Белгазпрамбанку» не было знойдзена ніводнага парушэньня, якое магло мець хоць намёк на крымінальны перасьлед.

«Такім чынам, вылучаючы абвінавачаньне, сьледчыя органы ставяць пад сумнеў прафэсіяналізм і цэласнасьць усёй сыстэмы кантролю, якая існуе ў банкаўскай сыстэме РБ, і прафэсіяналізм акцыянэраў сыстэмы кантролю», — сказаў Бабарыка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

1674 чыноўнікі падпісалі ліст за адстаўку Лукашэнкі, вызваленьне палітвязьняў і спыненьне гвалту. Што пра іх вядома

Бабарыка таксама заявіў, што катэгарычна адмаўляе прад’яўленыя абвінавачаньні. Ён заявіў, што ўвесь крымінальны перасьлед накіраваны на ўхіленьне і дыскрэдытацыю яго як рэальнага канкурэнта дзейнага на той час прэзыдэнта.

«Да майго выхаду на палітычнае поле Рэспублікі Беларусь, да 18 чэрвеня, ніякіх прэтэнзій да мяне не было. Ніякіх крымінальных спраў адносна людзей, якія сядзяць у гэтай клетцы, не было заведзена, — сказаў ён. — Гэты крымінальны перасьлед заснаваны выключна на добраахвотных паказаньнях, якія людзі давалі ў СІЗА КДБ. Я разумею, што СІЗА КДБ спрыяе прасьвятленьню памяці, але ніколі ня думаў, што часы 30-х гадоў могуць быць тут».

Былыя калегі «агаварылі сябе і спрабавалі агаварыць яго»

Паводле Бабарыкі, ніякай злачыннай групы не было, і ўсе дзейнічалі ў інтарэсах банку і з уласнай ініцыятывы.

«Я ня быў ініцыятарам стварэньня ніякіх замежных кампаній і не даваў ніякім замежным кампаніям нейкіх камандаў і кіраваньня, якое супярэчыць заканадаўству. Я не зьяўляўся ўласьнікам грашовых сродкаў, якія прысутнічаюць у абвінавачаньні. Я ніколі не навязваў ніякіх незаконных умоваў супрацоўніцтва ніводнаму з субʼектаў гаспадараньня ці пэрсанальна нейкім людзям, — сказаў Бабарыка. — Я ніколі не атрымліваў хабару».

Бабарыка сказаў, што яго моцна зьдзівіла, што ягоныя былыя калегі «агаварылі сябе і спрабавалі агаварыць яго». Ён патлумачыў гэта ціскам, які аказваецца ў СІЗА КДБ, а таксама ціскам на блізкіх і сваякоў.

«Ня самая лепшая гісторыя — ведаць, што твае дзеці знаходзяцца ў СІЗА КДБ», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьніжэньне заробкаў, інфляцыя, дэфіцыт тавараў. Сусьветны банк ацаніў пэрспэктывы беларускай эканомікі

Бабарыка таксама сказаў, што сумняваецца ў аб’ектыўнасьці судовага разбору. Ён казаў аб прэсінгу ў прыняцьці рашэньняў.

«У далейшым я ня буду пакуль, на гэтым этапе, адказваць ні на якія пытаньні, даваць дадаткова нейкія тлумачэньні і паказаньні», — сказаў Бабарыка.

Паводле Бабарыкі, яго калегі не вінаватыя.

«Я насамрэч ня мог для сябе доўга адказаць на пытаньне, ці правільна я зрабіў 12 траўня. Бо наступствы для справы 25 гадоў майго жыцьця, наступствы для людзей, — кажа Бабарыка. — Матыў 12 траўня ў мяне быў толькі адзін: я хачу жыць у краіне, дзе пануе закон».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Крэдыты Беларусі даюцца дзеля таго, каб узмацніць уплыў Расеі». Эканаміст — пра даўгі Беларусі і іншых краінаў Маскве

Пасьля прамовы Віктара Бабарыкі ў залі прагучалі воплескі. Віктар Бабарыка, як і раней, знаходзіцца ў дальняй ад залі клетцы.

Людзей, якія сёньня прыйшлі на працэс, ахоўнікі прапускалі праз два кардоны рамак з мэталашукальнікамі, правяралі сумкі, абшуквалі, прымушалі здаць тэлефоны ў спэцыяльныя шуфлядкі, усталяваныя побач.

Віктар Бабарыка не даваў паказаньняў падчас сьледчых дзеяньняў і не прызнаў сваю віну.

Вярхоўны суд вырашыў, што яго будуць дапытваць апошнім. Суд не дазволіў Віктару Бабарыку зьвярнуцца з заявай да пачатку допытаў астатніх фігурантаў справы.

У чым вінавацяць Бабарыку?

Былы банкір Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК). Яму пагражае да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня.

У крымінальнай «справе Белгазпрамбанку» 122 тамы. Працэс пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.

22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні. Апісаньне, якое ёсьць у абвінавачаньні, не дазваляе ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Віктара Бабарыкі ўгледжана злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх зьдзяйсьненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня», паведаміў тэлеграм-канал Бабарыкі.

Віктар Бабарыка заявіў, што віны не прызнае.

https://svabod1.azureedge.net/a/31189958.html

Последние новости