beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

13.09.2021 13:52

223 просмотра

0 комментариев

Алігарх, зь якім Лукашэнка на «вы». Як Міхаіл Гуцэрыеў зблізіўся з кіраўніцтвам Беларусі і да чаго гэта прывяло

Паэт, бізнэсовец і адзіны грамадзянін Расеі, якога ўнесьлі ў «чорны сьпіс» за блізкія кантакты зь беларускімі ўладамі.

У канцы чэрвеня 2021 году, пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair, Эўразьвяз апублікаваў новы пакет санкцый супраць беларускіх уладаў. Сярод дзяржаўных беларускіх кампаній і набліжаных да Лукашэнкі беларускіх бізнэсоўцаў аказаўся ў сьпісе і расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў. У афіцыйным выданьні ЭЗ Гуцэрыева назвалі «даўнім сябрам» Лукашэнкі і пералічылі некаторыя яго дзеяньні, скіраваныя на падтрымку беларускіх уладаў пасьля 9 жніўня 2020 году. У прыватнасьці, дапамогу па арганізацыі працы расейскіх прапагандыстаў у Беларусі. Расказваем пра самага блізкага да Лукашэнкі расейскага алігарха.

Сын рэпрэсаванага

Міхаіл Гуцэрыеў нарадзіўся ў 1958 годзе ў сям’і высланых у Казахстан інгушоў. Аднак яго бацька, Сафарбек Гуцэрыеў, які да дэпартацыі ў 1944 годзе працаваў у пракуратуры, змог застацца ў сілавых органах і пасьля вывазу ў Казахстан. На новым месцы ён уладкаваўся на працу ў абласное ўпраўленьне МУС і стаў сьледчым па асабліва важных справах. Праз чатыры гады пасьля гэтага Сафарбека Гуцэрыева асудзілі на 25 гадоў лягераў. Вызвалілі бацьку будучага сябра Лукашэнкі толькі пасьля сьмерці Сталіна, цалкам рэабілітавалі і аднавілі ў КПСС яшчэ да нараджэньня Міхаіла, у 1955 годзе.

Міхаіл Гуцэрыеў, 2007 год

На радзіму ў Інгушэцію бацька Міхаіла Гуцэрыева так і не вярнуўся. Сафарбек Гуцэрыеў памёр у 1978 годзе, сям’я тады жыла ў сталіцы Чачэніі Грозным. Маці будучага алігарха Марэм дажыла да 1998 году. Акрамя Міхаіла, яна нарадзіла яшчэ васьмярых дзяцей.

У 2015 годзе, ужо будучы адным з самых уплывовых алігархаў Расеі, Міхаіл Гуцэрыеў заснаваў прамыслова-фінансавую групу «Сафмар», якой цяпер кіруе ягоны сын Саід. Назву структура атрымала ад першых літар імёнаў бацькоў Гуцэрыева.

Грузчык, кравец, банкір і дэпутат Дзярждумы

Школу Міхаіл Гуцэрыеў скончыў у Грозным і пайшоў працаваць грузчыкам на базу з гароднінай і садавіной. Пасьля займаўся шаўкаграфіяй, на пачатку 80-х нават стаў майстрам кравецкага цэху на фабрыцы народных промыслаў у казахстанскім Джамбуле. Вучыўся ў інстытуце лёгкай прамысловасьці. У 1988 годзе 30-гадовы Міхаіл Гуцэрыеў засноўвае першае на Паўночным Каўказе сумеснае савецка-італьянскае прадпрыемства па вытворчасьці мэблі, а таксама камэрцыйны банк «Каўказ».

Неўзабаве пасьля распаду СССР і прыходу да ўлады ў Грозным Джахара Дудаева Гуцэрыеў зьяжджае з Чачэніі. Спачатку ён пасьпяхова займаецца банкаўскім бізнэсам, а ўжо ў 1995 годзе становіцца дэпутатам Дзярждумы РФ. У думе ён засядаў да 2000 году, калі добраахвотна адмовіўся ад мандату і цалкам перайшоў на працу ў створаную ім жа ў 1994 годзе кампанію «Слаўнафта».

З гэтага моманту пачынаецца блізкае знаёмства Гуцэрыева з Аляксандрам Лукашэнкам і ягоны прыход у Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Сохра», «Брэміна Груп», «БелАЗ», «МАЗ». Што за кампаніі падпалі пад санкцыі Эўразьвязу

«Чалавек, якому цалкам давярае Лукашэнка»

У Беларусь Міхаіл Гуцэрыеў стаў прыяжджаць пасьля таго, як узначаліў кампанію «Слаўнафта». Па інфармацыі выданьня Forbes, яшчэ да пачатку кіраваньня Гуцэрыева «Слаўнафце» належала 42,5% акцый Мазырскага НПЗ. Беларусь, у сваю чаргу, валодала прыкладна 11% акцый самой «Слаўнафты». З прыходам Гуцэрыева ў кампанію пачалася мадэрнізацыя нафтаперапрацоўчага заводу ў Мазыры, якая была пасьпяхова скончаная. У 2002 годзе «Слаўнафту» выкупілі Раман Абрамовіч і Цюменская нафтавая кампанія, а самога Гуцэрыева адхілілі ад кіраўніцтва.

Аднак ужо праз год Гуцэрыеў стварыў новую структуру, якую назваў «Русснефть». Яна купляла дробныя нафтавыя радовішчы ў Расеі, а таксама пабудавала ў Бранскай вобласьці нафтаналіўны тэрмінал, чые магутнасьці павінны былі забясьпечваць сыравінай НПЗ у Мазыры.

Нафтавы тэрмінал «РуссНефти», 2005 год

Справы ў «Русснефти» ішлі добра да 2007 году, калі Міхаіла Гуцэрыева абвінавацілі ў злоўжываньнях і нявыплаце падаткаў у буйным памеры. У выніку кампанія перайшла да канкурэнта — Алега Дзерыпаскі, а сам Гуцэрыеў усяго за некалькі дзён да афіцыйнага ўзбуджэньня крымінальнай справы зьехаў з Расеі ў Лёндан. Уцёкі адбываліся празь Менск, куды Гуцэрыеў прыехаў з Масквы на аўтамабілі разам зь сябрам. Зь беларускай сталіцы апальны алігарх вылецеў у Турэччыну на прыватным самалёце. Шэраг расейскіх СМІ паведамлялі тады, што эвакуацыя Гуцэрыева не абышлася без спрыяньня беларускіх спэцслужбаў і асабіста Лукашэнкі. Сам Гуцэрыеў страту «Русснефти» і перасьлед з боку Крамля называў неабгрунтаванымі і выкліканымі помстай з боку канкурэнтаў па нафтавым бізнэсе.

У Расею алігарх вярнуўся праз тры гады. Паводле інфармацыі расейскіх СМІ, паспрыяў гэтаму добры знаёмы Гуцэрыева і сябра юнацтва Пуціна, старшыня праўленьня «Сбербанка» Герман Грэф. Ужо ў студзені 2010 году Гуцэрыеў цалкам вярнуў сабе кантроль над кампаніяй «Русснефть», у жніўні таго ж году ўсе абвінавачаньні супраць яго былі афіцыйна зьнятыя.

Вярнуўшыся ў Расею, Міхаіл Гуцэрыеў яшчэ больш актыўна пачаў працаваць на беларускім кірунку. Ужо ў 2011 годзе ягоная кампанія «Слаўкалій» падпісвае зь беларускім урадам кантракт аб будаўніцтве каля Любані прадпрыемства па здабычы калійных угнаеньняў. Праект стаў самым буйным для прыватнага бізнэсу на тэрыторыі СНД. Яго агульны кошт ацанілі ў 2 мільярды даляраў, сродкі на фінансаваньне прыцягвалі з дапамогай Кітаю.

У сьнежні 2015 году Гуцарыеў і Лукашэнка ўрачыста заклалі капсулу ў гранітны памятны знак у гонар заснаваньня новага калійнага камбінату ў Любанскім раёне.

Акрамя гэтага, Гуцэрыеў у 10-я гады пабудаваў у Беларусі новы тэрмінал для бізнэс-авіяцыі ў Нацыянальным аэрапорце, гатэль «Рэнэсанс», офісны цэнтар у Менску, рэзыдэнцыю «Краснасельскае», якая разьмясьцілася на тэрыторыі, што раней належала Кіраўніцтву спраў Лукашэнкі.

«Гэта чалавек, якому прэзыдэнт Беларусі няўхільна давярае, — расказвала прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант выданьню Forbes у 2017 годзе. — Гуцэрыеву была пастаўлена задача мадэрнізаваць Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Задача была выкананая, як, зрэшты, і ўсё, што абяцае Міхаіл Сафарбекавіч».

«Майбах», верталёт, пастаўкі нафты падчас пагаршэньня адносінаў паміж Лукашэнкам і Крамлём

Зьвесткі пра блізкія стасункі паміж Гуцэрыевым і Лукашэнкам пачаў распаўсюджваць сам Лукашэнка.

«Мне на дзень нараджэньня падарылі „Майбах“, — расказаў Лукашэнка журналістам на прэс-канфэрэнцыі ў кастрычніку 2012 году. — Вытворчасьць гэтых машын ужо закрытая. Я аддаў яе дзяржаве, яна стаіць у дзяржаўным гаражы. Аднак я на ёй ня ежджу. Нават мой кіроўца разумее, што нясьціпла езьдзіць на такой машыне».

«Майбах», па словах самога Лукашэнкі, яму падарыў «адзін расіянін». Журналісты недзяржаўных СМІ хутка зьвязалі падарунак зь імем Гуцэрыева. А шыкоўны нямецкі лімузын коштам каля 1 мільёна даляраў, насуперак сьцьверджаньням Лукашэнкі, неўзабаве заўважылі на вуліцах Менску ў атачэньні прэзыдэнцкага картэжу. У 2019 годзе на цырымонію адкрыцьця Эўрапейскіх гульняў на нацыянальным стадыёне «Дынама» Лукашэнка прыехаў ужо на наступнай мадэлі «Майбаха». Адкуль у яго ўзяўся гэты аўтамабіль, нідзе не паведамлялася.

У тым жа 2019 годзе авіяспотэры (фатографы, якія «палююць» на самалёты і верталёты. — РС) сфатаграфавалі новы італьянскі верталёт AgustaWestland AW139 коштам каля 14 мільёнаў даляраў у беларускай дзяржаўнай расфарбоўцы. Такой жа, якой расфарбаваныя беларускія ўрадавыя самалёты і верталёты, у тым ліку тыя, якімі карыстаецца асабіста Лукашэнка. Шэраг СМІ і блогераў выказалі меркаваньне, што новы борт маглі набыць на замену старому савецкаму верталёту МІ-8, на якім Лукашэнка рэгулярна лётае над краінай. Аднак празь некаторы час стала вядома, што італьянскі верталёт набыла кампанія Міхаіла Гуцэрыева «Слаўкалій». Чаму яго вырашылі расфарбаваць у беларускую дзяржаўную ліўрэю колераў афіцыйнага сьцяга, у «Слаўкаліі» не патлумачылі. Згодна з дадзенымі сайта flightradar24, італьянскі верталёт у чырвона-зялёнай расфарбоўцы з надпісам «Беларусь» на борце заўважалі над Драздамі і Астрашыцкім гарадком, аднак па стане на верасень 2021 году Лукашэнка працягвае карыстацца для афіцыйных візытаў у Беларусі старым савецкім МІ-8.

Адбіліся блізкія стасункі Гуцэрыева з Лукашэнкам і на больш высокім узроўні. На пачатку 2020 году, калі афіцыйныя адносіны паміж Менскам і Крамлём чарговы раз прывялі да «нафтавага канфлікту», менавіта структуры Гуцэрыева былі адзінымі, хто забясьпечваў Беларусь расейскай нафтай на старых умовах. Міхаіл Гуцэрыеў штомесяц пастаўляў на беларускія НПЗ каля 500 тысяч тон вуглевадародаў, закрываючы магутнасьці беларускай нафтаперапрацоўкі прыкладна на 25%.

Меў Міхаіл Гуцэрыеў і непасрэднае дачыненьне да разьвіцьця рынку крыптавалют і ІТ-сфэры ў Беларусі. У канцы 2017 году пры непасрэдным удзеле расейскага алігарха ў Беларусі быў прыняты дэкрэт «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які праз два гады дазволіў партнэру Гуцэрыева Віктару Пракапеню афіцыйна адкрыць легальную біржу крыптавалютаў Currency.com. Новай структурай Пракапеня, які зусім незадоўга да таго быў вызвалены зь СІЗА КДБ без суду, першапачаткова валодаў разам з сынам Гуцэрыева Саідам. У 2021 годзе ён стаў адзіным уласьнікам кампаніі.

Верш для Анжалікі Агурбаш, царква пад Менскам і санкцыі Эўразьвязу

Акрамя таго, што гандлюе нафтай і калійнымі ўгнаеньнямі, Міхаіл Гуцэрыеў валодае шэрагам радыёстанцый, прадусарскім цэнтрам, а таксама сам піша вершы і тэксты для песень дзясяткам расейскіх поп-выканаўцаў. Колькасьць кампазыцый, напісаных на ягоныя вершы, дасягае некалькіх сотняў. Песьні на вершы Гуцэрыева сьпяваюць Ала Пугачова, Мікалай Баскаў, Філіп Кіркораў і іншыя выканаўцы. Напісаў Гуцэрыеў тэкст і для песьні Анжалікі Агурбаш.

Міхаіл Гуцэрыеў актыўна выдзяляе грошы на будоўлю і рэстаўрацыю праваслаўных цэркваў, будысцкіх храмаў, мячэцяў і сынагог. У тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Гуцэрыеў удзельнічаў, напрыклад, у фінансаваньні будаўніцтва храма прарока Іаана Прадцечы ў аграгарадку Шаршуны ў Менскім раёне. Адкрываў царкву асабіста Лукашэнка. Выступаючы ў царкве, Лукашэнка зьвяртаўся да Гуцэрыева на «вы» — нячастая для яго зьява.

«Хачу, Міхаіл Сафарбекавіч, падзякаваць вам ня толькі за гэты храм, але і за школу, тыя вытворчыя памяшканьні, якія вы пабудавалі на мільярды даляраў у нашай краіне, — сказаў на адкрыцьці царквы Лукашэнка. — А таксама за тое, што працягваеце сваю падзьвіжніцкую справу».

Мітрапаліт Веньямін, Мікалай і Аляксандар Лукашэнкі, Міхаіл Гуцэрыеў у . Шаршунах 8 кастрычніка 2020 году

У апублікаваным у канцы чэрвеня 2021 году новым санкцыйным сьпісе ЭЗ гаворыцца, што Міхаіл Гуцэрыеў — «даўні сябра Лукашэнкі» і што гэта дазволіла яму «займець значны капітал і ўплыў сярод палітычнай эліты Беларусі». Гуцэрыева таксама абвінавацілі ў падтрымцы Лукашэнкі падчас «нафтавых войнаў» паміж афіцыйным Менскам і Крамлём. Узгадалі эўрапейцы і гісторыю з уцёкамі расейскага алігарха з Расеі празь Менск, а таксама будаўніцтва камбінату каля Любані.

Санкцыі, уведзеныя супраць Гуцэрыева Эўразьвязам, прадугледжваюць пэрсанальную забарону на магчымасьць наведваць усе краіны-ўдзельніцы ЭЗ. А таксама замарозку ўсіх асабістых актываў, разьмешчаных на тэрыторыі Эўразьвязу. У ліпені санкцыі супраць Гуцэрыева ўвяла Швайцарыя, на пачатку жніўня да іх далучылася Вялікая Брытанія. Паводле ацэнак расейскага профільнага выданьня «Коммерсантъ», тое, што расейскі алігарх трапіў у «чорны сьпіс» Эўразьвязу, можа мець для яго цяжкія наступствы. У ліпені Гуцэрыеў выйшаў са складу праўленьня створанай ім у 2002 годзе кампаніі «Русснефть», якую ўзначальваў увесь час зь перапынкам на вымушаную эміграцыю ў 2007–2010 гадах. Расейскія СМІ зьвязваюць гэты крок менавіта з санкцыямі ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пагражаў і дыскрымінаваў беларускіх спартоўцаў». Міжнародная фэдэрацыя хакею на 5 гадоў дыскваліфікавала Баскава

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праз эўрапейскія санкцыі літоўская мытня заблякавала транзыт самазвалаў БелАЗ у Чылі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Незайздросны лёс прыдворных алігархаў. Чаму Чыжа зрабілі банкрутам

https://svaboda.global.ssl.fastly.net/a/31449995.html

Последние новости