beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Политика

03.11.2019 18:58

225 просмотров

0 комментариев

Ролік NEXTA і выбарчая кампанія: Хто паставіць апазыцыі лайк?

Ці ёсьць галоўная тэма сёлетняй выбарчай кампаніі? Чаму ледзь не ўвесь сьвет бурліць, а ў Беларусі — спакой? Ці дала хада кампаніі адказ, навошта ўдзельнічаць у такіх выбарах?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць: рэдактарка інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова, аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Вадзім Мажэйка. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

<a href="https://w.soundcloud.com/player/?url=//soundcloud.com/svaboda/pa1101«>SoundCloud</a>

Сьцісла:

Карбалевіч

  • Мы маем суцэльную імітацыю, імітуюць усе — улада, насельніцтва, Захад, апазыцыя
  • Тэма інтэграцыі з Расеяй ня робіцца галоўнай падчас кампаніі
  • Сэнс удзелу апазыцыі ў выбарах — паказаць і грамадзтву, і Захаду, што яна проста ёсьць

Касьцюгова

  • Асаблівасьць кампаніі — разрыў паміж ростам актыўнасьці палітычных актараў і апатыяй выбаршчыкаў
  • Аўдыторыі патрэбны герой, яна сама ня можа нічога зрабіць, яна здольная толькі паставіць лайк
  • Вылучэньне некалькіх праўладных кандыдатаў — гэта басэйн-лягушатнік

Мажэйка

  • У пасланьнях апазыцыйных палітыкаў губляецца каштоўнасны элемэнт
  • Цяпер публічная палітыка замяняецца альбо кулюарнымі дамовамі альбо спантаннымі пратэстамі
  • Папулярнасьць NEXTA не канвэртуецца ў палітычнае дзеяньне

«Імітуюць усе — улада, насельніцтва, Захад, апазыцыя»

Дракахруст: Прайшло дзьве траціны агітацыйнай кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў, прагучалі выступы па тэлебачаньні многіх кандыдатаў, шэраг кандыдатаў былі зьнятыя з выбараў. Час падвесьці папярэднія, прамежкавыя вынікі.

Выбары, нават несвабодныя, такія, вынік якіх перадвызначаны — гэта ўсё ж грамадзкі дыялёг, пазыцыяваньне і фармуляваньня самых вострых грамадзкіх праблемаў.

Ці вызначыла кампанія на гэтым этапе гэты набор самых галоўных тэмаў?

Памятаеце, як у Стругацкіх у «Пікніку на ўзбочыне» — Зона выконвае любое жаданьне, але толькі калі гэта сапраўднае жаданьне. А якое сапраўднае жаданьне беларусаў? Кампанія гэта паказала?

Касьцюгова: Асаблівасьцю сёлетняй кампаніі быў разрыў, які паглыбляецца, паміж ростам актыўнасьці палітычных актараў — партыяў, самавылучэнцаў, сацыяльных групаў, груп ціску, жаданьнем іх атрымаць палітычную «надбудову» над іх ініцыятывамі, і апатыяй выбаршчыкаў, якая паглыбляецца ад кампаніі да кампаніі.

Улада дэманструе жаданьне зрабіць кіроўную клясу гермэтычнай.
Усе вострыя пытаньні, якія ўзьнімаюць кандыдаты, адсякаецца бязьлітасна. Усе выступы, дзе ёсьць вострыя выклікі, не выпускаюць у эфір, тыя, якія выпусьцілі, потым цэнзуруюцца.

Мажэйка: Шмат гадоў беларускія палітыкі казалі пра абстрактныя каштоўнасьці — пра свабоду слова, правы чалавека. грамадзянскія свабоды. І іх шмат гадоў вучылі, што варта адыходзіць ад абстракцыяў, трэба быць бліжэй да патрэбаў простых людзей.

Маё адчуваньне, што ў гэтай кампаніі пайшоў перакос у іншы бок, у пасланьнях апазыцыйных палітыкаў губляецца каштоўнасны элемэнт.

А каштоўнасьці — гэта быў хіба не адзіны пункт, дзе ў апазыцыі былі мацнейшыя пазыцыі. Але і да простых людзей яны таксама не даходзяць.

Карбалевіч: Падчас сёлетняй кампаніі фармат выбараў без выбараў даведзены да лягічнага канца. Мы маем суцэльную імітацыю, імітуюць усе — улада, насельніцтва, Захад, апазыцыя. Калі ўсё імітацыя, то які можа быць дыялёг? Толькі яго імітацыя.

Дэбаты на ТБ рэдкія, ёсьць пікеты, але людзі падыходзяць да іх вельмі неахвотна. Тыя кандыдаты. якія спрабуюць казаць пра зьмену ўлады, ці зьнятыя з выбараў ці іх не выпускаюць у эфір.

Агульнанацыянальнай тэмы, парадку дня я ня бачу. Дарэчы, тэма інтэграцыі з Расеяй ня робіцца галоўнай падчас кампаніі.

Каго і што лайкаюць беларусы?

Дракахруст: Сьвет на нашых вачах бурліць, мільёны на вуліцах Ганконгу, Багдаду, Бэйруту, Сант’яга-дэ-Чылі. Адмова ў рэгістрацыі шэрагу кандыдатаў на выбарах у Маскоўскую гарадзкую думу выклікала пратэсты, якіх расейская сталіца ня бачыла з пачатку дзясятых. У Беларусі адмовілі ў рэгістрацыі значнай частцы незалежных і апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту. Грамадзкая рэакцыя — спакой, як на могілках. Чаму?

Карбалевіч: У краіне няма парлямэнту, няма выбараў. І грамадзтва гэта разумее. Нават у Расеі выбары больш падобныя на выбары, чым у Беларусі. Там шмат дзе яшчэ галасы лічаць.

Касьцюгова: Я ня думаю, што прычына апатыі беларусаў у адсутнасьці грамадзянскіх і палітычных свабодаў. Грамадзтва вельмі неаднароднае. Я нязгодная з Вадзімам, што не гучыць каштоўнасных заяваў і канкрэтных прапановаў па рашэньні праблемаў.

Сёлета, як ніколі, у парлямэнт ідуць вельмі падрыхтаваныя групы, яны над сваімі прапановамі працавалі ўжо працяглы час.

Аўдыторыі, якой адрасаваныя каштоўнасныя пасланьні, патрэбны герой, яны самі ня могуць нічога зрабіць, яны здольныя толькі паставіць лайк.

Дракахруст: Днямі мы былі сьведкамі своеасаблівага рэкорду — ролік пра Лукашэнку аўтарства відэаблогера NEXTA набраў пад мільён праглядаў. Дык ці такі апатычны беларускі народ? Можа тыя палітыкі, якія ідуць на выбары, проста не ўмеюць размаўляць зь людзьмі так, як умее NEXTA?

Мажэйка: Ня ў гэтым справа. Зараз і відэаблогеры спрабуюць ісьці ў парлямэнт. Але людзі і праўда гатовыя ў лепшым выпадку паставіць лайк і ня больш за тое.

У роліку NEXTA рэкордная колькасьць праглядаў. Ну і што? У роліку Навальнага «Он вам не Димон» было некалькі мільёнаў праглядаў і яны канвэртаваліся ў пратэсты па Расеі. У Беларусі, пры ўсёй папулярнасьці NEXTA, гэтага няма і блізка.

Цяпер публічная палітыка замяняецца альбо кулюарнымі дамовамі, як мы гэта бачым на пракладзе бізнэсоўцаў-ІТ-шнікаў, альбо спантаннымі пратэстамі, як яно было з акумулятарным заводам у Берасьці. Улада на гэта так ці інакш рэагуе і часам нават ідзе насустрач.

«Канкурэнцыя паміж праўладнымі кандыдатамі — гэта басэйн-лягушатнік»

Дракахруст: Многія заўважылі, што шмат у шэрагу акругаў назіраецца канкурэнцыя паміж праўладнымі кандыдатамі, чаго раней у такіх маштабах не было. Ці стала больш зразумела, што гэта азначае? Імітацыя дэмакратыі для Захаду, увядзеньне элемэнтаў канкурэнцыі ў кадравую палітыку, нешта іншае?

Карбалевіч: Падобнае назіралася і на папярэдніх выбарах. Ня думаю, што гэта можна назваць рэальнай канкурэнцыяй.

Па-першае, гэта імітацыя. Трэба паказаць і насельніцтву. і Захаду, што ў нас шмат кандыдатаў.

Па-другое, вышэйшая ўлада імкнецца максымальна мабілізаваць дзяржапарат падчас выбараў. Каб камунікавалі, размаўлялі з насельніцтвам. Расьце ня толькі колькасьць праўладных кандыдатаў, але і колькасьць праўладных назіральнікаў.

Па-трэцяе, нельга выключаць канкурэнцыю розных групаў ва ўладзе.
Думаю, што перад выбарамі ўлада паўсюль выбярэ свайго кандыдата ў кожнай акрузе. На мінулых выбарах праўладныя спарынг-кандыдаты масава здымаліся з выбараў, зараз зьняліся ўжо 22 кандыдаты.

Касьцюгова: Гэтае вылучэньне некалькіх праўладных кандыдатаў — гэта басейн-лягушатнік. Ім даюць магчымасьць заявіць пра свае амбіцыі.

Каму і якая карысьць ад выбараў?

Дракахруст: Яшчэ да пачатку кампаніі ў сацыяльных сетках абмяркоўвалася пытаньне, а які сэнс удзельнічаць у гэтых, у такіх выбарах? Асабліва рэзка з крытыкай удзелу ў выбарах выступалі палітоляг Павал Вусаў і філёзаф Уладзімер Мацкевіч. Большасьць палітычных субʼектаў на выбары пайшлі, але хада кампаніі — ці дала яна нейкія дадатковыя адказы на пытаньне — навошта ўдзельнічаць у выбарах?

Мажэйка: У гэтых выбарах удзельнічала нават «Эўрапейская Беларусь», якая шмат гадоў была адным з самых зацятых крытыкаў удзелу ў выбарах. Перамагла лінія, паводле якой варта ўдзельнічаць у выбарах, каб узьдзейнічаць на грамадзтва.

Тыя, хто агітаваў за няўдзел — гэта не былі прадстаўнікі палітычных структураў.

Карбалевіч: Сэнс удзелу апазыцыі ў выбарах — паказаць і грамадзтву, і Захаду, што яна проста ёсьць. Да таго ж спартоўцы без спаборніцтва страчваюць спартовую форму. Праціўнікі ўдзелу ў выбарах кажуць — хто каму перашкаджае камунікаваць з насельніцтвам па-за межамі выбарчай кампаніі. Пасьля таго як улады абавязалі плаціць вялікія грошы за любую публічную акцыю, гэта стварыла дадатковую матывацыю ўдзельнічаць у выбарах.

Падчас кампаніі можна бясплатна ладзіць пікеты, сустрэчы з выбаршчыкамі. Нават Статкевіч скарыстаўся гэтай магчымасьцю.

Касьцюгова: Вусава і Мацкевіча пачула ўлада. І зрабіла сваю выснову. што нельга ні ў якой форме пускаць апазыцыю ва ўладу.

Выбары незаўважныя для насельніцтва. Сёлета гэтая абыякавасьць фантастычная. Па Менску нідзе ня бачна, што ў краіне выбары. СМІ пра іх амаль ня пішуць.

Што тычыцца вынікаў для апазыцыі. У некаторых групаў ёсьць пэўныя дасягненьні. Я б адзначыла вынікі руху «Маці-328». Яны і раней узьнімалі сваё пытаньне досыць рашуча. І на выбарах яны атрымалі агульнанацыянальную трыбуну. Яны дамагліся чарговага прыёму ў Качанавай, нешта заявіў пра гэта і Лукашэнка. Гэтае пытаньне не атрымаецца ігнараваць і пасьля выбараў.

Тое ж тычыцца і групаў, якія выступаюць супраць шкодных вытворчасьцяў у розных рэгіёнах краіны. І пасьля выбараў улады — і мясцовыя, і цэнтральныя, і інвэстары — будуць вымушаныя ў большай ступені рэагаваць на незадавальненьне людзей па гэтых пытаньнях.

Юры Дракахруст

Журналіст Радыё Свабода

https://www.svaboda.org/a/30248600.html

Последние новости