beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Политика

06.11.2019 15:18

193 просмотра

0 комментариев

Першы раз у Расеі. «Ты што думаеш, мы тут усе за Пуціна?» (Працяг)

Карэспандэнт Свабоды дажыў да 35 гадоў і ўпершыню ў жыцьці паехаў у Расею паглядзець, як там не па тэлевізары, а папраўдзе. Чацьвёрты рэпартаж сэрыі — пра Новасібірск і яго жыхароў, а таксама пра Крым, Пуціна і будучыню.

Мыльна-рыльныя

— Вы надоўга?
— Ды не, мне толькі пераначаваць.
— Ясна. Ну вось ложак там, пасьцельная бялізна тут. Душ і прыбіральня па калідоры, у канцы. Толькі мацней дзьверы тузайце, яны зламаныя.
— Зразумела.
— Мыльна-рыльныя тут.
— Ясна.
— Ну я пайшла. Адпачывайце.

Гэта я прыехаў у Новасібірск. Цягнік з Іркуцку прыбыў каля паўночы, таму вырашаю скарыстацца паслугамі вакзальнага гатэлю. Тым больш тут можна плаціць пагадзінна. Вакзал у Новасібірску збудавалі пасьля вайны, і на той момант ён быў самы вялікі на тэрыторыі СССР. Памеры ўражваюць і цяпер — новасібірскі вакзал прыкладна ўдвая большы за менскі. Але вялікім чыгуначным вузлом Новасібірск назваць цяжка.

Краязнаўчы музэй, адзін з самых старых будынкаў гораду

Пакой, куды я ўладкоўваюся на начлег, — на апошнім, пятым паверсе. За дзьвярыма адразу галерэя. Калі выйсьці ў пошуках душу і прыбіральні са зламанымі дзьвярыма, то з вышыні дзясятка мэтраў можна бачыць усю вялізную залю чаканьня. Заля чаканьня, адпаведна, можа бачыць цябе.

Сам вакзальны гатэль адпавядае стылю пакаёўкі зь яе «мыльна-рыльнымі» выразамі — трохмэтровая столь зь ляпнінай, старажытная лядоўня (не працуе), такі самы тэлевізар. Пазьней мне патлумачаць, што савецкі стыль у Новасібірску — гэта ня толькі ад беднасьці і занядбанасьці.

Станцыя мэтро «Плошча Леніна». Зусім як у Менску

«Мы б зьехалі адсюль, толькі куды?»

У Новасібірску я спыняюся больш як на суткі. Гэта роўна сярэдзіна падарожжа праз Расею.

Горад мае неафіцыйны статус сталіцы Сібіру і афіцыйны — цэнтру Сібірскай фэдэральнай акругі. Адносна недалёка ад Новасібірску, на ўсход, яшчэ адзін сібірскі цэнтар — Краснаярск. Мясцовыя кажуць, што паміж гарадамі ідзе неафіцыйнае супрацьстаяньне за ўплыў у рэгіёне. Апошнім часам Новасібірск у ім прайграе.

«Ты думаеш, мы тут усе за Пуціна? — сам пытаецца ў мяне жыхар сталіцы Сібіру Андрэй. — А як жа! Ніхто тут гэтую ўладу не падтрымлівае, і ўжо даўно. Толькі ніхто табе адкрыта ня скажа. У нас толькі на выбарах усё прыгожа, працэнты патрэбныя. На самой справе з кім ні пагаворыш, усе сябры, родныя і знаёмыя супраць. Альтэрнатывы толькі няма ўсё адно. Навальны? Хто ён такі, гэты Навальны! У Маскве яшчэ, можа, ён мае нейкую падтрымку. Тут — не».

Опэрны тэатар

Андрэй працуе ў дзяржаўнай структуры. Жонка таксама. Разам гадуюць дзіця, абое прыехалі ў Новасібірск зь іншых рэгіёнаў, жывуць тут даўно. Расказваюць, што да 2014 году ўсё было больш-менш нармальна, а потым рубель абваліўся, заробкі засталіся на ранейшым узроўні, павялічылася інфляцыя.

«Ня ведаю, з чым гэта было зьвязана, — кажа мне суразмоўца. — Ці з санкцыямі, ці з дадатковым фінансаваньнем Крыму. Але факт, у нас тут усе цяпер сваё жыцьцё падзяляюць на „да 2014 году“ і „пасьля“. Жыць стала рэальна горш, і гэтае пагаршэньне не спыняецца. Што будзе далей, я ня ведаю. Вось рэальна ня ведаю. Але ніякай альтэрнатывы няма».

У Навасібірску старыя дамы стаяць побач з сучаснымі

Па словах мужчыны, заробак памерам 25 тысяч рублёў (каля 770 беларускіх. — РС) для Новасібірску лічыцца нядрэнным. Пэнсіянэрам цяжэй, памер пэнсіі можа быць роўны і 10 тысячам. У сярэднім каля 14. З гэтых грошай яшчэ трэба заплаціць за камуналку (каля 2–3 тысяч). Для маладзейшых асобная праблема — гіпатэка. Сам Андрэй у месяц плаціць па ёй каля 20 тысяч рублёў — большую частку заробку.

«Хто можа зьехаць з Новасібірску, той зьяжджае, моладзь у асноўным, — працягвае Андрэй. — У нас тут, вядома, ня так і дрэнна. З адукацыяй таксама, Акадэмгарадок жа ёсьць. Але маладыя, хто можа, усё адно стараюцца паехаць у Маскву ці Пецярбург. Так прасьцей застацца там. Ці хочам мы зьехаць? Ну так... Але куды нам ужо, усё тут, дый узрост. Хацелася б, каб дачка зьехала. Але не ў Маскву, лепш за мяжу. Ня хочам, каб заставалася ў Расеі».

130 гадоў гісторыі і 1,6 мільёна жыхароў

У Новасібірску жыве больш за 1,6 мільёна чалавек. Гэта трэці па колькасьці насельніцтва горад Расеі (пасьля Масквы і Пецярбургу). І самы малады з тройкі — да 1891 году на месцы Новасібірску не было нічога.

Сваім зьяўленьнем ён абавязаны Трансьсібірскай магістралі. Менавіта на месцы сучаснай сталіцы Сібіру было вырашана будаваць чыгуначны мост цераз раку Об. У канцы 19 стагодзьдзя гэта патрабавала вялізных высілкаў (пабудаваны тады мост у выніку прастаяў больш за сто гадоў), на месца будучага Новасібірску пачалі сьцякацца тысячы людзей.

Да канчатковага ўсталяваньня савецкай улады ў рэгіёне (гэта адбылося толькі ў 1919 годзе) Новасібірск у гонар цара Мікалая называлі Новамікалаеўскам.

Мост праз Об

Перайменавалі горад толькі ў 1926 годзе, а на пачатку 1990-х вырашылі старую назву не вяртаць. Можа і таму, што, у адрозьненьне ад большай часткі тэрыторыі Расеі, папулярнасьць камуністаў у Новасібірску застаецца высокай аж дагэтуль. Мясцовыя называюць гэта прычынай асаблівай нелюбові да Новасібірску з боку фэдэральнага цэнтру. Таму, маўляў, частку адміністрацыйных функцый паступова перадалі ў Краснаярск, дзе даўно і аднагалосна кіруе «Адзіная Расея».

Папулярнасьць КПРФ у Новасібірску праяўляецца ў самых незвычайных формах. Напрыклад, зусім побач з цэнтральнай плошчай гораду можна пабачыць вялікі дагледжаны манумэнт у гонар герояў СССР, якія паходзяць з Новасібірску. Непадалёк ад яго дзейны Дом культуры імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. А таксама вялізны помнік Леніну ў цэнтры і аднайменная станцыя мэтро.

Навасібірскія графіці

Калі ня ведаць, што ты ў самым цэнтры Сібіры і ўсёй Расеі, Новасібірск можна лёгка пераблытаць з вуліцамі Гомля ці ваколіцамі праспэкта Незалежнасьці ў Менску. Асабліва калі ісьці ад вакзала ў бок опэрнага тэатру. Тыя ж «сталінкі» і «брэжнеўкі», акуратнасьць і чысьціня. Нават тапаніміка ўводзіць у зман, вуліцы ў Новасібірску таксама пераймяноўвалі ня вельмі актыўна.

Асаблівасьцю расейскага гораду можна назваць хіба толькі драўляныя дамы, якія захаваліся дзе-нідзе. Іх ставілі для рабочых, якія пачыналі будаваць Новасібірск. У адным з такіх дамоў пэўны час жыла вядомая новасібірская панк-зорка Янка Дзягілева. Але паступова іх зносяць і будуюць стандартныя шматпавярховікі.

«Ня любім мы Маскву»

Новасібірск чысты, акуратны, але ўсё ж заўважна правінцыйны. Па вуліцах езьдзяць старыя праржавелыя тралейбусы, слупы залепленыя абвесткамі з прапановамі працаўладкаваньня ў Маскве і Пецярбургу.

«Масква забірае сабе ўсе рэсурсы, — працягвае жыхар Новасібірску Андрэй. — У савецкі час гэта ня так адчувалася, а цяпер моцна. Яны нават нам свой стары транспарт прадаюць. Раней бясплатна аддавалі старыя аўтобусы і тралейбусы, цяпер трэба іх набываць. У нас тут такія рэсурсы, такія прыбыткі, але ўсё ідзе ў Маскву, якая потым вырашае, колькі і каму выдзеліць. Ня любім мы Маскву».

У Новасібірску, упершыню за ўсю паездку, у мяне здараецца размова «пра Ўкраіну». У вакзальным буфэце за мой столік падсаджваецца выпадковы сусед. Расказвае, што едзе на вахту на Поўнач, дастае літровую банку моцнага піва.

«А, дык ты зь Беларусі? — раптам пытае ён. — Раскажы мне тады, як там ва Ўкраіне. Ці так, як нам па тэлевізары расказваюць, пра бандэраўцаў і фашыстаў? Не? Так я і ведаў, што п... ць».

Разьвітваючыся са сталіцай Сібіру, набываю на вакзале шклянку кедравых арэшкаў і саджуся ў цягнік да Екацярынбургу, адкуль паеду ў Казань. Дакладней, нават не ў Казань, а ў невялікі пасёлак Пячышчы на другім беразе Волгі.

Працяг будзе. У наступным расейскім рэпартажы чытайце, чаму мне трэба менавіта туды.

Папярэднія часткі сэрыі рэпартажаў можна пабачыць тут:

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Першы раз у Расеі. Уладзівасток, куды ня хоча ехаць Лукашэнка

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Першы раз у Расеі. «Беларус, гарэлку будзеш?» У пляцкартным вагоне па Трансьсібірскай магістралі

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Першы раз у Расеі. «А, ты рускі. — Ня рускі я. Зь Беларусі. — А выглядаеш як немец»

Последние новости