beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Политика

08.01.2020 14:09

1262 просмотра

0 комментариев

«Жыць захочаш — не так раскірачышся»

У бажніцы на праваслаўнае Раство Лукашэнка заявіў, што «будзе вельмі няпросты год. І нам трэба шмат зрабіць для таго, каб гэтак жа годна прайсці яго, захаваўшы нашу краіну, сваю незалежнасць». Хто замахваецца на краіну, ён не патлумачыў, але тут і тлумачыць няма чаго.

Ужо і сам Лукашэнка даўно не палохае народ, як у ранейшыя часы, «жахлівым монстрам NATO»: ну смешна, ну не коціць. Украіна? Тая сама баіцца, як бы з тэрыторыі Беларусі не ўдарыла яе ваенная саюзніца Расея.

А вось вам і адказ: па іроніі лёсу менавіта гэтая саюзніца і стала цяпер галаўным болем Менску. Менавіта з усходу прыляцеў чорны лебедзь, якога завуць «паглыбленнем інтэграцыі».

Страшней за ўсіх монстраў «найбліжэйшы саюзнік»

Паказальны штрых: калі прыбалты, палякі на ўсе лады зазываюць да сябе натаўскую падмогу, то беларускае кіраўніцтва рукамі і нагамі адбіваецца ад расейскай ваеннай базы. Таму што засвоілі крымскі ўрок: там менавіта база Чарнаморскага флоту Расеі стала плацдармам анексіі.

Больш за тое, у снежаньскім інтэрв’ю радыёстанцыі «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў адкрытым тэкстам: калі Расея паспрабуе парушыць суверэнітэт Беларусі, то «гэтага ўжо краіны NATO не перанясуць, таму што яны палічаць гэта за пагрозу ім».

Карацей, усё змяшалася ў доме Аблонскіх. Беларускі правадыр папярэджвае «бліжэйшага саюзніка»: лепш не лезь – і пры гэтым спадзяецца на дапамогу «жахлівага монстра», заходніх супастатаў, якіх дэманізаваў у пару ранейшага ідэалагічнага супрацьстаяння.

«Жыць захочаш – не так раскірачышся»

Так, некалі па частцы антызаходняй рыторыкі Лукашэнка даваў фору маскоўскім каршакам. Але добра было ругаць праклятых імперыялістаў, пакуль адчуваў сябе як у Хрыста за пазухай пад ядравым парасонам Расеі і з яе шчодрымі субсідыямі.

А цяпер Масква перастала даваць танныя нафту ды газ, крэдыты, затое ўзяла за горла патрабаваннем «паглыбіць інтэграцыю», у тым ліку ўвесці адзіную валюту і стварыць наднацыянальныя органы. Гэта пахне ціхім паглынаннем. І беларуская дыпламатыя яшчэ мацней стала налягаць на шматвектарнасць.

І вось ужо ў Менску прагна чакаюць дзяржсакратара ЗША Майка Пампэёў і нават асцярожна падтрымліваюць ЗША ў канфлікце з Іранам (хоць перш на глебе антыамерыканізму спрабавалі зблізіцца як раз з рэжымам аятолаў).

Не, беларускі правадыр ня перакаваўся у заўзятага дэмакрата і перакананага заходніка. Але суровыя рэаліі прымушаюць рабіць геапалітычны шпагат. Як у культавай кінакамедыі: «Жыць захочаш – не так раскірачышся».

Патрыятызм без разнарадкі не заахвочваецца

Больш за тое, у снежні па вуліцах Менску некалькі разоў бесперашкодна прайшліся ўдзельнікі акцый пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Іх не разганялі, пры тым што акцыі былі несанкцыянаванымі, а беларускія ўлады традыцыйна душаць вулічную актыўнасць.

Спачатку гэтая вольніца здзіўляла. Аглядальнікі загаварылі: гэтыя выступы выгадныя беларускаму кіраўніку, гэта козыр на перамовах з Уладзімірам Пуціным.


Акцыя 7 снежня ў Менску. Фота Viktor Drachev / TASS / Forum


Але потым усё стала на свае месцы: завадатарам і проста тым, хто трапіўся пад руку, сталі ляпіць адміністрацыйныя арышты і штрафы. Гэта судовы канвеер працягнецца і пасля праваслаўнага Раства. Паводле звестак праваабаронцаў, у бліжэйшыя тры дні адбудзецца не менш за 45 судовых пасяджэнняў. Прычым будуць судзіць і святара Віктара Кавалькова (айца Вікенція), і знакамітых літаратараў Уладзіміра Някляева, Уладзіміра Арлова, і іншых паважаных персон.

Іх «віна» у тым, што выйшлі на плошчу за незалежнасць. Тую самую, за якую патэтычна выступае і афіцыйны лідар. Але фішка ў тым, што выйшлі не спытаць. А гэтага наверсе страшна не любяць. Святар ты, паэт, ці хто, але павінен сядзець як мыш пад венікам. Такі беларускі парадак.

Рэжым баіцца прасунутай часткі ўласнага народа

Калі ж без іроніі, то ў гэтым драма сённяшняй Беларусі. Рэжым дагуляўся ў «братнюю інтэграцыю» да таго, што запахла паўзучай анексіяй. І па сумленні Лукашэнка мусіў бы прызнаць, што тыя, каго ён называў «пятай калонай», мелі рацыю на 120%, калі ўсё казалі: не можа быць раўнапраўнай інтэграцыі з імперыяй, рана ці позна яна выпусціць кіпцюры.

Але і цяпер, калі надышоў момант ісціны, шчыры, глыбінны патрыятызм гэтых людзей для забранзавелага правадыра ўсё роўна дыскамфортны. Таму што ён не вернападданніцкі. На тых жа снежаньскіх акцыях жорсткія словы гучалі не толькі ў адрас Масквы з яе вялікадзяржаўнымі замашкамі, але і ў адрас кіраўніцтва ўласнай краіны, чыя палітыка і завяла Беларусь у імперскую пастку.

Так што паводле логікі кіроўных вярхоў, лепш прыдушыць гэтую актыўнасць у зародку, а то як бы яна не набрала абароты як раз да прэзідэнцкіх выбараў. У тым жа інтэрв’ю «Эху Москвы» Лукашэнка паспрабаваў дыскрэдытаваць пратэсты супраць «паглыбленай інтэграцыі», назваў іх праплочанымі.

У гэтым і заключаецца драма моманту. Нават сёння, калі ўладам патрэбныя моцныя апоры для супрацьстаяння крамлёўскаму націску, аўтарытарны кіраўнік баіцца грамадзянскай актыўнасці перадавой, нацыянальна прасунутай часткі ўласнага народа. І гэта пагаршае рызыкі для беларускай незалежнасці.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Фота: president.gov.by

Последние новости