beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Политика

25.05.2020 20:42

566 просмотров

0 комментариев

Бешанковіцкія ідэолагі напярэдадні галоўнай палітычнай падзеі краіны

Адразу папярэджваю, што ў мяне існуе ўнутранае непрыняцце гэтай катэгорыі работнікаў. Я лічу, што яны наогул непатрэбныя ні нашай дзяржаве, ні нашай народнай гаспадарцы, ні нашым працоўным калектывам. Такая мая асабістая думка.

Пагадзіцеся, што надоенае на ферме малако аніякім бокам не звязанае з тым, прыязджала сюды ідэалагічная група да кароў ці не. А вось з сваечасовым кармленнем і даеннем надоенае малако звязанае непасрэдна.

У нашай жа дзяржаве чамусьці той, хто тлумачыць даярцы, якая ейная праца важная, атрымоўвае значна больш, чым сама даярка.

І на гэту вельмі адказную работу, па майму назіранню, ідуць браты, сваты, кумы тых, хто займае адказныя пасады... Адным словам, родныя тых, хто не вельмі ўважае брудную працу. Не хоча глытаць пыл на трактары, падымацца ні свет ні зара, каб падаіць кароў. Карацей, не з сошкай, а з лыжкай. Нашага брата, які арэ, сее, жне, доіць, туды не пусцяць за вярсту.

У Бешанковіцкім раёне, як у цэлым па Беларусі, ідэалагічнага актыву столькі, што яго збіраюць на нарады, каб распавесці, як яму трэба працаваць у вельмі складанай сучаснай абстаноўцы.
Адкрываючы такую чарговую нараду з бешанковіцкімі ідэолагамі, намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Заблоцкі адзначыў, што «менавіта ідэалагічная праца, ахопліваючы розныя аспекты жыцця чалавека, фарміруе грамадзяніна і патрыёта, неабыякавага да сучаснасці і будучыні як сваёй малой радзімы, так і краіны ў цэлым.»
Што ж, яму відней. Бо за 30 з гакам гадоў працы ў райвыканкамаўскіх органах ён засвоіў гэта на сваёй скуры. Заўважце, настаўнік па адукацыі, Мікалай Анатольевіч адпрацаваў па прафесіі літаральна некалькі гадоў, а далей сышоў у ідэалагічную сферу. Чаму, спытаеце вы? Мо не вельмі хацеў пісаць паўрочныя планы? Мо адчуў у сябе патрыёта, неабыякавага да сучаснасці? А мо болей за іншых адчуў, што наступіў адказны перыяд выбараў прэзідэнта? Гэта можа распавесці толькі ён сам.

На памянёнай сустрэчы ідэолагаў канстатавалі, што «сёння ідэолагі вырашаюць вялікае кола пытанняў. Гэта не толькі правядзенне дзён інфармавання, сустрэч з насельніцтвам, праца інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, але і замацаванне маладых спецыялістаў, арганізацыя работы грамадскіх аб’яднанняў, падпісная кампанія...»

Заўважце, што вялікае кола пытанняў пачынаецца з правядзення дзён інфармавання. Нібыта тыя бязмозглыя істоты, для якіх праводзяцца тыя дні, непісьменныя, не маюць мабільных тэлефонаў і не валодаюць інтэрнэтам, і іх конча патрэбна інфармаваць.

Ці не адзінае пытанне, якое па-сапраўднаму хвалюе працоўны люд у нашых калгасах і на прадпрыемствах такое: ЧАМУ НАМ ПЛАЦЯЦЬ ТАК МАЛА? І вось тыя, у каго гэтыя заробкі зашкальваюць, прыязджаюць да жабракоў і тлумачаць ім, колькі яны павінны араць і даіць, каб атрымоўваць дастойны заробак. Смех, ды й годзе!

Пра падпісную кампанію і гаварыць не варта. Але я скажу. Каб трымаць у раёне цэлую газету — свой рупар, райвыканкам навязвае кожнаму працоўнаму калектыву ейную падпіску. Хаця чытаць у той газеце (за вельмі рэдкім выключэннем) няма чаго. Бо акрамя назвы «газета» трэба мець яшчэ штат журналістаў, якія б без ідэалагічна выверанага чынніка змаглі б надрукаваць думкі простых людзей — кожнага грамадзяніна, хто хоча сказаць сваё слова, КОЖНАГА, без выбару.

Гэта і ёсць газета для народа, у якой кожны будзе мець права голасу і абмеркавання тых праблем, якія пакуль што абмяркоўваюцца толькі ў бытоўках і на кухнях. Тое ж, што нам падсоўваюць узамен — танная падмена, фальшыўка. Калі вельмі коратка, змест гэтай падмены прыкладна такі: «Вы — працуеце, мы — атрымоўваем дастойныя заробкі.»

Наша новая старшыня райвыканкаму Галіна Унуковіч лічыць, што асноўнай мэтай ідэалагічнай работы на месцах з’яўляецца згуртаванне працоўнага калектыву. Што ж, у добрым калектыве, дзе кожны адказвае за паплечніка, працуецца лягчэй. І паказьнікі там радуюць вока. Толькі ж зноў-такі, у добрым калектыве і заробкі павінны быць дастойныя ў кожнага сябра гэтага калектыва. Але ж тады нам не патрэбны ні штат ідэолагаў, які падымае іхні дух, ні дні інфармавання.
Патрэбна толькі справядлівасць і праўда, пра якія за апошнія 25 гадоў усе грунтоўна падзабыліся. А без гэтых двух складнікаў не дапаможа аніякі штат ідэолагаў, аніякая газета, аніякія нарады.
Г.Станкевіч.

Фотаздымкі з паседжання ідэолагаў з сайта газеты «Зара».



Последние новости