beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Спорт

18.02.2021 15:58

372 просмотра

0 комментариев

На небасхіле Бешанковіцкага раёна загарэлася біятлонная зорачка

У фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер— 2021», якія праходзілі ў Раўбічах, у спрынтарскай гонцы на 3 кіламетры другім фінішаваў Яўген Бурак, вучань 10-га класа бешанковіцкай СШ № 2.

Яўген жыве ў вёсцы Вярхоўе Бешанковіцкага раёна, дзе сярэднюю школу зачынілі гадоў пяць таму. Сёлета ён стаў пераможцам абласнога этапа спаборніцтваў «Снежны снайпер» і быў уключаны ў склад каманды Віцебскай вобласці для ўдзелу ў спаборніцтвах на ўзроўні рэспублікі.

Пасля гонкі Жэня даў інтэрв’ю карэспандэнту СБ:

— Вельмі рады, што сёння не падвяла стральба. Адстраляўся без промахаў, хоць на трэніроўках не заўсёды ўдавалася даць рады з вінтоўкай. Калі шчыра, разумею, што тое, што ў мінулым годзе фінальны этап адмянілі, для мяне нават да лепшага — тады я не быў так добра гатовы да спаборніцтваў, як цяпер. ;Удзельнічаю ў «Снежным снайперы» другі раз, і цяпер мне прасцей: адчуў нейкую ўпэўненасць у сабе. Пасля таго як трапіў у лік прызёраў, яе стала яшчэ больш, так што зараз наладжваюся на добрае выступленне ў эстафеце!

Раённая газета «Зара» пасля перамогі на абласным этапе распавяла пра юнака ў вялікім артыкуле, а ягоны вялізны партрэт размясціла на першай старонцы. Далей цытуем той артыкул.

«Сваю перамогу юнак падзяляе з настаўнікам фізічнай культуры Мікалаем Віктаравічам Ружынскім, які здолеў разгледзець тады яшчэ ў пяцікласніка Бешанковіцкай гімназіі спартыўныя дадзеныя для заняткаў лыжным спортам, адчуў яго волю да перамогі, прывёў свайго выхаванца да цяперашняга выніку. Мікалай Віктаравіч трэніруе Жэню ўжо больш за пяць гадоў. Калі зачынілі гімназію, яны разам перайшлі працаваць і вучыцца ў школу № 2.

— Ты жывеш у Вярхоўі, на заняткі і назад дабіраешся на школьным аўтобусе, калі знаходзіш час на трэніроўкі? — пытаюся ў дзесяцікласніка.
— У такія дні я адпраўляюся дадому апошнім рэйсам,— адказвае Жэня.— Абласныя, а тым больш рэспубліканскія спаборніцтвы моцна адрозніваюцца ад раённых. Там разам з табой на старт выходзяць годныя супернікі, самаўпэўненасць, калі яна ёсць, знікае ўмомант...

Такі адказ толькі пацвярджае сур’ёзнае стаўленне юнака да заняткаў фізічнай культурай і спортам, жаданне дасягаць пастаўленай мэты і, напэўна, самае галоўнае — не падвесці таго, хто верыць у яго,— свайго настаўніка.

Пра Мікалая Віктаравіча Ружынскага Жэня гаворыць з цеплынёй, адзначаючы лепшыя прафесійныя і чалавечыя якасці педагога. Кажа, што ён вельмі добры трэнер, граматны, вопытны, цудоўны чалавек, добры і строгі адначасова. Калі заслужыў, абавязкова пахваліць, ёсць недахопы — пакажа на іх, каб не было пралікаў у будучым.

За поспехамі Яўгена сочаць мама Жанна Валер’еўна і браты. Іх у Жэні трое. Рады перамозе свайго выхаванца і ў школе. Шчыра павіншавалі юнака аднакласнікі, сябры.
Права прадстаўляць родную Віцебшчыну на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў — вялікае дасягненне і яшчэ большая адказнасць. Сёлета ўдзельнікам «Снежнага снайпера» пашанцавала з надвор’ем — трэніравацца можна ў сапраўдную зіму.
За ўзнагароды ў рэспубліканскім фінале будуць змагацца самыя трапныя і самыя хуткія, таму наперадзе юнака і яго педагога чакаюць новыя трэніроўкі, новыя арыенціры.
У дарослым жыцці Жэня плануе стаць інжынерам-будаўніком, вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, а заняткі спортам кідаць не збіраецца."
http://www.gztzara.by/2021/02/evgenij-burak-uchenik-10-klasa-ssh-2-g-p-beshenkovichy-zanyal-pervoe-mesto-v-sprinterskoj-gonke-v-oblastnom-etape-respublikanskih-sorevnovanij-sredi-detej-i-podrostkov-po-biatlonu-cnezhnyj-snajper/

Последние новости