beshankovichy.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Экономика

14.02.2020 20:10

1510 просмотров

0 комментариев

Храналогія факапаў: з 5-гадовай затрымкай у Светлагорску ўсё-ткі запусцілі ЦКК

Аляксандр Лукашэнка на Дзень усіх закаханых займаецца, мабыць, самым улюбёным сваім заняткам: інспектуе чарговае прадпрыемства за мінскай кальцавой. Для работнікаў прадпрыемства і камунальнікаў населенага пункта, куды ён прыязджае, гэта яшчэ адна нагода праявіць сваю ўзаемную любоў да кіраўніка дзяржавы з венікам і/або валікам у руках.

Нічога асаблівага, проста сабака ў масцы / Еўрарадыё​

На цэлюлозна-кардонным камбінаце ў Светлагорску, які Лукашэнка ўдастоіў сваім візітам 14 лютага, ён наўрад ці знойдзе абасраных кароў. У афіцыйных паведамленнях пра візіт няма ні слова і пра смурод іншай уласцівасці: ад выкідаў у атмасферу, на якія скардзяцца мясцовыя актывісты. Гэта дзіўна, бо з самых першых запускаў вытворчай лініі каля трох гадоў таму па горадзе распаўсюджваецца водар "тухлай капусты" — і ніхто нічога не можа з гэтым зрабіць.

Сёння лінію па выпуску сульфатнай беленай цэлюлозы ўрачыста запусцілі — націсканнем на вялікую чырвоную кнопку. А мы вырашылі ўспомніць гісторыю факапаў, звязаную з запускам скандальнага "кітайскага завода".

Скрыншот

Храналогія няўдач

Завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ "Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат" з самага пачатку быў беларуска-кітайскім праектам. Яго кошт складаў каля $850 млн, з іх $654 млн — крэдыты Экспартна-імпартнага і Індустрыяльна-камерцыйнага банкаў Кітая. У кастрычніку 2010 года было падпісана пагадненне аб будаўніцтве завода з кітайскай карпарацыяй САМСЕ.

Узвядзенне цэхаў новага прадпрыемства пачалося ў 2012 годзе проста за агароджай старога камбіната. Завод павінен быў пачаць працаваць яшчэ ў 2015-м, аднак яго пробны запуск стаўся няўдалым. Чырвоную стужку і нажніцы прыйшлося адкласці да канца 2017 года.

Да гэтага моманту жыхары Светлагорска сабралі некалькі тысяч подпісаў супраць прадпрыемства. Актывісты звярталі ўвагу на нізкую якасць вытворчасці і наступствы для прыроды.

Работнік на хімічнай вытворчасці ў Светлагорску / Reuters

Апошняе кітайскае папярэджанне

З тых часоў у гісторыі завода пачынаюцца "смярдзючыя старонкі". Гараджане рэгулярна скардзяцца на едкі непрыемны пах. Яны заяўляюць, што ЦКК начамі выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы.

"Адбываюцца выкіды шкодных рэчываў і перш за ўсё — метылмеркаптану [бескаляровы атрутны газ з водарам тухлай капусты. — Еўрарадыё]. Ён вельмі шкодзіць здароўю дарослых і дзяцей. Любы жыхар Светлагорска вам скажа, што выкіды ёсць, яны моцныя і робяць іх уначы, калі людзі спяць", — расказвала ў гутарцы з карэспандэнтам Еўрарадыё мясцовая актывістка Алена Маслюкова.

"Наша прадпрыемства адпавядае самым высокім сусветным стандартам экалагічнай бяспекі. Кампанія, якая пастаўляла нам усё тэхналагічнае абсталяванне, — гэта найбуйнейшы сусветны вытворца", — апраўдваўся дырэктар Светлагорскага ЦКК Юрый Крук. Ён абяцаў, што агідны пах сыдзе "да канца студзеня [2018 г.] дакладна", але сітуацыя не змянялася.

У траўні 2019 года будаўніцтва завода праінспектаваў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас. Ён паскардзіўся на кітайскіх падрадчыкаў, якія зрываюць тэрміны і парушаюць інструкцыі. 2 жніўня на камбінаце заявілі аб намеры скасаваць кантракт з кітайцамі. А 15 жніўня канцэрн "Беллеспаперапрам" распаўсюдзіў заяву, што будзе завяршаць будаўніцтва самастойна.

Далей усё пайшло як па масле. Ужо ў лістападзе Дзяржпрамнаглядам было "выдадзена заключэнне аб адпаведнасці аб'екта будаўніцтва, які ўводзіцца ў эксплуатацыю, зацверджанай праектнай дакументацыі, патрабаванням бяспекі і эксплуатацыйнай надзейнасці". У ведамстве заявілі, што перашкод для ўвядзення ў эксплуатацыю завода не існуе.

Светлагорскі ЦКК / Радыё "Свабода"

"Разборкі былі жорсткія"

14 лютага на сустрэчы з калектывам Светлагорскага ЦКК Аляксандр Лукашэнка шмат гаварыў пра экалогію. "Цяпер усе жывуць экалагічнымі праблемамі, таму мы не можам быць убаку, — цытуе кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Калі мне далажылі, што тут дрэнна пахне, разборкі былі жорсткія".

Сёння едкага паху тухлай капусты ён усё ж такі не ўчуў. Кіраўніцтва інспектаванага прадпрыемства можа выдыхнуць. Магчыма, нават без наяўнасці метылмеркаптану ў лёгкіх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

https://euroradio.fm/hranalogiya-fakapau-z-5-gadovay-zatrymkay-u-svetlagorsku-usyo-tki-zapuscili-ckk

Последние новости